Нобэлеўская ляўрэатка распавяла, што здолелі закрануць аўтары сэрыялу.
Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе заявіла, што лічыць міні-сэрыял «Чарнобыль» найлепшым сярод мноства экранізацый і пастановак «Чарнобыльскай малітвы». Аўтары сэрыялу патлумачылі Сьвятлане Алексіевіч, што адсутнасьць яе імя ў тытрах была тэхнічнай памылкай, якая мае быць выпраўленая. Нобэлеўская ляўрэатка адрэагавала і на папулярныя вэрсіі ў сеціве, што выдуманы пэрсанаж фільму Ўльляна Хамюк вельмі падобная на яе, а акадэмік Лягасаў — на яе настаўніка Алеся Адамовіча.
«Там ёсьць доля страху, развагі, прыгажосьць — тое, што мяне заўсёды хвалявала ў зьле»
— Спадарыня Сьвятлана, якое ваша самае моцнае ўражаньне пасьля прагляду сэрыялу?
— Вельмі моцнае ўражаньне. Вельмі моцны фільм. Нешта такое там было знойдзена ў эстэтыцы, што прабіваецца да сучаснай сьвядомасьці. Там ёсьць і доля страху, ёсьць развагі, ёсьць прыгажосьць. Гэта тое, што мяне заўсёды хвалявала ў зьле, калі гэта не адкрытае зло, калі столькі ўсяго перамешана. Гэта тая самая вайна, яна ж вельмі прыгожая. Уначы такое прыгожае неба, а ўнізе сьмерць. Мужчыны ў вайсковым адзеньні. Такіх мужчын у мірным жыцьці няма. Гэта вельмі цікава і прыгожа. Думкі пра небясьпеку. І ўсё гэта выканана ў іх (у фільме — РС).
Цяпер мы назіраем такую зьяву, што беларусы, пры тым што яны моцна пацярпелі і нібыта шмат ведалі пра гэтую трагедыю, абсалютна па-новаму паглядзелі на тэму Чарнобылю і па-новаму будуць успрымаць гэтую трагедыю, адчуваюць гэты трагізм. Штосьці такое здолелі закрануць аўтары сэрыялу, прытым што гэта людзі зь іншага сьвету, не зь Беларусі, ня з нашага рэгіёну. Гэта мяне заўсёды зьдзіўляла, калі заходнія людзі чыталі маю кнігу і ўдзельнічалі ў яе абмеркаваньні.
Ва ўсіх краінах сьвету, калі прыяжджаем да людзей у Сырыю, дзе ваююць, у Тайлянд, Калюмбію, Японію ці Нямеччыну, гэта іншы погляд. Напэўна праз тое, што ў нас шмат праблемаў, зьвязаных з рэальнасьцю, выжываньнем, дзяржаўным уладкаваньнем (мы ўсё яшчэ не зрабілі нармальнай дэмакратычнай нашу краіну) — мы вельмі занятыя ўсім гэтым. А там людзі думаюць ужо пра іншае. Іх хвалююць экзістэнцыйныя пытаньні, у якім сьвеце мы жывем, што мяняецца ў сьвеце, зь якой жанчынай ці мужчынам прайшло жыцьцё. І вельмі моцная экалягічная сьвядомасьць. Я думаю, што яна пранікае і да нас.
На нашых вачах у сьвеце адбываюцца зьмены. Белыя мядзьведзі, якія сядзяць на голай зямлі ў Арктыцы — усё гэта нясе страх. І Чарнобыль, які я называла рэпэтыцыяй Апакаліпсісу, прайшоў неяк міма культуры, мастацтва, асабняком быў у нашым жыцьці, нягледзячы на тое, што была Фукусіма, адбыўся паўтор, тое, што я называла хронікай будучыні, калі рабіла «Чарнобыльскую малітву».
Цяпер мы пачалі пра гэта больш думаць, асабліва маладыя людзі. Невыпадкова вельмі шмат менавіта маладых людзей глядзяць гэты фільм. Кажуць, што яго глядзяць разам у клюбах, абмяркоўваюць. Яны — другія людзі. Для іх пытаньні экалёгіі, асабліва на Захадзе — гэта тая гісторыя, празь якую яны разумеюць жыцьцё. Ёсьць экалягічная гісторыя. Будуць экалягічныя ўцекачы, экалягічныя праблемы маштабу непасільнаму чалавецтву. І гэта ў фільме прысутнічае.
Гэта вельмі добра зробленае кіно з усімі галівудзкімі набыткамі, прафэсійнымі і тэхнічнымі магчымасьцямі. Усё неяк добра злучылася. Рэжысэр — швэд паводле нацыянальнасьці. А ў швэдзкай сьвядомасьці асабліва моцна прысутнічае экалёгія. Яны шмат надаюць увагі праблемам экалёгіі, экалягічным прадуктам, экалягічнаму жытлу.
