Надыйшоў час яго выканаць.
«Бітва за Каліноўскага», пра якую беларускі гісторык Генадзь Кісялёў казаў яшчэ ў 1959 годзе, цяпер выходзіць на новы ўзровень. Але за мінулыя 155 гадоў пасля павешання 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні «дыктатара Літвы і Беларусі» ў гэтым плане ўжо нічога новага быць не можа. Мяняюцца толькі прозвішчы тых, каму муляе вочы постаць вялікага сына беларускага народа. Напрыклад, у 1928 годзе ім быў Самуіл Хаімавіч Агурскі, у 2019 стаў іншы гісторык. Але хто цяпер акрамя спецыялістаў ведае пра Агурскага? Ці пра тое, што праз зачэпку да Каліноўскага той выступіў супраць беларусізацыі ў БССР і так званых «буржуазных нацыяналістаў», у першую чаргу, прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, якога затым давялі да самагубства? Гісторыкі сыходзяць, героі застаюцца.
У пачатку 2019 года на старонках «Настаўніцкай газеты» з’явіўся тэкст, у якім яго аўтар абрынуўся на Кастуся Каліноўскага і паўстанне 1863—1864 гадоў. Гэта быў працяг той дыскусіі, якая разгарнулася вакол памылкі ў падручніку па «Рускай літаратуры» для 8-га класа. Дыскусія — гэта рухавік навукі. Але ў гэтым рэчышчы зусім не да месца адказ прэс-службы Міністэрства адукацыі, у якім зробленыя шматлікія памылкі і скажэнні, у тым ліку змяншэнне колькасці бітваў часоў паўстання ў 10 разоў.
На вялікі жаль, і тэкст, змешчаны ў «Настаўніцкай газеце» мае шэраг недакладнасцяў, у першую чаргу звязаных з успрыманнем працэсаў ХІХ стагоддзя. Іх можна было б зменшыць, каб член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі азнаёміўся з новым выданнем, падрыхтаваным Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пад назваю «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Пра «спрошчаны падыход да складаных праблем і мноства элементарных памылак» у адносінах аўтара тэксту з «Настаўніцкай газеты», які да часу сваёй палітычнай дзейнасці спецыялізаваўся на археалагічным вывучэнні Магілёва і этнаканфесійных працэсах Х—ХVII стст., казаў яшчэ Генадзь Сагановіч.
Пакіну для больш дасведчаных гісторыкаў агульныя спрэчныя тэзы, у тым ліку выдаванне за факт таго, што Рэч Паспалітая ў эпоху Асветніцтва ішла ў плане нацыятварэння тым жа шляхам, што і Францыя, і павінна была стаць «нацыяй-дзяржавай». Заўважу толькі адвольнае трактаванне самых нацыятворчых працэсаў. У якасці іх ілюстравання аўтар тэксту, змешчанага ў «Настаўніцкай газеце», спасылаецца на «Катэхізіс літвіна», які, каб падвесці пад сваю «канцэпцыю», датуе пачаткам ХІХ ст. Аднак дакумент, як сведчыць гісторык Алена Філатава, паходзіць з 1830-х гадоў[8]. Магчыма, пры датаванні ў археалогіі культурных слаёў і можна пазначаць прамежак у тры дзесяцігоддзі, але ва ўмовах ХІХ стагоддзя для гісторыі як навуковай дысцыпліны — гэта, мякка кажучы, недакладнасць. Разбор іншых падобных момантаў тэксту з «Настаўніцкай газеты» вымагаў бы вялікай колькасці літар, пазначу толькі тое, што паўстанне 1863—1864 гадоў было нашмат складанейшым і ўплывовым у агульнаеўрапейскім кантэксце, чым мы сёння тое ацэньваем. Напрыклад, падтрымку яму выказвалі левыя арганізацыі па ўсёй Еўропе, у тым ліку рускія сацыял-дэмакраты і Карл Маркс. Кіраўнік паўстанцкімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Гарадзеншчыны Валерый Урублеўскі, які быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага і адным з аўтараў «Мужыцкай праўды», увогуле стаў ля вытокаў Інтэрнацыянала і генералам Парыжскай камуны ў 1871 годзе, за якую змагаліся 600 колішніх паўстанцаў. Галоўнае ж для нас тое, што менавіта ўдзельнікі паўстання і спачуваючыя яму напоўнілі «Беларусь» як ідэю новым сэнсам і запачаткавалі новую беларускую літаратуру. Але я спынюся на тым, што асабліва актуальна сёння.
