Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Анхела Эспіноса Руіс: Я стала занадта беларускай для Іспаніі

30.04.2019 общество
Анхела Эспіноса Руіс: Я стала занадта беларускай для Іспаніі

У беларускамоўнай паэтэсы з Малагі з’явілася новая мэта.

Якія нечаканыя супадзенні, нестандартныя здарэнні і капрызы лёсу былі патрэбныя дзеля таго, каб (не)звычайная іспанская грамадзянка патрапіла да вас на гэтыя старонкі? Баюся, было б цяжка скласці дакладную храналогію, сувязі між прычынамі і эфектамі і, асабліва мне, чыстаму гуманітарыю, выясніць статыстыку.

Затое магу сказаць пару рэчаў з адноснай упэўненасцю: па-першае, я дужа радая, што маё жыццё давяло мяне цяпер да супрацоўніцтва з вамі; па-другое, мяркую, усё-ткі варта падзяліцца з вамі скарочанай версіяй сваёй гісторыі.

Я заўжды думала, што чытачы – гэта такая катэгорыя сяброў, асабліва ў публіцыстыцы. І я чула, што газету сапраўды чытаюць, не толькі гартаюць ці выкарыстоўваюць для забойства мух, і таму трэба сказаць пару (тысяч?) слоў пра сябе.

Я нарадзілася вельмі далёка ад Беларусі, у горадзе Малага, што на поўдні Іспаніі, і ў мяне былі ўсе магчымасці правесці спакойнае жыццё, ніколі не запомніць, дзе Беларусь на мапе (мне сорамна, але далёка не ўсе іспанцы пакажуць), хадзіць на працу і памерці без дадатковых клопатаў… Буду шчырай – я заўжды жыла ва ўцёках. Куды? Ад чаго? А хто мяне ведае, але я марыла пайсці крыху далей, пабачыць яшчэ нешта, навучыцца глядзець на сябе і на свет чужымі вачыма.

У дзяцінстве я спяшалася. Навучылася чытаць у два гады, наперакор маці, і ніколі больш не кінула кніг; пайшла ў музычную школу і пачала самастойна вывучаць мовы з думкай аб тым, што яны ў будучыні спатрэбяцца і не будзе часу займацца.

Можа, гэта ад таго, што я ледзь не памерла двойчы да пяцігадовага ўзросту. А можа, такая генетыка мне дасталася.

Калі мне было 15 гадоў, да маёй школы дайшла інфармацыя пра стыпендыю Дзярждэпартамента ЗША: гэта быў летні семінар, як яны пісалі, «для маладых дыпламатаў», гэта значыць, для школьнікаў, якія цікавяцца культурнымі абменамі, міжнароднымі адносінамі і ўсякай такой тэматыкай. Там было адно месца на ўсю краіну, і абяцалі неверагодны досвед у амерыканскім універсітэце, паездкі ў Вашынгтон і Філадэльфію, новыя знаёмствы на ўсё жыццё. Я рыхтавала спіс аргументаў, каб бацькі дазволілі падаць заяўку. Яны мяне амаль нікуды не пускалі адну, моцна хваляваліся, калі ўсё ж хадзіла куды-небудзь. А тут адразу дазволілі. Таму што там было адно месца на ўсю краіну. Іх логіка была пабудаваная на ідэі, што будзе лягчэй дазволіць мне падацца, і каб Дзярждэпартамент адмовіў, чым спрачацца са мной. У мяне складаны характар. І тут здарылася першая неспадзяванка – мяне выбралі.

У Паўночнай Караліне было ўсё, як абяцалі: і заняткі былі крутыя, і паездкі пладавітыя, і, самае галоўнае, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі.

Як аказалася, гэты праект мае мэту наблізіць Усход і Захад, і таму было шмат студэнтаў з краін постсавецкай прасторы (у тым ліку, як можаце здагадацца, – з Беларусі).

Праз год арганізавалі афіцыйную сустрэчу ў Балгарыі, туды прыязджалі ўдзельнікі за апошнія тры гады праграмы. Так склалася, зноў выпадкова, што ў мяне засталося некалькі добрых беларускіх сяброў. Менавіта яны сталі маім першым кантактам з беларускай культурай, музыкай, літаратурай… Мова была пазней – сябры тады валодалі толькі на школьным узроўні.

