Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Перамагчы «азіёпу»

19.01.2018 общество
Перамагчы «азіёпу»

Гэта будзе самае вялікае нашае дасягненне за апошняе стагоддзе.

Аналізуючы лад тутэйшага жыцця, прыйшоў да высновы, што мы знаходзімся не ў Еўропе, а ў «азіёпе». У спалучэнне зліліся словы: «азія» і «еўропа», якія пішу не з вялікай літары, бо маю на ўвазе не кантынент, а толькі заганныя звычкі яго насельнікаў.

У адрозненне ад геаграфічнай назвы «Еўразія» на першае месца паставіў «азію». Падкрэсліваючы гэты аспект, ні ў якім разе не хачу абразіць або прынізіць сучасных азіятаў. Проста даследчыкі-этнографы канстатуюць, што ў іх генетыцы выяўляюцца рысы заваёўнікаў: агрэсіўнасць, жорсткасць, прымяненне грубай сілы.

Ужываючы слова «азіятчына», звычайна маюць на ўвазе «запазычанне элементаў культуры даіндустрыяльных азіяцкіх народаў», якія чужыя, нетыповыя і непрыдатныя для еўрапейцаў.

Аўтарытарны кіраўнік нашай краіны і яго падручныя любяць заяўляць, што Беларусь знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы і нават пазначаюць канкрэтную кропку на карце. Але гаварыць — гэта адно, а жыць згодна еўрапейскіх дэмакратычных нормаў — зусім іншае.

Сапраўды, знешне беларусы нібыта не адрозніваюцца ад суседніх народаў. Кардынальнага адрознення ў дарогах, забудове гарадоў і пасёлкаў, у адзенні і абутку няма. Але гэта якраз той «прыгожы малюнак», на які купляюцца многія еўрапейцы. Выявіць сутнасць нашай сітуацыі дапамагае ёмкая цытата з энцыклапедычнага слоўніка («Академик»): «Аднак дастаткова зазірнуць за гэты еўрапейскі «фасад» — і адразу ж трапіш у чысцейшую «азіятчыну».

Пасля публікацыі важных архіўных дакументаў я негатыўна стаўлюся да палітыка У. Леніна, які раней, чым дыктатар І. Сталін, выявіў пачварную антычалавечнасць, крыважэрнасць, аддаючы загады пра расстрэлы апанентаў, але ў розуме яму не адмовіш і з гісторыі не выкінеш. Пакарыстаюся яго вядомым выказваннем: «Кадеты (скарочаная назва сяброў расійскай Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі. — С. З.) мечтали об освобождении от крепостничества, произвола, самодурства, азиатчины, самодержавия без свержения старой власти».

Ленін даў характарыстыку ладу, які існаваў у царскай Расіі. Але паглядзіце, як дакладна кладзецца яна на цяперашнюю Беларусь. Усе пералічаныя адмоўныя рысы сёння ў наяўнасці!

Хлусня, несумленнасць, грубае самавольства, сілавое прыбіранне палітычных канкурэнтаў былі закладзены ў падмурак аўтарытарнай дзяржавы, якую мы маем. Яна стваралася не толькі з парушэннем юрыдычных законаў, але і агульнапрынятых нормаў чалавечых паводзін.

Амаральнасць у грамадстве стала такой звыклай, што мы нават яе не заўважаем. Пра гэта піша папулярны ў народных масах паэт І. Губерман:

Забавно, как тихо и вкрадчиво

Из воздуха, быта, искусства —

Проникла в наш дух азиатчина

Тяжелого стадного чувства.

Грунт для функцыянавання «азіёпы» стварае аўтарытарны рэжым, які не кіруецца Канстытуцыяй і заканадаўствам, зганяе пры дапамозе адміністратыўнага рэсурсу і страху насельніцтва ў нямы статак, пастаянна парушае правы і свабоды чалавека, зневажае яго гонар і годнасць. Але нельга ўсе заганы ў нашым жыцці спіхваць толькі на ўладу.

Па вялікім рахунку сутнасць праблемы палягае не столькі ў тых, хто прарываецца на начальніцкі верх, а ў самім народзе, які не хоча быць самастойным, баіцца браць адказнасць за ўласны лёс і будучыню краіны на сябе, займаецца татальным «пафігізмам». Калі людзей задавальняюць хлуслівыя, рэтраградныя, абыякавыя да выканання сваіх абавязкаў кіраўнікі, то гэта азначае, што яны і самі грашаць тым жа. Недахопы хаваюцца ў характары канкрэтнага чалавека.

