Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Не варта прыбядняцца

06.11.2010 политика
Не варта прыбядняцца

Яшчэ ніколі не далучаліся да палітычнага працэсу столькі мужных, рашучых людзей, гатовых ісці да канца.

Тыдзень пачынаўся шыкоўна. Гэта быў сапраўдны прарыў на заходнім напрамку. Адразу два міністры замежных спраў наведалі правіцеля. Нямеччына і Польшча сінхранізавалі свае дыпламатычныя намаганні. І паспрабавалі пераканаць яго, што самыя лепшыя выбары – дэмакратычныя. Візіт далёка не шэраговы. Ва ўсякім разе, з Берліну ўрадовец такога ўзроўню не наведваў Беларусь ужо шмат гадоў.

Падчас падзей вялікіх недзе на іх перыферыі здараюцца і іншыя, не надта прыкметныя. Але і ў іх ёсць пэўны сімвалічны сэнс. Як і ў тым, што адбылося на сталічнай плошчы Перамогі ў дзень візіту Гіда Вестэрвэле і Радаслава Сікорскага.

Мінакі, якія выходзілі з метро або стаялі на аўтобусным прыпынку недзе а другой палове дня маглі пабачыць невялічкі, аднак даволі характэрны інцыдэнт. Па сутнасці, дробязь.

Завылі раптам сірэны міліцэйскіх машын, і з боку плошчы Якуба Коласа з’явіўся афіцыйны картэж. Ён упэўнена акрэсліў парабалу, абмінаючы манумент, і ўжо збіраўся скіравацца на вуліцу Захарава. Аднак на тым павароце нечакана ўзнікла пробка. З боку лінгвістычнага ўніверсітэту рухаўся і быў спынены паток машын. А па той паласе, якая была патрэбна картэжу з нямецкімі сцяжкамі, спяшаліся пакінуць плошчу два ці тры выпадковыя аўтамабілі. Аднак ім зрабіць гэта чамусьці не дазволілі. А ўслед нямецкаму прыладкаваўся ўжо і картэж польскі. З машыны міліцэйскага эскорта нейчы сталёвы голас ужо настойліва загадваў няведама каму: “Давай направо! Направо, тебе говорят!”

А ў зоне непаразумення – ніякіх зрухаў. Нейкі самотны рэгуліроўшчык мітусіўся між тых злашчасных машын і бязладна махаў паласатым жэзлам. Недарэчная сітуацыя пагрозліва перарастала ў непажаданы інцыдэнт. Але ў той самы момант, пачуўшы ці то нейкую каманду, ці нават голас уласнай інтуіцыі, рэгуліроўшчык пакінуў праезджую частку. Сышоў. І машыны, якія ўтварылі затор, раз’ехаліся амаль імгненна. Вызвалілі дарогу. Ніякіх цудаў – правілы вулічнага руху ведае кожны. Праз нейкі момант плошча жыла ўжо ў сваім звыклым рытме.

Хіба гэта не знак нябёсаў? Наконт таго, як развязаць у цэнтры Еўропы закарэлы вузел невырашальных палітычных праблем. Мітусліваму чалавеку з кіраўнічым жэзлам трэба проста сысці. Вызваліць дарогу. Інакш ніякія каманды, просьбы і мудрыя парады не дапамогуць. Як толькі ён апынецца на ўзбочыне, краіна выйдзе з тупіка. І не спатрэбіцца ў пажарным парадку дасылаць сюды тандэм міністраў, каб улагодзіць напярэдадні выбараў канфлікты, якіх у еўрапейскай краіне ўвогуле не павінна быць.

Падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні міністры дакладна акрэслілі патрабаванні Еўразвязу. Пра накірунак таго дыялогу міністр замежных спраў Нямеччыны Гіда Вестэрвэле выказаўся даволі канкрэтна. “Сёння была вельмі шчырая размова з кіраўніком беларускай дзяржавы, падчас якой я сказаў, што дарога Беларусі ў Еўропу ідзе праз мост, а гэты мост стаіць на чатырох апорах: дэмакратыя, прававая дзяржава, правы чалавека, свабодныя і справядлівыя выбары”.

