Паэт і палітык прысвяціў верш абаронцам Курапат.
29 чэрвеня 2018 года былі арыштаваныя крыжы, якія беларусы везлі ў Курапаты, каб абараніць Нацыянальны мемарыял ад нячыстай сілы. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў прысвяціў з гэтай нагоды верш абаронцам Курапат.
Крыжы
Арыштаваныя крыжы.
Нябесны Ойча, адкажы,
Ці час нам брацца за нажы,
Ці падстаўляць шчаку другую,
Як падстаўляе з году ў год
Яшчэ няспраўджаны народ,
Што сам з сабою варагуе?
Даруй нам, Божа. Не карай.
Хай сам сябе знішчае край,
Той родны кут, што так нам мілы,
Дзе ў храмах молімся чужых,
Дзе мёртвым сорамна за тых,
Хто зневажае іх магілы!
Даруйце нам, дзяды, бацькі…
Хай вам баляць, пякуць цвікі,
Якімі вы раскрыжаваны,
Хай Беларусь, уся ў слязах,
Пакуль мы таньчым на касцях,
Галосіць, ліжа вашы раны!
Няхай паміж крывавых вех
На здзек сыходзіць і на смех
Усё, што стала нашай доляй,
І хай знямее той народ,
Няхай той род ідзе на звод,
Які не заручыўся з Воляй!
Даруй смяротны грэх, Гасподзь!
Хай век не скінуць нам аброць,
Хамут, што самі мы надзелі!..
Хай прахам стануць дух і плоць,
Але пакінь надзею хоць,
Пакінь мне, Госпадзі, надзею…
29.06.2018, Курапаты.