Ці пазмагаецца Беларусь за гэтую спадчыну?
«Так, гэта ўнікальныя фатаздымкі, і Гістарычны музэй быў бы шчасьлівы іх мець. Але ў нас няма такіх сродкаў. Набываем нейкія рэчы толькі праз партнэраў. Таму спадзяёмся на спонсараў», — гэтак намесьніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі Ніна Калымага пракамэнтавала зьвесткі пра тое, што ў Вільні на аўкцыён выставілі 9 фатаздымкаў графа Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча, зробленых у Беларусі ў 1893 годзе.
Аўкцыён адбудзецца 27 верасьня. «Засталося мала часу, але калі знойдуцца партнэры, чаму б не паўдзельнічаць?» — сказала «Радыё Свабода» спадарыня Калымага.
Паводле мастачкі Галіны Сілівончык, фатаздымкі Тышкевіча — сапраўдныя шэдэўры беларускай фатаграфіі, адзначаныя залатымі мэдалямі на выставах у Варшаве ў 1894 годзе і ў Бэрліне ў 1899 годзе.
Агулам будзе выстаўлена 9 лотаў. Адзін зь іх — «Сяляне, Вяла (Беларусь)» — датаваны верасьнем 1893 году.
Працы Бэнэдыкта Тышкевіча — ня толькі выдатныя ўзоры фотамастацтва, яны важныя і як гістарычны матэрыял. Гэта зазначыла супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага музэю Надзея Саўчанка, куратарка музэйнай калекцыі фатаздымкаў.
Спадарыня Саўчанка прызнала, што дагэтуль музэй у падобных аўкцыёнах ня ўдзельнічаў, бо мае абмежаваныя фінансавыя магчымасьці.
«Аднак вельмі хацелася б, каб гэтыя здымкі аздобілі нашу калекцыю. Сьлінкі цякуць, так. Напішыце пра гэта, можа адгукнуцца спонсары», — папрасіла яна.
Паводле Надзеі Саўчанкі, у Беларусі намаганьнямі неабыякавых людзей ужо выстаўляліся здымкі Бэнэдыкта Тышкевіча, але даўно — яшчэ ў 2009 годзе.
«На пачатку 2000-х, пасьля выставы ў Вільні і зьяўленьня выдатнага каталёгу той выставы, спадчынай Тышкевіча захапіўся беларускі фотамастак Юры Васільеў, цяпер, на жаль, ужо нябожчык. Ён пайшоў у амбасаду Францыі, дзе ў горадзе Шалён-сюр-Сон ёсьць знакаміты музэй фатаграфіі, у якім захоўваюцца альбомы Тышкевіча. Васільеў пагаварыў з супрацоўнікамі амбасады, і яны дапамаглі зладзіць выставу копій. Але ад таго часу наш глядач здымкаў Бэнэдыкта Тышкевіча ня бачыў».
Надзея Саўчанка таксама адзначыла, што падобны аўкцыён праводзіцца не ўпершыню — некалькі гадоў таму ў Польшчы праходзіў аўкцыён афрыканскіх фатаздымкаў Тышкевіча.
«Тады выстаўлялася каля 10 здымкаў, на адным зь іх можна было пабачыць і самога графа з тубыльцамі. Але цяпер упершыню будзе аўкцыён ягоных беларускіх здымкаў. Гэта надзвычай важна».
У музэі фатаграфіі гораду Шалён-сюр-Сон захоўваецца 86 арыгінальных працаў Бэнэдыкта Тышкевіча. Яны былі выкупленыя ў 1993 годзе ў парыскага антыквара, грошы на гэта выдзеліў урад Францыі.