У Мiнску адчынілася фотавыстава Петрыка Таранды.
Петрык Таранда (1921 – 2001) не быў прафесійным фатографам, а здымаў па-аматарску жыццё вакол сябе – сваякоў з вёсак Ляхавіцкага раёна, калег са швейнай фабрыкі ў Баранавічах, пiша nv-online.info.
Фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе, захоўваліся ў пляменніка фатографа Міколы Таранды, выкладчыка Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кіраўніка культурна-гістарычнага аб“яднання «Паходня». У спадара Міколы застаўся багаты архіў не толькі фотаздымкаў, але і магнітафонных запісаў з расповядамі пра тагачаснае жыццё. Яны ляжалі і чакалі свайго часу, пакуль Мікола Таранда не звярнуўся да гарадзенскай фотамастачкі Наталлі Дораш, каб аблічбаваць плёнку. Так і паўстала гэтая выстава.
З уступным словам выступіў фотамастак, кіраўнік партала ZNYATA Валерый Вядрэнка.
«Тут няма ніякай ідэі, якую трэба адсочваць, — кажа Валер Вядрэнка. — Мы проста знаёмім вас з новым чалавекам, які абавязаны, на мой погляд, заняць месца ў гісторыі беларускай фатаграфіі. Чаму я так думаю? Здымкі, прадстаўленыя тут, з 50-60-ых гадоў, якія ёсць, напэўна, ўва ўсіх дамашніх альбомах. Усе такое бачылі: як правіла, такія фота не выходзяць за інтарэсы сям’і, сваякоў і блізкіх людзей – тая самая аматарская фатаграфія для сябе. На першы погляд, гэтыя фота такія ж… Але калі больш глядзіш на яго здымкі, то разумееш, што тут ёсць дзіўны аўтарскі погляд, якога няма ў большасці фатаграфій таго часу.»
«Адкуль ён мог ведаць, што такія фатаграфіі будуць некаму цікавыя? Камусьці іх надрукаваць? Ён рабіў іх для сябе. І таму рабіў без выбачэнняў. Ён наўрадці ведаў, што адбываецца ў фатаграфіі таго часу, што здымаюць еўрапейскія фатографы… Але не мог не здымаць — гэта той выпадак, калі чалавек, што называецца, прыроджаны фатограф…»
Мікола Таранда распавёў пра жыццё свайго дзядзькі, поўнае прыгодаў, ваенных і любоўных гісторый, праз якія мы бачым сапраўднага «запявалу» і душу кампаніі, які «жыў, як хацеў, і менавіта гэта падкупае».
Пабачыць фотавыставу можна ў галерэі TUT.by да 16 лютага.