Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Павел Севярынец: Варта ў Курапатах будзе стаяць як мінімум да Дзядоў

20.09.2018 общество
Павел Севярынец: Варта ў Курапатах будзе стаяць як мінімум да Дзядоў

Палітык распавеў пра свае сустрэчы ў Курапатах і рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў.

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра свае сустрэчы ў Курапатах і рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў.

“На наступным тыдні пачнем абыход дамоў на бліжэйшай да Курапатаў вуліцы Мірашнічэнкі, – кажа суразмоўца. – Таксама будзе адпраўлены ліст новаму прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу. На гэты момант сабрана больш за 200 подпісаў…”

“Заўжды выбачаюся, што маю мала часу на сустрэчы, – напісаў Павел Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Магу ўдзяліць то дваццаць хвілінаў на размову, то дзесяць, а то і менш. Але цяпер ёсць дзень, калі са мной можна размаўляць гадзінамі. І гэта серада, дзень БХД. Гэта Курапаты. Той, хто даўно хоча пагаманіць па душах, патлумачыць, чаму ўсё так кепска, альбо наадварот, добра – запрашаю. Прыдзіце, пагамонім. Заадно падтрымаеце курапацкую варту. Не абавязкова станавіцца, як той казаў, у пярэдні шэраг – проста пабудзьце побач. Вось там і пагамонім – на ўсю катушку. Далучайцеся!”

Са слоў палітыка, такі заклік – гэта новы падыход па абароне Курапатаў.

“Калі мы нясем варту, там усяго некалькі чалавек, – кажа ён. – І самы час весці грунтоўныя гутаркі, таму што стаім ля рэстарана з 12.00 і да позняга вечара. Едуць у рэстаран адзінкі і бывае, што цягам пяці гадзін наогул нікога няма. Натуральна, гэты час можна выкарыстаць больш эфектыўна. Можна абмеркаваць палітыку, літаратуру, партыйныя справы… Магу сказаць, што за тыя тры з паловай месяцы, што мы стаім на абароне Курапатаў, я знайшоў падчас такіх гутарак прынамсі чатырох новых сяброў. Людзі далучыліся да БХД і гэтаму паспрыяла курапацкая варта”.

Павел Севярынец дадае, што варта будзе стаяць як мінімум да Дзядоў, а 24 верасня адбудзецца адмысловая прэс-канферэнцыя па байкоце рэстарана.

“На наступным тыдні пачнем абыход дамоў на бліжэйшай да Курапатаў вуліцы Мірашнічэнкі, – працягвае палітык. – Таксама будзе адпраўлены ліст новаму прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу. На гэты момант сабрана больш за 200 подпісаў”.

Суразмоўца адзначае, што рэпрэсіі ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў працягваюцца:

“Асабіста я атрымаў за Курапаты тры разы па 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Агулам жа абаронцы Курапат ужо маюць больш за 100 сутак. Акрамя таго, людзям выпісваюць вялікія штрафы, і тут нават складана падлічыць агульную суму”.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]