Дарэмна некаторыя нашы аналітыкі паспяшаліся засведчыць поўны правал пакрокавай стратэгіі Брусэлю па дэмакратызацыі апошняй дыктатуры кантынента. Спробы ператварыць драпежніка ў рахманае ягня доўжацца і сёння. Хіба што з пэўнымі карэктывамі. Замест ранейшых дванаццаці ўмоў прызнання легітымнасці дыктатарскай улады цяпер узгадваюць чатыры апоры, на якіх нібыта будзе збудаваны для яго мост у цывілізаваны свет. Пытанне толькі ў тым, ці падаліся недаверліваму правіцелю гэтыя апоры пасля іх істотнага колькаснага скарачэння дастаткова надзейнымі і больш прывабнымі. Падобна на тое, што пэўны кампраміс паціху ўсё ж тут наспявае. Выказванне польскага міністра Радаслава Сікорскага на гэты конт сумневу амаль не пакідае. Правіцель нібыта пакляўся, “што выбары будуць чэснымі”.

Да таго ж і ягоныя ўласныя выказванні – у тым жа накірунку. Магчыма, і яму даўно абрыдла незайздросная роля апошняга дыктатара: “Нам не нужно проводить выборы, которые будут поставлены под сомнение международным сообществом”. Нічога нечаканага. Сумны досвед апошніх год красамоўна сведчыць пра тое, якія велізарныя сродкі патрабуюцца для падтрымання далейшага жыцця гэтага рэжыму. Спроба вырашыць праблему з дапамогай палітычных вычварэнцаў, раскіданых па свеце, вынікаў істотных не дае. Рэальныя і немалыя грошы па-ранейшаму прыходзяць са старой Еўропы. І канфлікты з ёю сёння дорага каштуюць.

На перамовах у Мінску была агучана лічба магчымых еўрапейскіх прэферэнцый і крэдытаў, якімі можна будзе скарыстацца ў тым выпадку, калі тутэйшым бокам будзе таксама ўхвалены метафарычны праект моста на чатырох апорах. Гэта ажно тры мільярды еўра. Правіцель цудоўна разумее, што збудаванне тое рэжым ягоны не ўмацуе. Але катастрафічна патрэбны грошы. А таму ён касцьмі ляжа, а мільярды абяцаныя паспрабуе здабыць. Тым болей, што на шляху да іх не такая ўжо істотная перашкода. Еўропа хоча, каб прэзідэнцкія выбары былі дэмакратычнымі? Ды калі ласка! Мастацтва імітацыі дасягне найвышэйшага ўзроўню. Нават камар носа не падточыць.

Новай стадыяй дыктатарскай гульні з Еўропай беларускаму грамадству проста грэх не скарыстацца. Замест запланаванай загаддзя гульні ў дэмакратыю яно магло б навязаць рэжыму свой сцэнар выбараў па еўрапейскіх стандартах. Як яно зрабіла гэта ўжо на першым этапе выбарчай кампаніі. Апазіцыя выдатна скарыстала нават тыя нязначныя саступкі, на якія вымушана была пайсці ўлада падчас збору подпісаў у падтрымку кандыдатаў.

Ні адна з папярэдніх выбарчых кампаній не стварала столькі непрадказальных варыянтаў, як гэта. Яшчэ ніколі не далучаліся да палітычнага працэсу столькі мужных, рашучых людзей, гатовых ісці да канца. Не страціць бы ў нашых вечных ваганнях і сумных роздумах і гэты відавочны шанс. Смешна нам зноў і зноў спадзявацца на чужога дзядзьку, папракаць замежных міністраў за іх нерашучасць у вырашэнні нашых уласных праблем. Не варта прыбядняцца. Калі грамадства сапраўды хоча вызваліцца ад ганебнай дыктатуры, яно скарыстае кожную магчымасць.

І пытанне сёння зусім не ў тым, ці зможам мы перамагчы. Яно хутчэй у іншым: а ці патрэбна нам свабода?

Адкажа на яго ўжо гэты снежань.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]