Мастак напісаў кнігу пра швэдаў і беларусаў.
Вандроўка ў Швэцыю навяла Аляксея Марачкіна на філязофскія роздумы. У кнізе падарожных нататак ён параўноўвае са Швэцыяй сваю малую радзіму — вёску Папоўшчына на Чэрыкаўшчыне, і вялікую — Беларусь.
28 лютага ў канфэрэнц-залі менскага Палаца мастацтваў адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Ад Магніта-Балабуя да Готлянда. Старонкі зь дзёньніка і ня толькі». Аўтар аўтабіяграфічнага аповеду, які выйшаў у сьвет у выдавецтве «Галіяфы», — мастак, заснавальнік суполкі «Пагоня» Аляксей Марачкін, які выступае пад творчым псэўданімам Алесь Мара.
Выданьне ілюстраванае графічнымі эскізамі, зробленымі ў роднай вёсцы і ў творчай вандроўцы два гады таму на швэдзкую выспу Готлянд.
У гутарцы са Свабодай Аляксей Марачкін патлумачыў сэнс загадкавага маршруту, вынесенага ў загаловак, адкрыў таямніцу «шаптуна» Магніта-Балабуя, а таксама расказаў, што агульнага ў вікінгаў і ягоных землякоў-вяскоўцаў.
Аднавясковец Міцюк са «швэдавых» быў выліты вікінг
— Аляксей Антонавіч, калі не казаць пра асноўную дзейнасьць — мастакоўскую — прыхільнікі вас ведаюць яшчэ як паэта. А цяпер вы перайшлі на прозу, на дарожныя замалёўкі?
— У 2017 годзе ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў я быў «адкамандзіраваны» на швэдзкую выспу Готлянд. Узяў з сабой рыштунак, каб рабіць графічныя замалёўкі, і выправіўся на месяц у партовы гарадок Вісбю. Мяне ўсьцешыла, што пасялілі ў пакоі, дзе ў свой час адпачываў і працаваў Васіль Быкаў з жонкай Валянцінай. Там была кніга водгукаў, я таксама пакінуў свае ўражаньні.
Зразумела, я назіраў за нясьпешным жыцьцём на гэтай высьпе, і нечакана паўсталі асацыяцыі яшчэ зь дзіцячага, юнацкага жыцьця. Напрыклад, жылі ў нас людзі з прозьвішчамі Зайцавы і Серпікавы. Іх чамусьці называлі «швэдамі» ці «швэдавымі» — ня ведаю, зь якой такой прычыны. І вось праз столькі гадоў сам апынуўся пасярод сапраўдных швэдаў. Якраз былі сьвяты, касьцюмаваныя парады, і я адразу згадаў нашага аднавяскоўца Міцюка са «швэдавых» — хлапец настолькі падобны да тых вікінгаў, што мянушкі яўна не з паветра. Усе свае назіраньні я пачаў занатоўваць. Так назьбіралася багата дзёньнікавых запісаў.
— Вы правялі дакумэнтальныя паралелі паміж швэдзкай глыбінкай і сваёй вёскай?
— Так. Толькі калі швэды сваё шануюць, то ў нас так не атрымліваецца. Я пра гэта таксама пішу. Мая вёска на Чэрыкаўшчыне спрадвек называлася Папоўшчына. Але прыйшлі бальшавікі, для іх вуха назва гучала занадта двухсэнсоўна, стала Новая Слабада. Гэтаксама як за паўкілямэтра была вёска Гуляй-Поле, якая выклікала асацыяцыю з бацькам Махно, — перапісалі ў Карпаўку, бо жыхары пераважны былі Карпавымі. Дарэчы, у Другую ўсясьветную вайну суседняя вёска захавалася якраз дзякуючы назьве. Калі немцы адступалі і ўсё палілі на сваім шляху, то даведаўшыся ад старых, што гэта Гуляй-Поле, паднялі ўгару вялікі палец пра Махно ды махнулі далей.
Вось усялякія такія ўспаміны, замешаныя на назіраньнях, як швэды берагуць сваю гісторыю, як ладзяць экскурсы ў мінуўшчыну, як з задавальненьнем апранаюць дасьпехі, якія насілі іх продкі. Нават немаўляткі — у строях, стылізаваных пад ваяроў-вікінгаў. І таксама згадваю: у нас апошнім часам пайшла мода на вышыванкі, што само па сабе няблага, але колькі згрызотаў у афіцыйным друку, колькі кпінаў адпускаюць расейцы наконт гэтага — як на наш адрас, так і на адрас украінцаў.
Дзед-«шаптун» і сацыяльна завостранае мастацтва
— Побыт на Готляндзе збольшага акрэсьлілі, а хто такі Магніт-Балабуй? Што за пэрсанаж?