Каб убачыць «азіёпу», далёка ісці не трэба. Выходзіш на вуліцу і заўважаеш рамонтнікаў, якія знайшлі і раскапалі месца чарговага прарыву трубы. У яме працуе адзін рабочы з рыдлёўкай, а вакол яе стаіць 10 дробных і вялікіх начальнікаў, якія даюць «каштоўныя парады». Такі малюнак паўтараецца з дня ў дзень бясконца.

Шмат гадоў агітавалі насельніцтва за акуратны збор смецця ў асобныя кантэйнеры. Нарэшце людзі зразумелі важнасць гэтай справы і пачалі выконваць патрабаванні. Але раніцай пад’язджае смеццезборнік—і ўсё старанна раскладзенае ляціць у агульную кучу.

У многіх сем’ях не вучаць дзяцей культурным паводзінам. А таму «азіёпа» ў быце зашкальвае. Пенсіянеры каля дома робяць клумбы для кветак, а дзяцюк, які жыве на трэцім паверсе, кідае з балкона на ўскапаную зямлю недакурак. На заўвагу, што культурны чалавек так ніколі не робіць, ён рэагуе цынічна, па-хамску: «А на х… мне вашы кветкі!»

У пад’ездзе мужчына паліць цыгарэту. Жанчына з дзіцячай каляскай, якая праходзіць міма, ушчувае яго. У адказ чуе: «Дома не магу, жонка лаецца».

Чырванатвары мужычок, які вяртаецца дахаты на добрым падпітку, на чужой лесвічнай пляцоўцы крадком жлукціць піва, а затым спакойна кідае бутэльку за вазоны з кветкамі і, задаволена пагладжваючы аб’ёмны жывот, ідзе «здавацца» грознай гаспадыні.

Чаму ў нас не карыстаецца павагай прафесія настаўніка? Не толькі па прычыне нізкай аплаты надзвычай высакароднай працы. Педагогі цяпер сталі папіхачамі, імі затыкаюць усе дзіркі: ад збору подпісаў за прэзідэнта на выбарах, удзелу ў выбарчых камісіях, запаўнення гледачамі залаў на спартыўных спаборніцтвах і да збору ў школьнікаў... экскрэментаў на аналізы.

Пры аўтарытарызме развіццё краіны адбываецца ў двух кірунках: яна вельмі марудна рухаецца ў прагрэсіўную будучыню, але больш хутка адбываецца адкат у былое цемрашальства. Расійскі палітолаг В. Жаркоў назваў такі стан спаўзаннем «во тьму азиатчины и новой версии военного коммунизма».

Для пацвярджэння гэтай важнай думкі наглядным дапаможнікам выступаюць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, прытым не толькі старыя — перыядычны друк, радыё і тэлебачанне, але і параўнаўча новы інтэрнэт. З ужытку ніяк не выводзіцца рабскае пакланенне якойсьці чыноўнай асобе. Ліслівасцю, сагнутасцю перад «вялікімі начальнікамі» вызначаюцца многія публікацыі, тэлеперадачы, паведамленні на сайтах. Нават у «Клубе вясёлых і знаходлівых», які павінен вызначацца дасціпнасцю, тонкім гумарам, каманды з Беларусі адкрытым тэкстам «ліжуць» адыёзную ўладу, а замест жартаў часта гучыць банальная пошласць.

Нядаўна беларускае тэлебачанне пачало выдаваць у эфір яшчэ адну праяву «азіёпы». Аказваецца, галоўнай падзеяй 2018 года ў нашай краіне становяцца выбары кандыдаткі на конкурс «Міс свету», а сама яна атрымае статус вялікага нацыянальнага набытку. Што тут скажаш? Бясконцае мільгаценне на экране афіцыйных асобаў, прылашчаных імі прыгажунь, паточаных моллю спевакоў і клоўнаў даўно сплялося ў дзікунскую фантасмагорыю…

На ваенных вучэннях «Захад - 2017» беларускія і расійскія вайскоўцы вялі баявыя дзеянні супраць армій умоўных варожых дзяржаў (Вейшнорыя, Весбарыя, Лубен). Каб апраўдаць прымяненне сілы, аўтакраты, якія імкнуцца захаваць уладу, заўсёды шукаюць непрыяцеляў як унутры краін, так і за межамі. Не маючы іх, можна і прыдумаць.

Але ў беларусаў ёсць рэальны небяспечны вораг. Калі мы адолеем тутэйшую «азіёпу», то гэта будзе самае вялікае нашае дасягненне пасля Перамогі над гітлераўскай Германіяй у незабыўным 1945 годзе.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]