Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вызначаны 10 фіналістаў рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH

Вызначаны 10 фіналістаў рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH

Падведзены вынікі трэцяга этапу сацыяльна-адукацыйнага праекта для вучняў 10-ых і 11-ых класаў velcom YOUTH. Старшакласнікам было прапанавана рэалізаваць свае ідэі ў сферы тэхналогій, культуры або інклюзіі і зняць пра гэта відэаролік. Журы праглядзела амаль 100 праектаў ад школьнікаў з усёй Беларусі. У фінал прайшлі 10 удзельнікаў.

Лідарамі па колькасці дасланых на конкурс работ сталі Магiлёўскi дзяржаўны абласны лiцэй №2 (5 праектаў) і Ліцэй БДУ (4 праекты). Цікава, што амаль палова рэалізаваных ідэй – праекты ў сферы культуры. Старшакласнікі распрацоўвалі сапраўдны інтэрактыўны гід для турыстаў, праводзілі ў школе тыдзень беларускай мовы, арганізоўвалі фестываль роднай культуры, працавалі над турыстычнай інфраструктурай, распрацоўвалі брэнд свайго горада, стваралі рашэнне для павышэння гарадской мабільнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і гэтак далей.

«Мы ўсцешаны і вялікай колькасцю пададзеных на конкурс праектаў, і сапраўды добрай якасцю і глыбінёй прапрацоўкі рэалізаваных ідэй. Добра, што беларускія старшакласнікі мараць змяняць свет вакол сябе да лепшага і гатовыя зрабіць, што ў іх сілах, для таго, каб гэтыя змены паскорыліся. Журы было ўражана маштабнасцю рэалізаваных старшакласнікамі праектаў, а таксама глыбінёй іх уплыву на вырашэнне значных грамадскіх праблем», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom – ініцыятара конкурсу.

Прафесійнаму журы неабходна было праглядзець дасланыя працы ўдзельнікаў і ацаніць іх па наступных крытэрыях: адпаведнасць праекта абранай тэме, практычная рэалізацыя ідэі, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, маштаб рэалізацыі і ўцягнутасць мэтавай аўдыторыі, адлюстраванне сутнасці праекта ў знятым відэароліку.

У журы трэцяга этапу рэспубліканскага конкурсу ўвайшлі эксперты ў сферах культуры, тэхналогій і інклюзіі, майстры публічных выступленняў, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і арганізацыйнага камітэта праекта. Праекты ўдзельнікаў ацэньвалі:

Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom; Іна Карней, ліцэнзіят міжнароднай адукацыйнай праграмы TEDx у Рэспубліцы Беларусь, арганізатар канферэнцыі TEDxMinsk; Ірына Кісялёва, мастацкі кіраўнік Сямейнага інклюзіў-тэатра «i»; Раман Падаляка, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; Кацярына Прэткель, HR-дырэктар кампаніі EPAM; Вера Сліж, кіраўнік аддзела рэалізацыі міжнародных праектаў Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; Дзмітрый Смірноў, спікінг-коуч канферэнцыі TEDxMinsk, кіраўнік школы прамоўніцкага майстэрства, бізнес-трэнер, генеральны прадзюсар Радыё Бі-Эй, радыёвядучы.

Па выніках працы журы ў фінальны (чацвёрты) этап конкурсу прайшлі:

Мікіта Абрамчук, вучань ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Вілейкі», 10 клас; Крысціна Байко, вучаніца ДУА «Гімназія №16 г. Мінска», 11 клас; Ілля Баркоўскі, вучань ДУА «Сярэдняя школа №33 г. Гомеля», 11 клас; Сяргей Берлін, вучань ДУА «Ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна г. Брэста», 11 клас; Паліна Мураева, вучаніца ДУА «Сярэдняя школа №10 г. Мінска», 10 клас; Цімафей Стамброўскі, вучань ДУА «Сярэдняя школа №11 г. Слуцка», 10 клас; Юлія Стэфняк, вучаніца філіяла УА БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж», 10 клас; Максім Хамета, вучань ДУА «Гімназія №33 г. Мінска», 11 клас; Артур Царыковiч, вучань ДУА «Средняя школа №11 г. Слуцка», 10 клас; Анастасія Шор, вучаніца ДУА «Гімназія №1 г. Жодзіна», 10 клас.

Аўтары 10 лепшых праектаў атрымаюць гасцявое запрашэнне наведаць штогадовую канферэнцыю TEDxMinsk, якая пройдзе 30 сакавіка. Пасля гэтага фіналісты атрымаюць ментарскую дапамогу ў рэалізацыі сваёй ідэі і падрыхтоўцы публічнага выступу. Фіналісты павінны будуць публічна выступіць у фармаце TED са сваім праектам на адмысловай маштабнай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Яна адбудзецца 18 мая ў Мінску і збярэ сотні слухачоў і ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі. Кожны з фіналістаў павінен будзе падрыхтаваць якасную прамову аб сваім праекце працягласцю да 10 хвілін.

Усе ўдзельнікі чацвёртага этапу пасля свайго выніковага выступлення на TEDxYouth@Minsk атрымаюць iPhoneXs, а аўтары трох лепшых праектаў па выніках канферэнцыі стануць пераможцамі конкурсу velcom YOUTH і атрымаюць запрашэнне на TEDx у Аўстрыю.

Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH ладзіцца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Удзельнікамі конкурсу сталі больш за 850 чалавек з больш чым 230 навучальных устаноў краіны. У межах праекта старшакласнікі маюць магчымасць прыдумаць і рэалізаваць уласную ідэю па адным з трох кірункаў: культура, тэхналогіі або інклюзія. Конкурс накіраваны на творчае і асобаснае развіццё навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў Беларусі і дапамогу ў развіцці іх ініцыятыў. Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заявак да выніковага выступлення вядзецца на беларускай мове. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце конкурсу.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]