Сёлета імпрэза на Вушаччыне пройдзе ўжо 15-ты раз.
15 год таму Хрыстафор Жалябаў са сваімі аднадумцамі запачаткаваў традыцыю ўшанавання памяці славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, які нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года на Віцебшчыне.
Размова пра тое, як гэтая традыцыя развіваецца, нягледзячы на перашкоды з боку афіцыйных беларускіх уладаў.
Госць «Радыё Рацыі» – старшыня праўлення Віцебскага абласнога аб’яднання самакіравання і грамадства Хрыстафор Жалябаў.
- Набліжаецца 95-годдзе з дня нараджэння нашага славутага пісьменніка Васіля Быкава. І чарговы раз на ягонай малой радзіме ў вёсцы Бычкі адбудзецца імпрэза з гэтай нагоды. Менавіта Віцебская арганізацыя самакіравання і грамадства запачаткавала традыцыю ў Бычках.
- Так. У 2004 годзе на адным з паседжанняў было прынятае рашэнне, што наш абавязак – ушанаваць памяць Васіля Быкава. І таму было прынятае рашэнне ў дзень яго народзінаў правесці вялікі фэст. У арганізацыі мерапрыемства прынялі тады ўдзел усе актывісты Віцебскай вобласці, усе арганізацыі, якія ўваходзілі ў склад нашай сеткі. З самага першага дня, канешне ж, у арганізацыі свята ўдзельнічала Віцебская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы. І гэтае мерапрыемства стала пачаткам традыцыйнага штогадовага свята.
- Сёлета імпрэза на Вушаччыне пройдзе ўжо 15-ты раз. І за гэтыя гады, напэўна, мяняўся і фармат святкавання. І верагодна сёлетні фармат будзе чымсьці адметны.
- Фармат будзе адрознівацца з тым, што было раней. Гэта звязана з перашкодамі, якія, на жаль, нашыя ўлады робяць увесь час грамадскасці пры правядзенні такіх мерапрыемстваў. У апошні год вельмі павялічыліся кошты на паслугі міліцыянтаў, камунальшчыкаў на масавых мерапрыемствах. І мы палічылі, што нам трэба было б знайсці каля двух тысяч рублёў толькі для таго, каб аплаціць гэтыя паслугі. У нас такіх грошай няма. Таму мы вырашылі, што не будзем праводзіць гэта як афіцыйнае мерапрыемства. Мы не падавалі заяўку на дазвол з боку ўладаў. Мы праводзім гэта на сядзібе, якая калісьці была школай, дзе вучыўся Быкаў. Мы яе ў мінулым годзе набылі. Яна лічыцца прыватнай уласнасцю трох актывістаў. Гэта такі будучы культурніцкі цэнтр, дзе плануем праводзіць культурныя мерапрыемствы. І гэта наша тэрыторыя. Мы там збіраемся – сябры, прыхільнікі, тыя, хто шануе Быкава і тыя каштоўнасці, якія ён нам завяшчаў. Гэта будзе свята сяброў.
І, карыстаючыся нагодай, хачу запрасіць усіх жадаючых 22 чэрвеня а 12-й гадзіне ў Бычкі. Будзе вельмі карысна, вельмі святочна і вельмі прыемна!