«Яны ўзялі ня толькі гісторыю пажарнага, там шмат майго тэксту ў рэакцыях людзей»
— Трагічная гісторыя пажарнага ў сэрыяле ўзятая з вашай «Чарнобыльскай малітвы». Заходнія СМІ выказалі здагадку, што выдуманы пэрсанаж Ульляны Хамюк, якую грае Эмілі Ўотсан, спэцыяльна зрабілі падобнай на вас, што гэта такі камплімэнт вам.
— Яны ўзялі ня толькі гісторыю пажарнага, некалькі гісторый узялі. Там шмат майго тэксту ў рэакцыях людзей. Напрыклад, калі людзі стаяць на мосьце і любуюцца пажарам. Першыя адчуваньні пасьля аварыі. Сьветапогляд таксама. Рэжысэр і прызнаецца, што гэта ўсё нарадзілася з «Чарнобыльскай малітвы». У мяне зь імі кантракт, усе аўтарскія правы датрыманыя.
— А чаму вашага імя няма ў тытрах?
— Мая літаратурная агентка паслала запыт, яны маўчалі спачатку. Газэты пачалі пісаць, пасьля майго інтэрвію швэдзкай газэце рэжысэр (Юхан Рэнк— РС) адказаў, што гэта тэхнічная памылка і ўсё будзе выканана. Тэхнічная або нейкая іншая, але факт, што гэта будзе адноўлена.
Беларускія паралелі: Лягасаў як Адамовіч, Хамюк як Алексіевіч
— Беларусі пісьменьнік Віктар Марціновіч параўнаў фaтаздымак Алеся Адамовіча і прафэсара Лягасава з сэрыялу і выказаў здагадку, што аўтары спэцыяльна зрабілі прафэсара Лягасава крыху падобным да пісьменьніка Алеся Адамовіча, вашага настаўніка, які таксама вялікі ўнёсак зрабіў у тое, каб сьвет ведаў праўду пра Чарнобыль. Як вы глeдзіце на тое, што з часам сэрыял проста пачынае жыць сваім жыцьцём і зьяўляюцца паралелі, пра якія аўтары, магчыма, нават і ня думалі, а беларусы іх бачаць.
— Я думаю, што гэтак жа як і са мной. Я ня думаю, што яны Хамюк пісалі зь мяне. Някрошус (літоўскі тэатральны рэжысэр — РС) перад сьмерцю паставіў спэктакль паводле «Цынкавых хлопчыкаў», і там нібыта я была галоўнай дзейнай асобай, але яна была абсалютна не падобная на мяне. У фільме гэта — неабходнасьць цэнтральнага, апорнага пэрсанажу, і гэта жанчына, можа быць, таму, што яны ўзялі з майго сьветапогляду гэтае адчуваньне жанчыны, сьвету жанчыны. Для мяне гэта вельмі важна.
У мяне вельмі шмат жанчын-гераінь ва ўсіх кнігах, ня толькі ў творы «У вайны не жаночы твар». Гэта сувязь з жывым. Жанчына надзвычай выяўляе сувязь рэчаў. Таму, напэўна, там была патрэбная жанчына, ня толькі адзін Лягасаў. Калі было б двое мужчын, то не было б сюжэту. Увялі жанчыну, і атрымалася — мужчына і жанчына, два сьветапогляды. Гэта вельмі цікава.
Што тычыцца Алеся Адамовіча, я таксама думаю, што яны не маглі так меркаваць, але часам некаторыя рэчы злучаюцца. Як адначасова нейкія ідэі зьяўляюцца ў розных краінах, у галовах француза і ангельца нейкім чынам можа зьявіцца ідэя, якая прыходзіць з часу. Так і тут было. Я ня думаю, што гэта была іх мэта, бо гэта — абсалютна наша гісторыя, а яны ўсё ж зрабілі рэч касмапалітычнага парадку, калі чалавек ужо па-за гісторыяй, ужо ў космасе. Там зусім іншая сувязь паміж рэчамі.
«Гэта негатовасьць людзей карыстацца прадуктамі культуры»
— Як вы ставіцеся да крытыкі сэрыялу ў сацыяльных сетках? Некаторыя пішуць пра пэўныя недакладнасьці, побытавыя дэталі, якія не маглі быць у той час. Для мне, напрыклад, калі я глядзела сэрыял, самае галоўнае было — адчуваньне праўды, праўды пра Чарнобыль, пра тое, што адбывалася. А некаторыя дробныя дэталі былі ня так істотныя. Як вы на гэта гледзіце? Ці абгрунтаваная такая крытыка?
— Гэта проста негатовасьць людзей карыстацца часам прадуктамі культуры. На нейкім узроўні яны гэта «сьцягваюць» на зямлю, да свайго разуменьня. Па-першае, гэта мастацкі фільм, і аўтар мае права на свае асацыяцыі і на сваё разуменьне рэчаў. А то кажуць: «Не, гэты міністар быў тоўсты, у гадах, а тут малады». Ці наадварот. Ці вокны былі не такія. З гэтага пункту гледжаньня калі паглядзець на знакаміты фільм «Браняносец Пацёмкін» Эйзэнштэйна, дзе дзіцячы вазок ляціць па лесьвіцы, то такой рэвалюцыі не было, сказаў бы нейкі матрос Жалязьняк.