— Магніт-Балабуй? Гэта мой дзядзька Андрэй, але мы дзецьмі ўсе звалі яго дзедам — быў ужо сталы, з барадой, вельмі калярытны. Дык вось аднавяскоўцы далі яму мянушку Магніт-Балабуй. Магніт, бо прыцягваў людзей сваёй неардынарнасьцю, незвычайнасьцю. А Балабуй, бо быў «шаптун»: лекаваў малітвамі, загаворамі, песьнямі-заклінаньнямі. Нават мне спрабаваў свае ўменьні перадаць (сьмяецца).
Зрэшты, тады, яшчэ малога, больш цікавіла іншае — як ён ваяваў на Першай імпэрыялістычнай вайне? Памятаю, расказваў, што быў у Аўстра-Вугоршчыне ў палоне, я запытваў, як удалося выжыць? «Выжыў, бо ведаў загавор ад кулі!» — урачыста адказваў ён. І вось гэтыя ягоныя ўспаміны, шэпты, песьні, мэлёдыі, якія ён выводзіў на сваёй дудзе, запалі ў душу на ўсю жыцьцё. Таму і назва такая, усёабдымная: «Ад Магніта-Балабуя да Готлянду».
— Вам самому нязвыкла быць у ролі пісьменьніка, не мастака?
— У нейкай ступені — так. Але мне падалося, што гэта можа быць цікава ня толькі мне. Хачу сабраць аднадумцаў, калегаў-пагонічаў ды ў прынцыпе ўсіх ахвотных, уваход будзе вольны. Будуць цытавацца старонкі з кнігі, а таксама мае вершы. Ёсьць сярод іх зусім новыя, скажам так, сацыяльна-завостраныя.
Мне наогул блізкая асацыятыўная, мэтафарычная, зьедлівая творчасьць. У прыклад магу прывесьці нашых бардаў Віктара Шалкевіча, Зьмітра Бартосіка, таксама Лявона Вольскага. Падабаецца, што акурат той выпадак, калі ня ў лоб, але пра тое, што хвалюе. Ня проста як плывуць хмаркі, сьвеціць месячык на небе ды залаціцца восеньская траўка — што таксама для гармоніі патрэбна. Але ў наш час многім не хапае духу гаварыць адкрытым тэкстам пра ўсе хібы. Зьміцер Бартосік на імпрэзе выканае песьні, якія паўтаруся, вельмі мне па душы сваёй актуальнасьцю, бо выканаўца не мінае сацыяльных аспэктаў нашага жыцьця.
Ну, і сам хачу зрабіць унёсак ды прачытаць сацыяльна-завостраны верш, гэта ўжо амаль паэма — пра тое, што вакол нас дзеецца.
Жывапісны Ян Павал ІІ і яго запавет Беларусі
— Трэба прызнаць, што ў вашых мастацкіх працах сацыяльнай завостранасьці якраз зь лішкам.
— Часам на гэта цягне, сапраўды... Магу паўтарыцца, але мала хто піша карціны на злабадзёныня тэмы, якія рэальна хвалююць. У асноўным, ведаеце, «песьцікі-тычынкі». Чаму афіцыёз ды мастацкія камісіі ўхваляюць абстрактныя творы, вітаюць такога кшталту выставы? Так, яны эстэтычна дагледжаныя, вывераныя, але, як кажуць, ні пра што. Маўляў, забаўляйцеся чым хочаце, толькі не кранайце праблемы сацыяльнага характару.
Таму я свае карціны намагаюся актуалізаваць, зрабіць іх адпаведнымі нашаму часу. Напрыклад, у хуткім часе я прэзэнтую працу, якая мяне вельмі хвалюе, яна амаль што завершаная. Гэта прысьвячэньне Яну Паўлу ІІ, у прыватнасьці ягонаму запавету, адрасаванаму беларусам. Гэтыя словы цытую на палотнішчы: «Я прашу вас: не згубіце Беларусь!» Так і назваў — «Запавет Сьвятога Яна Паўла ІІ». Ва ўсёй сваёй творчасьці — карцінах, вершах, прозе — я не абыходжу вострыя тэмы, хоць разумею, што гэта рызыкоўна, бо працы здымаюць з выставаў ці наагул туды не дапускаюць. Дый афіцыйныя выдавецтвы ніколі б ня выдалі кнігу, якую я прэзэнтую.
Прэзэнтацыя кнігі «Ад Магніта-Балабуя да Готлянда. Старонкі зь дзёньніка і ня толькі» — у менскім Палацы мастацтваў 28 лютага.
Уваход вольны, пачатак а 17-й гадзіне.
Падчас сяброўскай сустрэчы можна будзе набыць выданьне, атрымаць аўтограф аўтара, пазнаёміцца з графічнымі працамі, якімі аздоблена кніга.
Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Заснавальнік мастацкай суполкі «Пагоня», сябра аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. У 1989 годзе адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР.