Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Трэба мець упартасьць і не падпарадкоўвацца сыстэме»

10.04.2017 политика
«Трэба мець упартасьць і не падпарадкоўвацца сыстэме»

Дзевяць фактаў пра Ніну Багінскую.

70-гадовая Ніна Багінская штодня выходзіць з будынку КДБ з бел-чырвона-белым сьцягам ці плякатам. «Радыё Свабода» пагутарыла з легендарнай беларускай змагаркай і сабралі дзевяць цікавых фактаў пра яе.

31 сакавіка падчас акцыі каля КДБ

Пашыла больш за сотню бел-чырвона-белых сьцягоў

«На Дзяды 1988 году, калі быў вялікі разгон, я ўбачыла гэты сьцяг. Спалучэньне бел-чырвона-белых колераў было ўласьцівае нашай вышыўцы, і гэтае спалучэньне ўзьняла мой дух. Я ўмею добра шыць і пачала шыць сьцягі сябе і сваім сябрам. Я не лічыла колькі пашыла, але напэўна больш за сто сьцягоў будзе. Спачатку іх забіралі, нават кралі міліцыянты. Але тканіна ёсьць, можна купіць і зноў пашыць.

Падыходзіць тонкая тканіна пад артыкулам „падкладачная“. Белая і чырвоная. Прапорцыі — адзін на два — шырыня і дзьве даўжыні. А ў залежнасьці ад памеру крояцца палосы і сшываюцца.

2010 год. Курапаты

Былі маленькія і вялікія сьцягі, на крыжы іх вешалі і ўшаноўвалі труны выдатных дзеячаў. Бел-чырвона-белы сьцяг быў ля труны Васіля Быкава, а раней ля труны Стэфаніі Станюты. Там былі мае, і іншыя сьцягі. Са Стэфаніяй Станютай мы разьвіталіся ў тэатры Янкі Купалы, я падышла да труны са сьцягам, і адна зь яе родных падзякавала мне за тое, што я прыйшла са сьцягам. Я лічу гонарам мець такі сьцяг у руках».

У Івана-Франкоўску студэнткай адчула сорам, што не размаўляе па-беларуску

«Я атрымала адукацыю швачкі-матарысткі, а потым — вышэйшую адукацыю геоляга. Тады ў Беларусі не было геалягічнага факультэту, і я ўехала вучыцца ў Івана-Франкоўскі інстытут нафты і газу. Там упершыню я адчула сорам, што не валодаю добра беларускай мовай. Упершыню я пачала размаўляць па-беларуску, калі пачалося Адраджэньне. Люблю цытаваць Алеся Гаруна: «Мне чужога ня трэба, мне сваё трэба, каб захавалася».

Дзень Волі-2006. Ніна Багінская. Фота Яўгена Ацецкага

Пра рэпрэсіі сталінскага часу даведалася ад бацькоў, якія сябравалі зь Мікалаем Бірылам

«Я расла ў гарадзкой абстаноўцы, бацькі гаварылі па-расейску, але ў іх былі сябры, якія гаварылі па-беларуску. Мама заўсёды была ў захапленьні ад размоваў з мовазнаўцам Мікалаем Бірылам. Маці тлумачыла мне, што пасьля рэпрэсій 1930-х гадоў людзі абачліва ставіліся да беларускай мовы. Мама расказвала, што размова па-беларуску магла выклікаць падазрэньне, што ты нацдэм.

Мая бабуля — 1885 году нараджэньня, бацька — 1906-га, а маці 1913-га, яны расказвалі мне, як усё адбывалася ў Расейскай імпэрыі, як людзі ішлі да сьвятла, а іх ганілі за гэта».

Заўсёды лічыла, што трэба перамагаць не гвалтоўна, бяз зброі ў руках

«Павінна перамагаць дабро, а не зло. Тая ж дыктатура павінна не дубасіць людзей, а ладзіць зь людзьмі. Я з амонаўцамі размаўляю, саромлю іх: «Што ж вы ставіцеся так да сваіх людзей, якіх павінны абараняць? Вы абараняеце не людзей, а чыноўнікаў». На гэта яны маўчаць, бо ім няма чаго сказаць. Яны такім чынам зарабляюць грошы. Таму я іх называю здраднікамі, янычарамі. А некаторыя нават мяне выпраўляюць. Часта бывае, што замест слова «трэба», я скажу «надо». Яны схамянуцца: «Бачыце, вы самі не валодаеце беларускай мовай добра». А я ім на гэта кажу: «Мне ня сорамна, зь мяне гэтую мову вынішчалі, але ж я імкнуся яе вывучыць».

