Па выніках галасаваньня прафэсійнага журы прэмію «Кніга году» і 1000 эўра атрымала паэтка Наста Кудасава за зборнік вершаў «Маё невымаўля».
Гэтая кніга атрымала 21 голас, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле вынікаў галасаваньня прафэсійнага журы, якое складаецца з пісьменьнікаў і паэтаў, аўтараў кніжак, другое і трэцяе месца з 16 галасамі падзялілі кнігі Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» і «Бэзавы і чорны» Альгерда Бахарэвіча.
У народным галасаваньні за «Кнігу году» перамагла кніга Андруся Горвата «Радзіва Прудок». У першую тройку ўвайшлі таксама «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі» Ўладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава і «1813» Уладзімера Садоўскага.
На прэмію ПЭН-цэнтра «Кніга году» літаратары вылучылі 48 кніг, сярод іх было абрана 15, якія згадваліся найчасьцей. Кнігі на прэмію намінавалі толькі пісьменьнікі, з іх складу і было ўтворана журы. У той жа час на старонцы kniha.of.by кожны чытач мог стаць удзельнікам народнага журы і прасунуць у топ рэйтынгу свайго любімага аўтара.