Аўтар тэксту, змешчанага ў «Настаўніцкай газеце» не мае рацыі, калі кажа, што ніхто з сучаснікаў не называў Кастуся Каліноўскага беларускім героем. А як жа сакратар варшаўскага Нацыянальнага ўрада Ю. Яноўскі (1832—1914), які сказаў, што Каліноўскі быў «адным з найвышэйшых розумаў, якіх стварыла на свет Польшча ў той час, чалавекам, аддадзеным душой і целам ідэі вызвалення народа, праўдзівым апосталам беларускага народа, сапраўдным героем паўстання 1863 года». А як жа даволі папулярны для свайго часу расійскі літаратар Усевалад Крастоўскі, які ў рамане «Крывавы пуф» (1869—1874) пазначыў, што Каліноўскаму «справы няма да «Кароны», што Літва і Беларусь цалкам адмысловая і самастойная дзяржава»? Прычым Крастоўскага ніяк нельга абвінаваціць у імкненні ператварэння Каліноўскага ў «беларускага незалежніка», а ён ведаў, пра што казаў, бо вучыўся на юрыдычным факультэце ў Пецярбургскім універсітэце адначасова з Каліноўскім і затым праходзіў службу ў родных мясцінах лідара паўстання ў Беларусі і Літве. Аднак аўтар тэксту з «Настаўніцкай газеты» ўсё роўна лічыць Каліноўскага «польскім пасланцам у Беларусі», беларускамоўныя творы для якога былі толькі «тактычным сродкам дзейнасці». Няўжо сюды ж адносіцца і верш да любай дзяўчыны, напісаны перад смерцю?
«Марыська чарнаброва, галубка мая,Гдзе ж падзелася шчасце і ясна доля твая?Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала,Адна страшэнна горыч у грудзях застала…»
Увогуле, перадсмяротны запавет Каліноўскага — «Лісты з-пад шыбеніцы», якія ў арыгінале называліся «Да люду беларускага», — гэта наймагутнейшы аргумент, які перакрэслівае ўсе спробы сшальмаваць імя героя. Гэта зварот да «мужыкоў Беларусаў», дзе Каліноўскі суадносіць сябе з гэтым народам і заклікае: «Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана». Каліноўскі бачыў гэтае «дабро» ў адпаведнасці са сваім светаўспрыманнем і тым часам, у які жыў. Ён, зразумела, адрозніваецца ад сённяшняга, паколькі час змяніўся. Але ў гэтым асучасніванні галоўная крыніца непрымання Каліноўскага дзейнай уладай, аб чым спакойна заяўляе гісторык ад ідэалогіі, гаворачы пра «непротиворечивую концепцию белорусского государства». Гэта яскравае пацвярджэнне таго, як грэбуюць гістарычнай праўдай у адносінах Каліноўскага ды не толькі дзеля задавальнення палітычнай кан’юнктуры. Але калі перакласці сэнс словаў Кастуся Каліноўскага на сучаснае гучанне, выкарыстаўшы лексікон аднаго з інтэрв’ю на тэлеканале «Беларусь 1», то варта сказаць: Каліноўскі выступаў з пазіцый захавання традыцыйных каштоўнасцяў свайго народа, імкнуўся не дапусціць яго «перапрашыўкі» і фактычна стварыў аналаг «Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі».
Адзін гісторык апелюе, што Каліноўскі не можа быць героем у краіне, у якой 80% насельніцтва — праваслаўныя. А я скажу, што Каліноўскі павінен быць героем у краіне, дзе 80% — беларусы, незалежна ад рэлігійных перакананняў.
