Тэрмін «мяккая беларусізацыя» можна скасаваць з-за неадпаведнасьці.
Апошняя прэсавая канфэрэнцыя беларускага кіраўніка, як мне падаецца, дала вычарпальны адказ на пытаньне, як ён ставіцца да «мяккай беларусізацыі» і для чаго яна яму патрэбная.
Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка даволі пэўна выказаўся пра ўсё тэмы, якія хвалююць незалежнае беларускае грамадзтва, і якія ў той ці іншай ступені можна адносіць да праблемаў нацыянальнай ідэнтычнасьці, беларусізацыі, лібэралізацыі ўнутранага жыцьця.
Наконт сьвяткаваньня чарговай гадавіны БНР — «стадыён Дынама не дазволім, гэта асабістая абраза мне, ідзіце на Бангалор». Пра Курапаты — «каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было. Навошта вы павыстаўлялі там белыя крыжы?» У рэстаране «поедем-поедим» Лукашэнка не пабачыў нічога кепскага.
Наконт беларускамоўнага ўнівэрсытэту — «гэта нам ня трэба, у нас і так дастаткова людзей, якія вучацца ў існуючых вну на беларускай мове». Тут варта нагадаць, што па ўсёй Беларусі на беларускай мове навучаўся 291 студэнт — і гэтая колькасьць паменшылася ў 103 разы ў параўнаньні з 90-я гадамі. Наконт статусу беларускай мовы паўтарыў свае старыя ўстаноўкі, што расейская мова — гэта «таксама наша мова», яна нам не чужая і гэтак далей. Было нават трошкі няемка слухаць, як у адказе на пытаньне пра беларускую мову Лукашэнка ў асноўным гаварыў пра мову расейскую, нібыта ёй нешта ў Беларусі пагражае.
Дарэчы, потым падчас размовы Лукашэнка сказаў, што ня мае нічога супраць беларускамоўнага ўнівэрсытэту. Але ў гэтым, на маю думку, няма ніякай супярэчнасьці. Афіцыйны кіраўнік мае на ўвазе, што дзяржаве непатрэбны беларускамоўны ўнівэрсытэт. А потым, адказваючы Алене Анісім, зрабіў жэст, як з панскага стала — калі так хочаце, рабіце за свае грошы свой унівэрсытэт — мы дапамагаць не будзем і паглядзім, што ў вас атрымаецца.
У гэтым сэнсе вельмі паказальным быў эпізод, калі Лукашэнка, адказваючы на пытаньне Алега Трусава, зьвярнуўся да расейскага журналіста з такой рэплікай. Маўляў, глядзіце, якія строгія ў нас нацыяналісты ёсьць, і што яны патрабуюць. І гэта яшчэ такія як Трусаў, Голубеў, яны памяркоўныя, — а ёсьць жа нашмат болей радыкальныя.
Мэсэдж у Маскву быў максымальна відавочны — глядзіце, расейскія браты, я тут нацыяналістаў з апошніх сілаў стрымліваю, вядома, трошкі раблю ім саступкі, шыльдачку адну павешу на вакзале, выступлю адзін раз на 5 гадоў 2 хвіліны па беларуску. Але ня больш, далей не саступаю! А вось калі вы, расейскія браты, мяне ня будзеце падтрымліваць — дык яны, злобныя нацыяналісты, разыдуцца, пачнуць законы па-беларуску выдаваць, помнікі Леніна скідваць і ўнівэрсытэты беларускамоўныя ствараць.
Вось, аказваецца, для чаго ўладам патрэбная «мяккая беларусізацыя» — каб палохаць ёй расейскіх «партнэраў». Тым болей ніякіх сваіх дзеяньняў улада тут не робіць — колькасьць беларускай мовы ў школах і ВНУ не павялічваецца, прадмет «расейская літаратура» не стаў «сусьветнай літаратурай», 99 працэнтаў законаў друкуюцца толькі на адной дзяржаўнай мове, у дзяржаўных СМІ беларускай мовы больш не становіцца. Максымум, што дазваляе дзяржава — асабліва не заціскае тыя крокі, якія робіць само незалежнае грамадзтва. Дакладней, не заціскае гэтак моцна, як раней.
Таму тэрмін «мяккая беларусізацыя» можна скасаваць з-за неадпаведнасьці. Цяперашняй рэальнасьці больш пасуе тэрмін «гібрыдная беларусізацыя».
Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»