Амаль усе сьвятары гаварылі з паствай па-беларуску.
Намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў ня згодны са сьцьверджаньнямі, што ў XVIIІ стагодзьдзі выкарыстаньне беларускай мовы цалкам спынілася.
Гісторык адказаў на пытаньні «Радыё Свабода» пра вынікі яго дасьледаваньняў гісторыі Ўніяцкай царквы ў XVII-XIX стагодзьдзях.
— 21 лютага, у дзень роднай мовы, вы прачыталі ў Менску лекцыю пра выкарыстаньне беларускай мовы ва Ўніяцкай царкве ў XVII- XVIIІ стагодзьдзях. Наагул, у сваіх навуковых артыкулах вы аналізуеце пераважна захаваныя службовыя дакумэнты — памяньнікі (суботнікі, сынодзікі, дыптыхі), стаўленыя граматы, акты візытацый цэркваў і мэтрычныя кнігі. А што мы можам гаварыць пра неафіцыйную сфэру выкарыстаньня беларускай мовы ва Ўніяцкай царкве, напрыклад, XVIII стагодзьдзі? Ці ўжывалася беларуская мова ў казаньнях, у школах?
— Гэта вельмі цікавае пытаньне. Я даўно займаюся гэтай праблемай. Некалі я паглядзеў на працы папярэднікаў і ўбачыў, што да вывучэньня гэтага пытаньня не было навуковага падыходу.
Хтосьці паказваў дакумэнты, перапіску, нейкія іншыя сьведчаньні пра тое, што дакумэнтацыя вялася на польскай мове і на гэтай падставе сьцьвярджаў, што ва Ўніякай царкве панавала польская мова.
Дзяніс Лісейчыкаў (зьлева) атрымлівае прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру з рук Уладазімера Арлова (у цэнтры) і Андрэя Хадановіча (справа). 2016 год.Зь іншага боку, хтосьці выхопліваў два-тры сьведчаньні, што чалавек карыстаўся простанароднай гаворкай ці ў царкве, ці ў кантактах з паствай, і на гэтай падставе казаў, што ва Ўніяцкай царкве выкарыстоўвалася толькі беларуская мова.
Я падумаў, што трэба знайсьці апору на нейкія масавыя крыніцы, не абавязкова са справаводчай сфэры, якія б дапамаглі вызначыць пэўныя рэгіянальныя асаблівасьці. Можа недзе часьцей простая беларуская мова выкарыстоўвалася, недзе радзей, а недзе наагул выйшла з ужытку.
Мы прывыклі лічыць, што ў гісторыі беларускай мовы ёсьць такая чорная дата — 1696 год, калі пастановай Усеагульнай канфэдэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай афіцыйнае выкарыстаньне нашай мовы было забаронена. Насамрэч, гэта толькі такая канкрэтная дата, у наступныя гады тое-сёе яшчэ вялося па-беларуску.
Мэтрычная кніга ўніяцкай парафіі мястэчка Узда Менскага пав. 1716 г. Аб шлюбаваных. Кідаецца ў вочы блізкасьць рукапіснага шрыфту да друкаваных выданьняў Францішка Скарыны XVI стагодзьдзя. Фота Дзяніса ЛісейчыкаваТаму я вызначыў кола масавых крыніц, якія могуць адлюстроўваць выкарыстаньне або папулярнасьць беларускай мовы. На падставе гэтага мне ўдалося вызначыць пэўныя рэгіёны, дзе мова бытавала ў XVII- XVIIІ стагодзьдзях і дзе гэтая традыцыя не перапынялася.
— У сваіх працах вы сьцьвярджаеце, што нягледзячы на палянізацыю, якая зайшла вельмі далёка ў XVIIІ стагодзьдзі, на поўдні менскай япархіі, на турава-пінскім і мазырскім Палесьсі беларуская мова ва Ўніяцкай царкве захоўвалася. Вы таксама пішаце, што выкарыстаньне «рускай» мовы, напрыклад, на тытульных лістах мэтрычных кніг у XVIII стагодзьдзі практыкавалі менавіта адукаваныя сьвятары. З гэтага можна зрабіць выснову, што такое выкарыстаньне не было вынікам малой адукацыі. Але тады што гэта было? Нейкая праява нацыянальнай сьвядомасьці або вернасьць традыцыі?
— Мы не задумваемся пра тое, што наша сьвятарства — гэта адзіны цалкам пісьменны тагачасны стан. Калі нават сярод шляхты не было 100-працэнтнай пісьменнасьці, то сьвятарства было цалкам пісьменнае.