Ня дай Бог, калі б праўда пра Чарнобыль ці пра ГУЛАГ была ў той час у руках саміх сьведкаў. Не. Гэта ўжо асьветлена творчымі ідэямі, творчымі людзьмі, мастакамі, якія стварылі з гэтага свае сусьветы. Што такое сапраўдны мастак? Ён стварае свой сусьвет. Гэта небясьпекі новага часу, спакусы самагубчага шляху цывілізацыі, якім мы ідзем, калі тэхналёгіі ператвараюцца ў формы вайны. Жалеза ўжо ваюе з намі. Мы ўжо ня роўныя ім. Яны нам непадуладныя. А што будзе далей... Я лічу, што такія рэакцыі проста несур’ёзныя.
Спачатку расейскія СМІ вельмі добра пісалі пра сэрыял, а потым, напэўна, былі вокрыкі з Крамля, і яны раптам зрабіліся вельмі патрыятычнымі. Раптам высьветлілася, што яны запускаюць два свае сэрыялы пра Чарнобыль, пра тое, як «нашы» выведнікі ловяць нейкага амэрыканскага шпіёна на станцыі. Божа мой, я калі гэта ўсё чытала, думала, трыццаць гадоў прайшло, няўжо нічога не зьмянілася ў сьвядомасьці? Атрымліваецца, што так і не ўвайшлі ў новы сьвет, не змаглі ўвайсьці ў гэты агульны новы сьвет, дзе ўжо абсалютна ясна пасьля Чарнобылю, Фукусімы, што мы жывем на маленькай Зямлі, што размова ідзе пра чалавека і прыроду, пра чалавека і космас, а не пра тое, што ёсьць расейцы, ці беларусы, ці амэрыканцы.
Калі я хадзіла па чарнобыльскай зямлі ў зоне, я абсалютна не адчувала сябе беларускай, я адчувала сябе прадстаўніцай нейкага біявіду. Не францужанкай ці амэрыканкай, а менавіта прадстаўніцай біявіду. Я бачыла, як пакутуюць жывёлы, птушкі, было адчуваньне, што жывое пакутуе і я — частка гэтага.
Ёсьць вельмі агрэсіўная крытыка. Я памятаю адзін ліст гэткага зьместу: «Вядома ж, у аснове ляжыць кніга Алексіевіч, там яе сьветапогляд, адчуваньні, дык што вы хочаце. Канечне, гэта вядомая русафобка, усё спэцыяльна зроблена. Нашыя канкурэнты такім чынам хочуць перамагчы магчымасьці і патэнцыял нашай энэргетыкі». Гэта проста немагчыма чытаць.
«Вельмі шмат было экранізацый, але ў мяне заўсёды была незадаволенасьць»
— З таго часу, як была надрукаваная «Чарнобыльская малітва», колькі студый, рэжысэраў, прадстаўнікоў кіно і тэатру зьвярталіся да вас з просьбай экранізаваць, паставіць яе на тэатральнай сцэне?
— Спэктакляў ва ўсім сьвеце ідзе вельмі шмат. Калі я жыла ў Францыі, там праходзіў вельмі цікавы фэстываль спэктакляў, зробленых паводле «Чарнобыльскай малітвы». Было каля 17 спэктакляў, і ў кожным — рознае бачаньне. Было цікава глядзець спэктаклі швэдзкіх, польскіх рэжысэраў. Каля 10 фільмаў было зьнята паводле «Чарнобыльскай малітвы». Ірляндзкая кароткамэтражная стужка «Дзьверы» спрабавала ў сваёй намінацыі прайсьці на «Оскар» і была амаль ля мэты.
Нядаўна выйшаў вялікі фільм «Галасы Чарнобылю». Вельмі шмат было экранізацый, але ў мяне заўсёды была незадаволенасьць. А ў гэтым фільме ёсьць адчуваньне новай прасторы, новай рэальнасьці, у якую мы, беларусы, патрыярхальная нацыя, як і ўкраінцы, ужо выкінутыя. Гэтага я нідзе не знаходзіла. Нават калі амэрыканцы зьвярнуліся да мяне з просьбай даць права на выкарыстаньне гэтых гісторый, я казала агенту: «Галя, будзе яшчэ адзін такі фільм... ». Я абсалютна не была перакананая... Пераканаў мяне, можа быць, толькі ганарар. Аказалася, што неверагодным чынам яны зрабілі, як цяпер лічаць, найлепшы сэрыял за ўсю гісторыю. А самае галоўнае, я б хацела, каб людзі глядзелі і думалі, паколькі мы ўступілі ў гэты сьвет і нам давядзецца жыць сярод гэтых небясьпекаў. А іх больш і больш. Штучны інтэлект, робаты — гэта ўсё зусім новы сьвет.