Канспект гісторыі нашай краіны ад паэта і палітыка.
Пасля выступу ў Гародні паэт і палітык Уладзімір Някляеў занатаваў у «Фэйсбуку» уласны канспект гісторыі Беларусі:
Ведаеце, што трэба, каб жыла Беларусь?
Штодзённа што-небудзь рабіць дзеля гэтага.
І Беларусь будзе жыць!
Дзякуй Паўлу Мажэйку, які наладзіў беларускае жыццё ў Гародні, назваўшы яго Цэнтрам гарадскога жыцця, у якім і адбылася беларуская вечарына з прэзентацыяй кнігі Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія».
Яшчэ дзякуй Алесю Краўцэвічу, у хаце якога мы далёка за поўнач гаварылі й гаварылі пра Беларусь і беларусаў, і дзе пад раніцу напісаўся «Канспект гісторыі Беларусі».
КАНСПЕКТ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Алесю Краўцэвічу
Крыжамі на полі карчы.
Я ў полі араты.
А ў хмарах мяне крумкачы
Цікуюць зацята.
Каб сэрцы маё разарваць
І выдзеўбаць вочы!..
Дык што мне: крычаць?! Ці маўчаць?
“Крычы. Але моўчкі”.
Маўчу. Бо запомніла кроў
На вечныя векі:
Як выйдзе мой крык з берагоў –
Скрывавяцца рэкі.
Зазвоняць над полем мячы,
Заціўкаюць кулі…
І кажа мне памяць: “Крычы!
Ды так, каб не чулі.
Бо ўсіх нас – касой! Як траву –
Ад краю да краю!..”
Я моўчкі крычу і жыву.
Я моўчкі ўміраю.
І некалі моўчкі радня
Спытаецца ў скрусе:
“А што гэта за цішыня
Над тым,
што было
Беларуссю?..”