Раіць сябрам не плаціць штрафы і не падпарадкоўвацца сыстэме

«Кожны чалавек можа нешта зрабіць. Я не пнуся ў лідэры, але напэўна сваёй упартасьцю я таксама паказваю прыклад людзям. Я ні зь кім не лаюся. Абражаць нельга нават злачынцаў, бо яны таксама людзі. Трэба ўпарта і шчыра ім казаць праўду і не баяцца гэтага. Менавіта шчырасьць — моцная. Але ж трэба мець упартасьць і не падпарадкоўвацца гэтай сыстэме. Я кажу маім сябрам — не плаціце штрафы, не падпарадкоўваецеся сыстэме. Пры гэтым я разумею, што мне прасьцей, бо для моладзі гэта больш складана.

Дзень Волі, 25 сакавіка 2017 году.

На пэўны час трэба абвясьціць агульны байкот, толькі так мы зьменім дзяржаву. 1991 годзе, як тры заводы застрайкавалі, не выйшлі людзі на працу, так улада камуністаў і ляснулася. І цяпер, калі мы хочам зьмяніць уладу і калі мы ўсе абвесьцім байкот, то і ўлада зьменіцца. Калі маеш магчымасьць — не гвалтоўна выхадзі на пікеты... Схопяць чалавека, але куды ім падзецца — адпусьцяць».

Унучку затрымалі разам зь ёй на Дзень Волі

«25 сакавіка маю ўнучку, Яну Бязьлюдаву, таксама пасадзілі за краты. Яна ў дэкрэтным адпачынку, а яе пасадзілі ў турму на Акрэсьціна на 2 ночы. У мяне ёсьць сын і дачка. Дачка мае двух дзяцей, так у мяне ўжо двое ўнукаў, цяпер і ўнучка нарадзіла дзіця, а ўнук пайшоў у войска. А сын яшчэ халасты, чакаю нявестку. Мой муж памёр ужо даўно. Яму было 74 гады. Ён быў старэйшы за мяне на 13 гадоў. Быў прафэсійным спартоўцам, косьці ня вытрымалі, зрабілі апэрацыю на нагах, каб сустаў памяняць, але ж ён не перажыў.

Ня мае мабільнага тэлефону і не карыстаецца інтэрнэтам

«Адчуваю я сябе адносна нармальна. Канечне, ёсьць старэчыя хваробы, але ж супраць хваробаў ратаваньне — рух і праца. Хто заляжа ў старым узросьце, ужо не паднімецца. Таму да апошняга дыханьня і сэрцабіцьця трэба рухацца і працаваць.

У мяне дрэнны зрок, я не магу глядзець ні мабільнік, ні інтэрнэт, нават тэлевізар. Я выпісваю газэты „Новы час“, „Нашу Ніну“, „Наша слова“. Адтуль даведваюся ўсю інфармацыю, у мяне шмат сяброў, якія паведамляюць мне, што дзе адбываецца... Я не пакутую, а лічу слушным, калі чалавек працуе ня толькі для сябе, але дапамагае і грамадзтву, бо ад гэтага залежыць лёс маіх дзяцей і праўнукаў. Часам мне кажуць: „Ты — старая, сядзі і ўсё будзе добра“. Як будзе добра? Як я магу добра пачувацца, калі пры да нас расейскае войска можа прыйсьці на вучэньне і застацца тут, а нашых хлопцаў пагоняць абараняць межы Расеі?»

Лічыць, што баяцца памерці лайдакі, якія ўсё жыцьцё прагулялі

«Я баюся паміраць лежачы. Не хачу ляжаць і паміраць доўга. Я маю пэўныя прыклады сваякоў, што ляжалі гадамі. Не, я не хачу так. Сьмерці не мінаць. Калі я памру вельмі старой, нямоглай, папрацую, складу рукі і скажу: „Усё я зрабіла, можна і памерці. Кропка“. Баяцца памерці лайдакі, якія ўсё жыцьцё прагулялі, нічога не зрабілі, старыя хлопчыкі ці дзяўчынкі, якія не нагуляліся за ўсё жыцьцё. Ім страшна паміраць, бо што яны зрабілі ў жыцьці? Ніхто пра іх добрага слова ня скажа. Ёсьць сумленьне і сорам. Чалавек не павінен жыць толькі дзеля сябе, у пустэчу. Я не хачу, каб мяне катавалі, забівалі, але мне шкада іншых людзей, таму я выхаджу на мітынгі...».

Разам з Ганнай Шапуцькай у Курапатах

The code has been copie

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]