Напачатку 1990-х гадоў ААН выпусціла паштоўку з выявай бел-чырвона-белага сцягу.
Паштоўкі заўсёды з’яўляліся не толькі арыгінальным і прыгожым відам мастацтва, але і каштоўнымі гістарычнымі дакументамі. Сярод выпушчаных паштовак беларускімі эмігрантамі ў розных краінах свету ў ХХ стагоддзі, былі і паштоўкі, прысвечаныя 25 Сакавіку і Беларускай Народнай Рэспубліцы, паведамляе «Радыё Рацыя».
Першая паштоўка, прысвечаная Першаму Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі з’явілася ў Берліне ў 1919 годзе. На паштоўцы адлюстраваны фотаздымак, на якім мы пазнаем А. Бурбіса, І.Сераду, Я.Варонку, В.Захарку, А.Смоліча, П.Крэчэўскага, К.Езавітава, А.Аўсяніка і Л.Зайца. Паштоўку “пісульку” выпусціла таварыства імя Францыска Скарыны.
У Коўне ў 1920-я гады выйшла паштоўка “Беларускі нацыянальны штандар”, якую выпусціла таварыства імя Францыска Скарыны. Друкаваў паштоўку нехта Марголін у друкарні на Гарадзенскай вуліцы.
Беларус Ян Пятроўскі ў 1948 годзе выпусціў у горадзе Лінц (Аўстрыя) выпусціла паштоўку “Найлепшыя пажаданні на Дзень 25 Сакавіка”.
Згуртаванне беларусаў Канады ў 1950-я гады выпусціла паштоўку” Уздымем яго высока…”(малюнак Пётры Мірановіча), прысвечаную 25 Сакавіка. А Уладзімір Пелясы ў 1950-я гады выпусціў паштоўку “Пётра Крэчэўскі. Старшыня Рады БНР”.
Рада БНР у 1998 годзе ў ЗША надрукавала паштоўку “25 Сакавіка – БНР 1998”. ААН у серыі “Сцягі” напачатку 1990-х гадоў выпусціла паштоўку “Сцяг Беларусі” з выявай бел-чырвона-белага сцягу.