Чаму важна правядзенне Марша годнасці і волі 25 сакавіка.
Адзін з лідэраў БНК, паэт і кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў ў інтэрв’ю «Народнай Волі» узгадаў, як святкавалі 75 угодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і правёў паралелі з сённешнімі падзеямі:
— Я вельмі добра, нібы гэта было ўчора, памятаю 25 сакавіка 1993 года. Дзень Волі, 75-годдзе БНР. Тады таксама на сцэне спявалі, каля сцэны танцавалі, за сцэнай прадавалі і куплялі сувеніры, але запомнілася, як свята, шэсце. Тая энергія, тая сіла, той рух, тая бел-чырвона-белая вольная плынь, якой, здавалася, не будзе спыну, якая цякла і цякла па Мінску, па ўсёй Беларусі. І было высокае, якое проста захлынала, адчуванне Волі. І Воляй дыхалася, як вясновым паветрам.
Паперадзе была ідэя, а не тое, што яе абрамляла. І праз 25 гадоў усе (падкрэсліваю: усе!) сябры аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР прагаласавалі за гэткі ж фармат святкавання юбілейнага Дня Волі, падаўшы адпаведную заяўку ў Мінгарвыканкам. Дамовіліся настойваць на шэсці і канцэрце, ні ў чым не саступаць. Галасаваннем абралі людзей, якім даручылі перамовы з уладай. Паціснулі адзін аднаму рукі — і адразу ж пасля гэтага адны за спінамі другіх збегалі ў Мінгарвыканкам, прынялі прапанову ўлады адмовіцца ад шэсця ўзамен на канцэрт…
Некаторыя пасля тэлефанавалі (намеснік старшыні партыі БНФ Янукевіч нават у эфіры «Еўрарадыё» са мной спрачаўся): вось вы звінавачваеце нас у подласці, здрадзе, а гэта аптымальнае, найбольш мэтазгоднае рашэнне. Я адказваў, што яно магло быць такім, калі б нехта з вас перад тым паведаміў: «Мы перадумалі, у нас іншая пазіцыя. Мы ідзём дамаўляцца без вас». Калі ласка. Дык не: спачатку ўпотай збегалі (бо ўлада паклікала: «Вы лепшыя за тых»), а пасля ўжо загаварылі пра мэтазгоднасць.
— А хіба вы ўпершыню ў палітыцы сутыкаецеся з падобным?
— Не ўпершыню. І заўсёды ў апазіцыйным асяродку гэта апраўдваецца нейкай палітычнай логікай. Пра маральны чыннік ніхто ўжо й не кажа, ён як бы і не заўважаецца. Але не ўсімі…
Вось журналіст Сяргей Навумчык тактоўна нагадаў журналісту Юрыю Зісеру, што не толькі ў цяперашнім, але і ў папярэдніх аргкамітэтах былі людзі без ніякай нянавісці. Сябрамі аргкамітэту па святкаванні 75-годдзя БНР былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч… І давайце ўявім, што Быкаў з Барадуліным і Гілевічам дамовіліся, па-мужчынску паціснуўшы рукі, пра нешта адно, а потым нехта з іх, напрыклад, Гілевіч за іх спінай дамовіўся пра іншае. Ну, дапусцім, пра той жа канцэрт, бо на канцэрце песні ягоныя спяваць будуць — і ён ганарар за гэта займее. І хто пасля гэтага паціснуў бы пададзеную ім руку?..
А цяпер і пацалаваць могуць.
Сяброў ранейшага аргкамітэта ў падобнай сітуацыі немагчыма ўявіць. А цяперашняга — магчыма. Вось у чым праблема, а не ў канцэрце ці шэсці, на якім я асабіста (з улікам варункаў, якія склалася ў краіне і вакол яе) асабліва і не настойваў.
У перамовах аргкамітэта з уладай апошняя была ў слабой пазіцыі. У сказе «Дазволіць нельга забараніць» – коску паставіць пасля слова «нельга» яна проста не магла. Таму й пачаліся павароты, перамовы… І калі б сябры аргкамітэта дзейнічалі салідарна і годна, мы б мелі ў юбілейны Дзень Волі і шэсце, і канцэрт, і мітынг. А так маем, што маем. І няхай сабе праз збег абставін, але цяпер ужа здаецца, што і не выпадкова Міхалок з Кулінковічам і Вольскі з Вайцюшкевічам у канцэрце ўдзелу не бяруць.