Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Абаронцы Курапатаў: Калі да ўладаў прыйдзе сумленне?

21.06.2018 политика
Абаронцы Курапатаў: Калі да ўладаў прыйдзе сумленне?

Расследванне пра скарачэнне ахоўнай зоны магло б стаць сапраўднай бомбай.

20 чэрвеня вахту каля рэстарацыі «Поедем поедим» трымалі актывісты незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Паводле Паўла Севярынца, усяго ў пікеце было задзейнічана каля 20 чалавек.

Пасьля абеду сярод некалькіх маладзёнаў на дарозе перад уездам у рэстарацыю стаялі і жанчыны пэнсійнага веку.

У адной зь іх журналіст «Радыё Свабода» пазнаў Галіну Каржанеўскую, пісьменьніцу, журналістку легендарнага «ЛіМу» часоў перабудовы і першых гадоў незалежнасьці:

«Пытаюся ў спадарыні Галіны, што яна перажывала, калі давялося выходзіць на дарогу перад аўтамабілем.

«Так, было страшна. Але я ня першая пайшла насустрач, наперадзе былі іншыя. Вось за іх было страшна больш, бо той кіроўца на BMW, які паскардзіўся на пікетоўцаў у ДАІ, нёсься зь вялікай хуткасьцю, наўмысна каб напалохаць людзей. А цяпер ён кажа, што яго нібыта абражалі і чапалі ягоны аўтамабіль — гэта няпраўда», — кажа спадарыня Галіна.

Абмяркоўваем з былой журналісткай сытуацыю з асьвятленьнем падзей вакол Курапат у дзяржаўных мэдыях. Дакладней, зь неасьвятленьнем. Спадарыня Галіна найбольш абураецца, што пра «рэстаран на костках» маўчыць БТ.

«Як для сапраўднага журналіста, гэта ж вельмі цікавая тэма: як атрымалася, што тут пабудавалі гэтую рэстарацыю, што адбывалася з ахоўнай зонай вакол Курапат, чаму? Калі зрабіць такі сюжэт, была б бомба! І цікаўнасьць да гэтай тэмы ў гледачоў вельмі вялікая, у тым ліку ў непалітызаваных. Але рэпартэры БТ маўчаць. Чакаюць загаду ці калі прыйдзе сумленьне?»

Актывісткі БХД са стажам Галіна Каржанеўская (зьлева) і Ганна Акінчыц

У размову ўступае сяброўка Галіны Каржанеўскай Ганна Акінчыц. Пра сябе Ганна кажа, што яна не пэнсіянэр, а вэтэран працы, бо зь дзяцінства працуе і цяпер не адпачывае — дапамагае гадаваць дзяцей. Як і Галіна, спадарыня Акінчыц абураецца тым, што побач з Курапатамі вырасла рэстарацыя, але наракае і на сябе, што прагледзела.

«Я ж наведвала Курапаты з канца 80-х, на талоках, на мітынгах — заўсёды. Але мы ж прыходзілі з таго боку, ад «Экспабелу», і неяк прагледзелі, што той «Бульбаш-хол» пабудавалі. Потым ён колькі гадоў стаяў зачынены, мы зноў супакоіліся, і вось табе — аказваецца дарэмна», — прызнае спадарыня Ганна.

Ганна Акінчыц па прафэсіі настаўніца, навучыла ангельскай, як мяркуе, больш за тысячу вучняў. Пытаюся, што б сказала былому вучню, калі б хто зь іх прыехаў у «Поедем поедим». Спадарыня Ганна пералічвае аргумэнты супроць існаваньня тут забаўляльнай установы, але раптам спыняецца і ўпэўнена кажа: «Ды з маіх вучняў сюды ніхто есьці не прыедзе, хіба ў пікет».

Дастаўка прадуктаў у рэстарацыю

Тым часам міліцыянты склалі чарговы пратакол: цяпер на актывістку Вольгу Мікалайчык за дробнае хуліганства. Нібыта абражала кіроўцу BMW — таго самага, які на хуткасьці спрабаваў праехаць у рэстарацыю. Але дасталася ад міліцыянтаў і кіроўцу: склалі пратакол за перавышэньне хуткасьці ды папярэдзілі ў талён, што своечасова не прайшоў тэхагляд.

На Паўла Севярынца, у дадатак да ранейшых, сёньня склалі яшчэ чатыры пратаколы, зь іх два ад ДАІ. У рэжысэра Аляксея Туровіча ўжо 7 пратаколаў, пад 10 — у Вольгі Мікалайчык.

«Мы ня сыдзем. Сёньня наведнікаў мала, усяго некалькі чалавек. Сёньня і аўтамабіляў з прадуктамі меней, чым у ранейшыя дні. Бачна, яны цярпяць вялікія страты, таму нават падвозіць сюды прадукты ўжо няма сэнсу, бо па-сапраўднаму ніхто іх паслугамі карыстацца ня хоча», — мяркуе пра працу спрэчнай рэстарацыі каля Курапатаў актывістка Ганна Шапуцька».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]