Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мінскія праграмісты стварылі сэрвіс, што вызначае ўсе беларускамоўныя месцы паблізу

11.12.2017 общество
Мінскія праграмісты стварылі сэрвіс, што вызначае ўсе беларускамоўныя месцы паблізу

Акрамя таго, у праграме пазначаныя месцы, дзе беларускамоўным наведнікам прапануюць зніжкі за мову.

І цяпер ім патрэбныя людзі ў каманду, якія б маглі дапамагаць пашыраць мапу беларускамоўных кропак па ўсёй Беларусі, дадаваць тыя, пра якія вядома, і ствараць новыя. Прапаноўваць кавярням ды рэстарацыям міні-размоўнікі, каб афіцыянты ды адміністратары маглі адказаць па-беларуску хаця б на элементарныя пытанні ды пажадаць беларускамоўнаму чалавеку «смачна есці!», піша nn.by.

Гаворка пра новы сайт Say.by, што запрацаваў у лістападзе. У яго ёсць і мабільнае прыкладанне. Фішка ў тым, што гэты сэрвіс адразу пытаецца вашу геалакацыю і прапануе ўсе месцы непадалёку, якія падтрымліваюць беларускую мову, дзе могуць адказаць па-беларуску і дзе шчыра рады бачыць беларускамоўных. Калі вы не хочаце здаваць праграме сваё месцазнаходжанне, то не праблема, проста тады вам давядзецца шукаць тое, што для вас цяпер актуальна, уручную.

Акрамя таго, тут пазначаныя месцы, дзе беларускамоўным наведнікам прапануюць зніжкі за мову. Гэтыя пункты на мапе маюць дадатковую зорачку, таму арыентавацца вельмі проста.

Цяпер на сайце сабраныя амаль 100 месцаў, дзе падтрымліваюць беларускую мову. Яны зручна падзеленыя на раздзелы: ежа, паліва, адукацыя, аўтатранспарт, выдавецтвы і паліграфія, дом і побыт, інтэрнэт, фінансы і вытворчасць, турызм і забавы, прыгажосць і здароўе. Але стваральнікі найперш цяпер зацікаўленыя ў тым, каб развіваць і насычаць раздзел «Ежа». Бо дзе, як ні ў кавярні ці рэстарацыі, канцэнтруюцца людзі.

Хто і як усё гэта прыдумаў

Рухавік Say.by — Аляксандр Шастаковіч, цяпер ён працуе кіраўніком аддзелу па распрацоўцы праграмнага забеспячэння ў адной з мінскіх IT-кампаній.

«Я размаўляю па-беларуску ўжо дзесьці гады чатыры. Я заўсёды сімпатызаваў беларускай мове і лічыў, што людзі, якія размаўляюць па-беларуску, класныя — кажа Аляксандр. — Я жыву па прынцыпе, што трэба ўвесь час працаваць над сабой. А гэта ў тым ліку і пераход на беларускую мову. Было не вельмі проста, але я рабіў гэта паэтапна. Спачатку мы пачалі размаўляць у сям’і, каб крыху патрэніравацца, а потым прызначылі сабе дату, калі цалкам пяройдзем на беларускую мову».

Ідэя стварыць сайт, дзе былі б сабраныя выключна тыя месцы, якія падтрымліваюць беларускую мову, прыйшла Аляксандру тры гады таму, калі кампанія «А-100» перайшла на яе цалкам.

«У мяне даўно быў сайт з каталогам прадпрыемстваў, я ствараў яго ў якасці дыпломнай працы ў 2005 годзе, — распавядае Аляксандр. — Гэты сайт быў беларускамоўны, на ім штодзень рэгістравалася дзесьці па пяць кампаній, але ніякага фільтру адносна мовы не было. Я спачатку думаў дапрацаваць сайт так, каб рэгістравацца на ім маглі толькі тыя кампаніі, якія падтрымліваюць беларускую. Але зразумеў, што трэба шмат што правіць, бо тэхналогіі сышлі далёка наперад, і пачаў рабіць усё па новай».

Пасля да Аляксандра далучыўся яго былы калега Міхаіл Касцюковіч, што захапіўся ідэяй і захацеў напісаць для сайта мабільнае прыкладанне. Потым — Юры Смірноў, што ўзяўся спраграмаваць, як будзе працаваць функцыя геалакацыі.

«Бліжэй да запуску мы пабачылі, што запусціўся аналагічны сэрвіс Nabyvaj.by, над якім працавалі Алесь Лагвінец і Пятро Маркелаў. Мы прапанавалі ім аб’яднацца, сталі адной камандай. Нядаўна да нас далучылася выбітная дызайнерка Каця Шавель, сталі прыходзіць людзі, гатовыя быць перамоўцамі і размаўляць з кампаніямі, — працягвае Аляксандр. — Мая маці дапамагае, яна дамаўляецца з рознымі месцамі. Мы ж і не палітычныя, і не камерцыйныя, наша місія больш культурніцкая. Але калі я кудысьці тэлефаную, дзе рашэнне прымае хтосьці больш сталага пакалення, ён не заўсёды можа мяне правільна зразумець. У адрозненні ад маёй маці Вольгі Васільеўны, якая размаўляе з ім на адной мове».

Як каманда Say.by беларусізуе кампаніі

Гэта найперш задача тых самых перамоўцаў, якія прыходзяць альбо тэлефануюць у кавярню, рэстарацыю ці яшчэ кудысьці і прапануюць ім абслугоўваць беларускамоўных кліентаў па-беларуску. Паколькі міні-размоўнік ужо распрацаваны, зрабіць гэта пры жаданні не цяжка. Затое тады гэтае месца трапляе на сайт і прыкладанне Say.by і, адпаведна, можа пашырыць сваю аўдыторыю.

Перамоўцаў на дадзеным этапе ініцыятыве вельмі не стае, асабліва не ў сталіцы. Гэтыя людзі цяпер вельмі патрэбныя. Трэба дадаць, што ўся каманда працуе цалкам бясплатна, за ідэю, робяць яны гэта ў вольны ад асноўнай працы час.

Схема перамоў з прадстаўнікамі бізнэсу ўжо распрацаваная, застаецца толькі браць і карыстацца.

Аляксандр кажа, што не ўсе перамовы заканчваюцца паспяхова. Часам з адным адміністратарам дамовяцца, а другі пра тое ні сном ні духам. Але з такімі месцамі каманда працягвае працаваць.

«Тая ж рэстарацыя — гэта не адзін чалавек. Гэта некалькі змен афіцыянтаў, адміністратараў і гэтак далей. Усё вельмі залежыць ад людзей. Некаторыя месцы ўжо самі рабілі спробы перайсці на беларускую мову, але гэта ў іх, напрыклад, не атрымалася ці атрымалася часткова, — тлумачыць Аляксандр. — Але некаторыя месцы, да прыкладу, «Кухмістр», «Лаўка», «Дэпо», самі распрацоўвалі размоўнікі. Цяпер свой размоўнік хоча зрабіць і «Грай»».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]