І вось чым больш адукаваны быў сьвятар, чым больш ён меў стасункаў з кнігай, чым больш чытаў, тым больш блізкі ён быў да кніжнай культуры — бачыў, напрыклад, як гэтыя кнігі аздабляюцца. Кніжная кірылічная культура займала ў жыцьці сьвятара значнае месца — і ў працы, і ў вольны час. Таму сьвятары самі або з дапамогай мастакоў афармлялі адпаведным чынам тытульныя лісты мэтрычных кніг.
— Вы пішаце, што некаторыя сьвятары пакідалі ў мэтрычных кнігах народныя прымаўкі. У якім кантэксьце гэта рабілася і ці можаце прывесьці прыклады?
— Справа ў тым, што мэтрычныя кнігі, як, дарэчы, і друкаваныя, вельмі часта ў тыя часы выкарыстоўваліся проста для нейкіх зацемак — для напамінку, для жарту. Прычым гэтак выкарыстоўваць кнігі мог ня толькі сьвятар, але і ягоныя дзеці, якія рабілі такім чынам «першую спробу пяра».
Я вось памятаю запіс: «За жбанам, за кустом уладыка божы сядзеў...»
Або маглі прывесьці цытату зь вершыка простанароднага.
Або вось у мэтрычнай кнізе царквы ў Віцькаўшчыне Менскага павету была запісана песьня на гутарковай мове, прысьвечаная сьвятому Мікалаю. Прычым, яна была запісаная ў мясцовым варыянце. Я бачыў у інтэрнэце, што яна пазначаецца, як украінская народная песьня. А вось у нас бытавала такая самая, толькі зь некаторымі адрозьненьнямі ў некаторых куплетах.
Таксама гэта маглі быць падлікі грошай або нейкія рэфлексіі на сямейныя адносіны. Памятаю, адзін сьвятар напісаў, калі памерла яго маладая жонка, поўны роспачы і сьлёз тэкст.
Так што часта кнігі выкарыстоўваліся як дзёньнікі.
— А ці трапляліся вам нейкія літаратурныя творы?
— Аўтарскія, хіба, не, не прыгадваюцца. З таго, што памятаю, хіба тая песьня пра сьвятога Мікалая.
— Я зноў вяртаюся да пытаньня, наколькі традыцыя выкарыстаньня беларускай мовы была ўсьвядомленаю. Вось ваша выснова ў адным з артыкулаў: «Такім чынам, асяродзьдзе ўніяцкага духавенства заставалася носьбітам пісьмовай русчызны, у аснове якой у вялікай ступені ляжала жывая традыцыя, а ня проста стандартызаваны фармуляр». Гэта азначае, што яны заставаліся сьвядомымі носьбітамі беларускай мовы ў жыцьці?
— Безумоўна. Тут ёсьць два аспэкты.
Па-першае, гэтую гаворку захоўвалі вымушана, калі ўзровень адукацыі быў нізкі. Амаль усе сьвятара гаварылі з паствай па-беларуску. Але быў такі падзел — з вышэйшым кіраўніцтвам трэба было гаварыць на больш шляхетнай мове.
Мы сустракаем у дакумэнтах візытацыяў, калі царкоўны чыноўнік піша, што спачатку зьвяртаўся да сьвятара па-лацінску, пасьля па-польску, а ён «на ўсе мае пытаньне адказваў як просты селянін».
Так што існавала традыцыя — з прадстаўніком япіскапа трэба гаварыць на больш шляхетнай мове. Зрэшты, нават і ў такіх выпадках маглі выкарыстоўваць беларускую мову, але гэта было аб’ектыўна — у выпадку нізкай адукацыі чалавека.
Мэтрычная кніга царквы вёскі Азяраны Пінскага пав. 1748 г. Аб ахрышчаных. Фота Дзяніса ЛісейчыкаваДругі аспэкт, гэта калі само кіраўніцтва царквы, самі мітрапаліты, разумелі неабходнасьць захаваньня гэтай мовы — «русчызны». Я маю на ўвазе, найперш, мітрапаліта Лява Кішку, які распрацаваў Катэхізіс на рускай (старабеларускай) мове, дзе прапісаў канкрэтныя моманты, як яны павінны гучаць на гэтай мове. Кішка намагаўся ўсімі шляхамі гэтую «русчызну» падтрымаць.
