Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Бельгіі памёр беларускі дзеяч Янка Жучка (Абноўлена)

18.11.2010 общество
У Бельгіі памёр беларускі дзеяч Янка Жучка (Абноўлена)

Учора ў Бэльгіі памёр Янка Жучка, відны прадстаўнік пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе, вялікі патрыёт Беларусі і цудоўны чалавек.

Янка Жучка нарадзіўся ў вёсцы Лучыны Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва даваеннай Польшчы (цяпер Клецкі раён Менскай вобласьці). Як шмат каму зь ягонага пакаленьня, яму часта даводзілася мяняць школы. Ён скончыў 6 клясаў пад Польшчай, потым яго прынялі ў пятую клясу савецкай школы, пад нямецкай акупацыяй ён вучыўся ў сярэдняй тэхнічнай школе ў Клецку, дзе дзейнічаў у Саюзе беларускай моладзі. У 1944 ён выехаў у Нямеччыну, перадае «Радыё Свабода».

Пасьля заканчэньня вайны Янка Жучка зарэгістраваўся ў лягеры перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу і паступіў у тамтэйшую Беларускую гімназію, якой кіраваў доктар Аляксандар Орса. Атэстат сталасьці Янка Жучка атрымаў у 1947 годзе, разам з выпускам, у якім былі Янка Запруднік, Кастусь Вайцяхоўскі, Юзэфа Брэчка, Натальля Куліковіч, Уладзімер Цьвірка, Васіль Шчэцька. Пасьля гімназіі Жучка здаў экзамэн у нямецкую вышэйшую тэхнічную вучэльню ў Карлсруэ, але з прычыны вычарпанай квоты для перамешчаных асобаў вучыцца там ня стаў. У 1948 годзе, разам зь сябрамі з Гімназіі, ён выехаў падзарабіць крыху граша ў вугальных шахтах у Англіі (гэты эпізод беларускага эмігранцкага жыцьця вычарпальна апісаў доктар Янка Запруднік у сваёй кніжцы пра гісторыю гэтак званай «Дванаццаткі»).

У 1950 Янка Жучка атрымаў стыпэндыю на вучобу ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі (у гарадку Лювэн побач з Брусэлем), дзе паступіў на палітэхнічны факультэт і закончыў яго з дыплёмам інжынэра-будаўніка. А потым Янка Жучка стаў спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцый эўрапейскага маштабу. У 1968–85 гг. ён працаваў у рэдакцыі міжнароднага спэцыялізаванага часопісу «Acier-Stahl-Steel», прысьвечанага выкарыстаньню сталі ў будаўніцве — спачатку як тэхнічны, а потым як галоўны рэдактар.

І ўвесь час ён быў актыўны ў жыцьці беларускай дыяспары на Захадзе — як радны БНР, як сябра Саюзу беларусаў у Бэльгіі, як супрацоўнік газэты «Беларус».

«Мы пазнаёміліся з Янам Жучкай, калі адчынялі першы офіс Хартыі’97 у замежжы. Ён гэтаму спрыяў, падтрымоваў працу нашага прадстаўніцтва, удзельнічаў ва усіх мерапрыемствах не только прадстаўніцтва Хартыі’97, але і Еўрапарламента, калі разглядаліся пытанні па Беларусі, браў узел у пікетах супраць дыктатуры Лукашэнкі, заўсёды вельмі ўважліва адсочваў, што адбываецца на Бацькаўшчыне. Ян Жучка быў сапраўдным беларусам, які высока трымаў наш бел- чырвона-белы сцяг у замежжы», - заявіў кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]