Знакаміты беларус распавёў, як захаваць родную мову і патрыятызм насуперак усім гістарычным катаклізмам.
Адзін з самых старых беларусаў у сьвеце, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, жыў у Польшчы, ЗША, Нямеччыне, ніколі ня меў беларускага грамадзянства, але да 107 гадоў захаваў родную мову і беларускі патрыятызм, Барыс Кіт на сотую гадавіну бурлівых падзеў 1917 году падзяліўся са «Свабодай» успамінамі пра некаторыя падзеі ХХ стагодзьдзя, сьведкам якіх ён быў.
Пра рэвалюцыю і пераварот
«У Петраградзе 100 гадоў таму былі дзьве рэвалюцыі. Адна рэвалюцыя дэмакратычная, якую я бачыў, а другая камуністычная, якую ніхто ня бачыў, бо гэта быў пераварот.
У лютым 1917 году я быў маленькі, мне было 7 гадоў. Мама мая неяк кажа: хадзем паглядзім дэманстрацыю. Наша сям’я ў 1917-м у Петраградзе жыла на вуліцы Шамшава, што выходзіла на Вялікі праспэкт, па якім ішла дэманстрацыя. Там былі ўсе: і камуністы, і некамуністы. Мы выйшлі з мамай на гэты праспэкт, пабачылі гэтую рэвалюцыю. Але я быў маленькі хлопчык, і ў мяне ногі замерзьлі. Я кажу: „Мамачка, пойдзем дахаты, я не магу вытрываць“. І мы вярнуліся дахаты.
У кастрычніку камуністы ашукалі народ: замест таго каб падпісаць Канстытуцыю новай дзяржавы, падагналі „Аўрору“ і зрабілі пераварот. Наступствы гэтага наша сям’я адчула, як усе людзі. Мы ратаваліся ад голаду. Страшэнны голад панаваў у краіне, і мой бацька кожны дзень хадзіў рыбу лавіць. Было штораз горш і горш. Мая мама была расейка, яна езьдзіла ў сваю вёску на Волзе і прывозіла прадукты. Але гэта тады было пад забаронай, то яна зашывала муку ў вопратку, і гэтым выратавала сваю сям’ю».
Пра пераезд у Беларусь
«Болей мы не маглі вытрымаць у Петраградзе, паехалі на бацькаву радзіму, пад Наваградак. Калі мы пераехалі ў Беларусь, то ў нас нічога не было, нашая мясцовасьць трапіла ў цэнтар баёў Першай сусьветнай вайны. Там таксама не было чаго есьці. Пэўны час мы і там галадавалі. Мой бацька спачатку працаваў парабкам у пана, а пазьней, паколькі ён быў здольны чалавек, то яго прызначылі кіраўніком усяго панскага маёнтку.
Я далучыўся да беларускага руху ад малога, спачатку пайшоў у беларускую гімназію, пасьля ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні стаў настаўнікам беларускай гімназіі і яе дырэктарам, сам гадаваў беларускую грамадзкасьць. За беларускую дзейнасьць я быў адзін раз арыштаваны польскімі ўладамі, але каротка, хутка мяне адпусьцілі, бо нічога не расказаў на допытах».
Пра Браніслава Тарашкевіча
«Я вельмі добра ведаў Браніслава Тарашкевіча. Гэта быў незвычайны чалавек, беларускі патрыёт, слынны грамадзкі дзяяч. Ён камуністам ня быў, але камуністы яго выкарысталі. Беларусам патрэбныя былі саюзьнікі супраць польскай улады, то камуністы ім крыху дапамагалі. Гэта быў іншы час. Камуністы яшчэ не былі такімі, якімі пазьней сталі, у той час яны ўдавалі, што быццам бы дапамагалі беларусам. За што польскія ўлады арыштоўвалі Тарашкевіча? Беларусы пачалі вялікі грамадзкі рух, быў такі выбух у народзе, і польскія ўлады, якія лічылі, што беларусаў няма, арыштоўвалі за беларускую дзейнасьць.
Пазьней Тарашкевіч паехаў у СССР, бо паверыў, што нібыта Саветы дапамагалі беларусам, і там загінуў страшнай сьмерцю».
Пра месяц у камэры гестапа
«Падчас Другой сусьветнай вайны я неяк ехаў цягніком дахаты. На станцыі Каралеўшчына, дзе была перасадка, прыйшла нямецкая паліцыя і мяне арыштавалі. Пасадзілі ў турму, у якой я сядзеў 30 дзён. І кожную раніцу выклікалі людзей на расстрэл. У камэры было 30 чалавек, зь якіх 25 расстрэльвалі штоноч, 5 заставаліся, і сярод іх я. Потым прыганялі новых. Цэлы месяц кожны дзень я чакаў сьмерці. Мяне выратаваў мой вучань, які працаваў памочнікам нямецкага гебітскамісара. Ён пайшоў да яго і сказаў: „Патрабую адпусьціць майго настаўніка“. І мяне выпусьцілі з турмы».
Пра Амэрыку і справу жыцьця
«Я ў Амэрыцы зрабіў вялікую справу, я дасьледаваў вадкі вадарод як паліва, на якім амэрыканцы паляцелі на Месяц. Гэта было самым важным у маім жыцьці, дзякуючы таму, што мне ўдалося пераехаць у Амэрыку. Калі б застаўся ў СССР, то ўжо даўно мяне не было б. Маса людзей тады ўцякла, усе мы выратаваліся ад камунізму. Калі я прыехаў у Амэрыку, то шмат дапамагаў іншым беларускім уцекачам, я дапамог прыехаць у ЗША тысячы беларусаў. Я заснаваў цэлую беларускую калёнію ў горадзе Саўт-Рывэры, быў старшынём гэтай калёніі, пазьней яна пашырылася і разбагацела.
У сваім жыцьці я нікому не зрабіў нічога кепскага. Маё сумленьне чыстае. Я заўсёды быў настаўнікам, выкладаў вучням і студэнтам. Гэта высакародная прафэсія».
Пажаданьне беларусам
«Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, вельмі дрэнна. Таму што няма ніякай дэмакратыі, а калі няма дэмакратыі, то няма людзкага жыцьця. Дыктатура не зьяўляецца нечым добрым для чалавецтва.
Беларусам ХХІ стагодзьдзя я жадаю не забыць сваёй беларускасьці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма.
Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я ня здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў, і зрабіў так, што я не памёр дасюль».
Барыс Кіт — беларускі асьветнік, амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў лютаўскую рэвалюцыю 1917 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазьней Наваградзкай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША.
Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднаньняў. Выгадаваў двух сыноў — Уладзімера, які працаваў у кіраўніцтве амэрыканскага касьмічнага агенцтва НАСА (8 гадоў таму памёр), і Віктара, хірурга ў Балтыморы.
Апошні час Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне ў прытулку для састарэлых, пасьля пералому шыйкі сьцягна хадзіць ня можа, рухаецца на інвалідным вазку.
Барыс Кіт зьяўляецца самым старым чалавекам у Франкфурце-на-Майне, што засьведчылі гарадзкія ўлады.