Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Інтэграцыйныя хітрыкі ў Санкт-Пецярбургу

09.12.2018 политика
Інтэграцыйныя хітрыкі ў Санкт-Пецярбургу

Выкручваць рукі лепш бязь сьведак, нават калі гэта калегі па ЭАЭС.

Калі на пачатку году здарылася «малочная вайна» і Расея чарговым разам увяла забароны на экспарт беларускага харчаваньня, Лукашэнка назваў ЭАЭС «таёжным саюзам», нават паабяцаў, што «будзем шукаць сваё шчасьце ў іншым месцы».

З 19 чэрвеня па 12 кастрычніка Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы сам-насам чатыры разы. Публічная крытыка кіраўніком Беларусі дзейнасьці ЭАЭС сьцішылася. Наадварот, па словах Лукашэнкі, было «поўнае паразуменьне з прэзыдэнтам Расіі».

Аднак за апошнія паўтара тыдня Лукашэнка тройчы скрытыкаваў дзейнасьць ЭАЭС. Спачатку 27 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў краін-чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Менску беларускі дыкататар наракаў на перашкоды і бар’еры ў гандлі ў межах саюзу. Тыя ж самыя папрокі Лукашэнка рабіў падчас інтэрвію тэлеканалу «Расея-24». І вось цэлы фантан абвінавачаньняў прагучаў на саміце ЭАЭС 6 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.

Гэтыя выпады Лукашэнкі цікавыя некалькімі момантамі. Кіраўнік Беларусі прымяніў шэраг тактычных прыёмаў — магчыма, «хатніх нарыхтовак». Не сказаць, што яны зусім новыя, але тым ня менш.

Найперш, кіраўнік Беларусі дэманстратыўна, нават штучна вынес палеміку ў публічную плашчыню, у той час як Пуцін, наадварот, імкнуўся перанесьці яе на закрытае паседжаньне. Гэта даўні прыём Лукашэнкі. І ён зразумелы на тле нядаўняй інфармацыі пра папулярнасьць беларускага лідэра ў расейскім грамадзтве. І Лукашэнка імкнецца капіталізаваць гэтую папулярнасьць, апэлюючы да расейцаў. Маўляў, глядзіце, крыўдзяць бліжэйшага саюзьніка. Дасюль гэты прыём добра працаваў.

Другі момант. Крытыка Лукашэнкам дзейнасьці Эўразійскага эканамічнага саюзу ўзмацняецца кожны раз, калі абвастраюцца супярэчнасьці ў беларуска-расейскіх адносінах. Фармальна Лукашэнка крытыкуе не Расею, а дзейнасьць ЭАЭС. Але насамрэч гэта такая схаваная форма палемікі з Масквой. Бо адносіны зь іншымі чальцамі саюзу Беларусі мала цікавыя, яе асноўныя эканамічныя дачыненьні завязаныя на Расею. Менавіта РФ была архітэктарам ЭАЭС, фарсіравала яго стварэньне, а цяпер яна галоўны матор дзейнасьці гэтага аб’яднаньня. Таму, крытыкуючы ЭАЭС, Лукашэнка мае на ўвазе Расею, аднак спрабуе трохі маскаваць гэта. Бывала, што кіраўнік Беларусі нават адмаўляўся падпісваць дакумэнты ЭАЭС (напрыклад, дамову аб стварэньні гэтага саюзу ў 2014 г.), пакуль РФ ня пойдзе на саступкі.

Трэцяе. Зноў Лукашэнка прымяняе загадзя падрыхтаваны прыём, хітры ход. Ён імкнецца выступіць не ў традыцыйнай ролі просьбіта, нахлебніка — маўляў, дайце мне грошай. Не, ён выступае ў ролі абаронцы законаў, правілаў, падпісаных пагадненьняў. Маўляў, калі дамовіліся, падпісалі, то трэба выконваць узятыя на сябе абавязаньні. Зразумела, і тут галоўныя прэтэнзіі — на адрас Расеі. Хоць Беларусь у гэтым пляне зусім ня белая і пушыстая. У Расеі таксама шмат прэтэнзіяў. Менск не пускае да сябе расейскі банкаўскі капітал (а як жа свабодны рух капіталаў?), прадукцыю расейскага машынабудаваньня. Тым ня менш, выступаючы ў ролі «справядлівага судзьдзі», Лукашэнка добра выглядае і з мэдыйнага гледзішча (хто ж супраць таго, каб пагадненьні выконваліся?), і можа здабыць падтрымку іншых чальцоў ЭАЭС.

Чацьвёрты момант. Чаго раптам Лукашэнка падняў менавіта пытаньне цэнаў на газ, хоць ніякіх праблем у гэтай сфэры няма, наступным годам Беларусь атрымлівае газавыя кампэнсацыі ў выглядзе «перамытненьня»?

Прапаную яшчэ адзін варыянт адказу на гэтае пытаньне. Магчыма, да Лукашэнкі дайшлі некаторыя адгалоскі, што Расея хоча адсунуць час пераходу на аднолькавыя цэны на энэргарэсурсы ў рамках ЭАЭС з 2025 году на пазьнейшы тэрмін. Падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў краін-чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу ў Менску 27 лістапада беларускі лідэр казаў: «Суб’екты гаспадараньня чакаюць, што празь дзесяць дзён у Піцеры кіраўнікі дзяржаў паставяць нарэшце свае подпісы пад праграмамі фармаваньня агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў — пра што мы дамаўляліся. Такім чынам, будзе зроблены крок да зьяўленьня стабільнай паліўна-сыравіннай асновы саюзу». Гэта прагучала так, нібы нехта сабатуе такі дакумэнт.

І ў Піцеры Лукашэнка чамусьці акцэнтаваў увагу на гэтым пытаньні, кажучы, што цалкам недапушчальная сытуацыя, якая парушае дасягнутыя дамоўленасьці. Ён нагадаў, што бакі дамовіліся да 2025 году стварыць агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў. «Мы абавязаныя выканаць усё ў намечаныя тэрміны і забясьпечыць працу саюзу ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі. У саюзьніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энэргарэсурсаў. Ёсьць цэласная сыстэма». Такое ўражаньне, што Лукашэнка зь некім спрачаецца, што нехта яму пярэчыць. Таму ён робіць прэвэнтыўныя крокі, спрабуе згуляць на апярэджаньне, каб адрэзаць Маскве шляхі адступленьня ад дамоўленасьцей.

Нарэшце, наконт галоўнага для Беларусі пытаньня цяперашняга моманту — кампэнсацыі за падатковы манэўр. Думаю, Масква наўмысна зацягнула вырашэньне гэтай праблемы, чакаючы, пакуль пройдзе Санкт-Пецярбурскі саміт. Каб Лукашэнка ня змог выкарыстаць ЭАЭС дзеля шантажу РФ. Напрыклад, не падпісваць выніковыя дакумэнты саміту, пакуль Масква ня пойдзе на саступкі. Так, як гэта было ў 2014 годзе.

А цяпер саміт ЭАЭС прайшоў, наступным тыднем усё вырашыцца ў кулюарах Крамля, ужо без мэдыяў. Выкручваць рукі лепш бязь сьведак, нават калі гэта калегі па ЭАЭС.

Валер Карбалевiч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]