Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сяргей Харэўскі: Хадзеце, хадземце разам у БНР!

17.03.2018 политика
Сяргей Харэўскі: Хадзеце, хадземце разам у БНР!

Той, хто выправіцца ў падарожжа ў БНР, застанецца там назаўжды!

Кніжная сэрыя «Радыё Свабода» папоўнілася новым выданьнем. Гэта архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі.

Прага да падарожжаў — адна з самых беларускіх мараў! Міколкі-паравозы ды хлопчыкі зь лётчыкамі заўжды марылі прадзіравіць роўнядзь школьных картаў. Пагатоў, хто ж ня марыў зьдзейсьніць падарожжа ў часе, каб паблукаць па гулкіх вулках родных гарадоў, паветра якіх яшчэ не было атручанае аўтамабільным куродымам.

Менавіта ў такое падарожжа зацягвае нас Сяргей Шупа, укладальнік фундамэнтальных тамоў «Архіваў БНР». Разам зь ім чытачы, нібы стоячы на далёкіх берагах часу, вылоўліваюць бутэлькі з пасланьнямі і прагна кідаюцца нагбом чытаць поўныя драматычных прыгодаў пасланьні зь іншага сьвету. Сьвету, што быў рэальнасьцю стагодзьдзе таму. А калі нарадзілася пакаленьне аўтара гэтае кнігі, то для сотняў тысячаў беларусаў тыя падзеі яшчэ былі неадрыўнай часткаю іхных біяграфіяў.

Гэтая непрыдуманая кніга, напісаная такім тэлеграфным стылем, хоць сапраўды, закаркоўвай па старонцы ў бутэлькі ды кідай у акіян часу! З таго акіяну мы ловім лёсы нашае тагачаснае інтэлігенцыі, лепшых людзей нашага народу — паэтаў, земляробаў, афіцэраў, сьвятароў... Іх жыцьцё непарыўна зьнітавалася з нацыянальным адраджэньнем, што несла свабадалюбны патас, ідэі гуманізму і справядлівасьці, сацыяльнае роўнасьці і народнага абуджэньня.

Героі БНР абралі сабе няпросты лёс, многія — пакуты, а многія — сьмерць, але ня кінулі свой народ і сваю зямлю. Яны былі адказнымі летуценьнікамі. А таму, згадваючы іхную самаахвярнасьць тады, мы мусім шанаваць іх сёньня і працягваць іхную працу, скарыстаўшыся чарговым шанцам, што дорыць нам гісторыя! У іх тады мала што атрымалася ўрэчавіць на зямлі, але іх ідэі не прапалі, зерне чакала свайго часу.

Той, хто выправіцца ў падарожжа ў БНР, застанецца там назаўжды! Кожны тут зможа выбраць сабе любімага героя — паноў Скірмунта ці Вітана-Дубейкаўскага, айцоў Гадлеўскага ці Абрантовіча, Луцкевіча ці Цьвікевіча, і пайсьці іхнымі шляхамі. Можна выбраць сабе сваё месца на мапе, але чаго зьмяніць нельга — гэта правілаў гульні. Бо, ўсе, хто браў чынны ўдзел у той вялікай эпапэі, прайшлі сваё зямное падарожжа па-рознаму...

Хадзеце, хадземце разам у БНР!

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» адбудзецца у Менску, 20 сакавіка (аўторак) у Культурным інкубатары Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак у 19.00, і ў Горадні, 23 сакавіка (пятніца) у этнакраме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3), пачатак у 18.30.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]