Давыдзька нагадвае мне майго суседа дзядзю Славу.
Прачытаў, што Давыдзька прапанаваў забараніць каментары на сайтах СМІ. Давыдзька нагадвае мне майго суседа дзядзю Славу.
Жыў у маім доме такі дзядзя Слава. Ён не піў, не курыў, раз на год ездзіў на мора. Браў з сабой у цягнік тапачкі, шахматы, электрабрытву, варанае яйка, соль у карабку ад запалак, хустачку для носа.
На моры дзядзя Слава надзяваў паласатыя плаўкі і хутка знаходзіў іншага дзядзю Славу ў паласатых плаўках (яны чамусьці адчуваюць адзін аднаго). І два дзядзі Славы сядалі на гарачы ўкраінскі пясок, раскладалі шахматную дошку і размаўлялі пра беларускую прамысловасць пасля распаду СССР.
Потым яны вярталіся дадому.
У кожнага дзядзі Славы дома ёсць паяльнік. У мяне таксама дома ёсць паяльнік, але я ім не карыстаюся. Ён у мяне проста ёсць па нейкай інэрцыі. А дзядзі Славы ўвесь час штосьці паяюць. Прывяжуцца да нягожага прыёмніка і паяюць яго. Паяюць і паяюць, паяюць і паяюць. Паяюць і паяюць. Усё даўно скончылася, а яны паяюць. Паяюць і паяюць. Паяюць і паяюць.
Андрусь Горват, «Фэйсбук»