Мы нават бачым, што многія мэтрычныя кнігі пачыналі весьці ўжо па-польску, а пасьля праходзіць генэральная візытацыя, прыяжджае прадстаўнік япіскапа, і кнігі зноў пачыналі весьціся па-старабеларуску. Тут мы бачым разуменьне важнасьці захаваньня сваёй ідэнтычнасьці з боку царкоўнай герархіі.
— А ці ёсьць у архіўных дакумэнтах нейкія сьведчаньні пра мову казаньняў ва Ўніяцкай царкве?
— У дакумэнтах канца XVIIІ і пачатку ХІХ стагодзьдзў часам прыводзяцца цытаты прамоваў сьвятароў у царкве падчас казаньня. Там я сустракаў такія словы, як «сябар». Аўтары таго дакумэнту аналізуюць слова «сябар» і пішуць, што яго ня варта было ўжываць, але сьвятар ня ведаў адпаведніка і выкарыстаў.
— У адной са сваіх прац вы робіце такую выснову: «Асобныя прыклады паказваюць, што і на астатніх тэрыторыях нават у 30-я гады ХІХ ст. прадстаўнікі ўніяцкага духавенства пры неабходнасьці былі ў стане са стэнаграфічнай дакладнасьцю зафіксаваць на пісьме жывую гутарковую мову». Выглядае, што беларускамоўныя дакумэнты ва Ўніяцкай царкве ствараліся і ў першай трэці ХІХ стагодзьдзя — гэта значыць да самай яе забароны расейскімі ўладамі.
— У тым артыкуле гаворка вялася пра два пратаколы допыту сьведкаў у 1830 годзе, складзеныя цалкам на беларускай мове лацінскай графікай. Падзеі адбываліся на тэрыторыі парафіі вёскі Гаравец Барысаўскага павету Менскай губэрні.
Сьвятар-інспэктар вырашыў запісваць паказаньні сьведкаў па справе аб неналежных паводзінах аднаго сьвятара. І вось замест таго, каб перакладаць паказаньні на польскую мову, ён вырашыў іх запісваць з стэнаграфічнай дакладнасьцю на той мове, на якой гаварылі сьведкі — па-беларуску, лацінкай.
Сьведкамі былі сяляне, дзяк. І мы бачым, што іх мова практычна нічым не адрозьнівалася ад той беларускай мовы, якую мы ведаем па мастацкіх творах таго пэрыяду.
Факт такога выкарыстаньня мовы сьведчыць, што беларуская гаворка ўспрымалася вельмі лёгка і вельмі лёгка магла выліцца на пісьме — для гэтага не была патрэбная нейкая адмысловая падрыхтоўка. Графіка тагачаснай польскай мовы вельмі добра падыходзіла для перадачы гукаў нашай мовы.
Мэтрычная кніга царквы вёскі Людзяневічы Мазырскага пав. 1760 г. Аб шлюбаваных. Фота Дзяніса Лісейчыкава— Калі падсумаваць вашы высновы, то можна сказаць, што і ў XVII, і ў XVIIІ, і ў ХІХ стагодзьдзях беларуская мова ў жыцьці Ўніяцкай царквы захоўвалася?
— Безумоўна. Можна нават сказаць шырэй, што традыцыя так званай «русчызны» перакрочвала межы царкоўнай дакумэнтацыі.
Яна скрозь праз захаваньне беларускіх формаў імёнаў ідзе ў інвэнтарах. Калі мы паглядзім інвэнтары з канца XVI да першай паловы ХІХ стагодзьдзя, то ўсе імёны перадавалі ў народнай форме. Трэба было чалавека ідэнтыфікаваць і ніхто ня думаў, што імя трэба запісваць паводле сьвятцаў. Гэтыя традыцыі праходзяць праз цэлы шэраг дакумэнтаў.
Няма такога, што, маўляў, пасьля 1696 году ўсё XVIIІ стагодзьдзе было глухое і цёмнае, і што традыцыя ўжываньня старабеларускай мовы абрываецца, а пасьля ўзьнікае ўжо новая беларуская літаратурная мова. Насамрэч, проста ня ўсе віды дакумэнтаў гэта адлюстроўваюць. Тым ня менш гэтая пераемнасьць выразна прасочваецца.
— Значыцца, можна казаць, што менавіта Ўніяцкая царква захавала ў сваёй практыцы народныя формы імёнаў?
— Так, так. Гэта было і ў Праваслаўнай, і ва Ўніяцкай цэрквах. Але проста з увагі на тое, што Ўніяцкая царква была пануючай, яна і захавала ўсе сапраўдныя, аўтэнтычныя формы народных імёнаў.