Каліноўскі нарадзіўся, калі значная частка насельніцтва была ўніяты. Тры яго родныя браты таксама былі ахрышчаныя па ўніяцкім абрадзе. Гісторык Святлана Марозава зазначала: «За час свайго існавання ўніяцкае веравызнанне істотна пацясніла пазіцыі традыцыйных рэлігій і к канцу XVIII ст. стала канфесійнай дамінантай, ахапіўшы ад 2/3 да 3/4 насельніцтва Беларусі. Уніяцкая царква сама пераўтварылася ў традыцыйны культавы інстытут». Шкада, што некаторыя пра тое забываюцца. Як і пра тое, што працытаваны ў тэксце з «Настаўніцкай газеты» польскі гісторык Рышард Радзік зазначыў: «Разам з ліквідацыяй уніі ў 1839 г. беларусы былі пазбаўлены таго грамадскага асяроддзя, якое стварала найбольшыя шансы для з’яўлення беларускага нацыянальнага руху».
Як сапраўдны палітык, Кастусь Каліноўскі ў імкненні перамагчы царызм, які грунтаваўся на трох слупах — «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць» — звяртаўся да спадчыны ўніяцтва.
Аднак дзіўна, калі ў свецкай дзяржаве намагаюцца ў аснову вызначэння нацыянальнай ідэнтыфікацыі яе жыхароў класці рэлігійны чыннік. Гэта проста грэбаванне існавання нашага народа на сумежжы і тым самым павелічэнне «лініі разлому».
У любым выпадку, як бы ні ставіўся асабіста аўтар тэксту ў «Настаўніцкай газеце» да Кастуся Каліноўскага, не яму вырашаць, каму быць сапраўдным героем для беларусаў, а каму — не. У Айчыннай гісторыі існуе цэлая традыцыя вывучэння постаці Каліноўскага, якую немагчыма перакрэсліць некалькімі заявамі. Тым больш, што імя Кастуся Каліноўскага ўжо ўпісана ў новую «Гісторыю беларускай дзяржаўнасці» як таго, хто разумеў, што Беларусь мае ўсе ўмовы для самастойнага развіцця. Раю як настаўнікам, так і беларускім чыноўнікам звярнуцца да гэтага акадэмічнага выдання, каб адхінуць усе сумневы: «Ужо ў ходзе паўстання К. Каліноўскі дэклараваў ідэю пра палітычную суб’ектнасць Беларусі ў адносінах з Расіяй і Польшчай. Аб гэтым сведчыць і зварот-пароль паўстанцаў: «Каго любіш?, водгук — «люблю Беларусь!», далей: «Дык узаемна». Кастусь Каліноўскі названы таксама тым, хто сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю:
«У «Лістах з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскі напоўніў сэнсам беларускую нацыянальную ідэю, якая нарадзілася ў полымі вызваленчага руху. Яго заклік змагацца «за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную» і стаў нацыянальнай ідэяй беларусаў ХІХ — пачатку ХХ ст.».
Час паказаў, што патрэба ў Каліноўскім з’яўляецца ў найцяжэйшыя часіны нашай гісторыі, калі існаванню беларусаў пагражаюць. Тут каштоўнае кожнае імгненне. І пакуль чыноўнікі, у тым ліку і ідэолагі, марудзяць, занятыя чытаннем першых двух тамоў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» і чакаюць убачыць на ўласныя вочы ў акадэмічным выданні, што Каліноўскі — сапраўдны беларускі герой, усе спадзевы застаюцца толькі на грамадскую актыўнасць саміх беларусаў.
Можа таму нездарма менавіта цяпер у Вільні знойдзены парэшткі паўстанцаў, забітых у 1863—1864 гадах. Першы сярод іх — Кастусь Каліноўскі, які з’явіўся, быццам з таго свету, каб паглядзець, як мы, беларусы, выканалі яго запавет.
Василь Герасімчык, «Наша Ніва»