Час ішоў, я паступіла на славянскую філалогію і, дзякуючы міжнароднаму журналісцкаму конкурсу па беларускай тэматыцы (у якім я нейкім цудам перамагла), мяне запрасілі ў Варшаву ў 2012 годзе.

Акурат там я ўпершыню апынулася ў цалкам беларускамоўнай кампаніі інтэлігентных людзей (былі там журналісты, літаратары, культурніцкія актывісты) і, так бы мовіць, закахалася ў беларускую мову. Я ўжо тады ведала, што менавіта ёй хачу прысвяціць сваё жыццё.

Не глядзіце на мяне так: я разумею, што гэта гучыць пафасна, затое я шчыра!

Па вяртанні на радзіму я пачала збіраць матэрыялы для вывучэння беларускай мовы. Аказалася, гэта было не так проста, як я думала, хаця ў 2012 годзе ў мяне ўжо быў нават смартфон. Матэрыялаў амаль не было. І тое, што было – усё на рускай мове, якую я ведала прымальна, але далёка не дасканала. Варта сказаць, што я амаль год збірала кнігі, курсы і практыкаванні і толькі ў 2013 годзе пачала сур’ёзна займацца беларускай мовай.

Праз некалькі месяцаў я завяла блог (цяпер мёртвы) дзеля моўнай практыкі, пачала пісаць нейкія вучнёўскія вершыкі. Я заўжды так раблю, калі вывучаю новую мову, для адчування яе асаблівасцяў. Не ведаю, як вы, а я шукаю свой голас праз паэзію. Праўда, ніколі не думала падаваць свае тэксты ў друк да таго, як беларусы пачалі прасіць. Мае вершы раптоўна і нечакана заўважылі людзі, якія вельмі актыўныя ў беларускай культуры. Алесь Мазанік і Глеб Лабадзенка паказалі мой блог Рыгору Барадуліну, як і маю песню на словы яго верша «Трэба дома бываць часцей». Дзядзька Рыгор, у сваю чаргу, ухваліў – нават даслаў кніжку з аўтографам незадоўга да сваёй смерці. Гэта падштурхнула яшчэ аднаго літаратара, Алеся Плотку, прапанаваць мае вершы на друк газеце «Новы час». Потым папрасілі нізку для «Маладосці», а крыху пазней Міхась Баярын паспрыяў дапісанню і выданню майго першага зборніка пад назвай «Раяль ля мора». Далей, можа, вы ведаеце, як пайшло. Людзі чамусьці захапіліся творчасцю паліглоткі-аматаркі, і ну, вось тут і я. Выпадкова.

Не скажу, што гэта заўжды было лёгка. У мяне больш-менш пастаяннае адчуванне, што я жыву двайным жыццём: у беларускіх і іспанскіх знаёмых цалкам адрозныя жыццёвы досвед, культурны кантэкст, светаўспрыманне.

А я з часам стала занадта беларускай для Іспаніі, і ўсё ж недастаткова беларускай для Беларусі.

Словамі вялікага Лявона Вольскага, «і тут ты чужы, і там ты чужы». Сустракалася з прадузятасцю людзей, хто скептычна ставіцца да экзафонных пісьменнікаў (і да замежнікаў у беларускай культуры ў цэлым), зайздрасцю, скандаламі, у якіх не хацела прымаць удзел, і іншымі непрыемнасцямі. Але я схлусіла б, калі б сказала, што негатыў пераважаў.

Кожная мова – новы сусвет, са сваімі таямніцамі і ўласным багаццем. А беларуская мова адкрыла перада мной вялікую колькасць новых магчымасцяў: мне быў дадзены шанец паглядзець на Беларусь сваёй оптыкай і выказаць свае пачуцці на беларускай мове, а таксама пачуць іншых «у арыгінале». Мне дасюль слаба верыцца, што я стала актыўнай часткай развіцця беларушчыны, што пазнаёмілася (і нават перайшла на «ты») з такімі неверагоднымі і важнымі для Беларусі людзьмі. Я была ў Беларусі некалькі разоў і змагла размаўляць з людзьмі на роднай ім мове. А цяпер, натуральна, з’явілася новая мэта: прыехаць да вас, у ваш рэгіён, каб наблізіцца да новых сяброў – чытачоў «Рэгіянальнай газеты». Абяцаю гэта зрабіць як мага хутчэй, а пакуль што – радая знаёмству!

Анхела Эспіноса Руіс, «Рэгіянальная газета»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]