Былы палiтвязень адзначыў, што стаў яшчэ больш радыкальна настроены супраць гэтай сістэмы.
Вызвалены з бабруйскай калоніі №2 грамадскі актывіст Зміцер Паліенка наведаў праваабарончы цэнтр „Вясна” і падзякаваў яго супрацоўнікам за падтрымку. Кіраўнік „Вясны” Алесь Бяляцкі ў свой час таксама быў вязнем гэтай жа калоніі. І па словах Змітра Паліенкі, сітуацыя там не змянілася да лепшага, паведамляе racyja.com.
— У мяне былі такія ж, падобныя праблемы, як і ў Алеся. Тут такі ціск: нехта са мной проста кантактуе, а пасля гэтага яго выклікаюць аператыўнікі і прапаноўваюць супрацу: расказваць ім пра усё, што гавару я. А калі ён адмаўляецца, яго саджаюць у ШЫЗА, не прапускаюць пасылкі ад родных. Таму шмат хто баяўся кантактаваць са мной.
Аднак канфліктаў з іншымі зняволенымі ў яго не было. Наадварот, была пэўная падтрымка, — сказаў Зміцер Паліенка. Паўтара гады ў няволі, па яго словах, не змянілі яго характару і перакананняў. „Можа стаў яшчэ боль радыкальна настроены супраць гэтай сістэмы” — падкрэсліў Зміцер Паліенка.