Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Слоніме ўсталявалі бюст Міхала Казіміра Агінскага

31.10.2019 культура
У Слоніме ўсталявалі бюст Міхала Казіміра Агінскага

Помнік падараваў гораду мясцовы прадпрымальнік Уладзімір Вількіцкі.

У самым цэнтры Слоніма, недалёка ад драматычнага тэатра, усталявалі бюст гетману Міхалу Казіміру Агінскаму. Бюст зрабіў, падараваў гораду і ўстанавіў слонімскі прадпрымальнік Уладзімір Вількіцкі.

Урачыстае адкрыццё бюста адбудзецца сёлета ў лістападзе, перадае «Радыё Рацыя».

Нагадаем, што ў 1774 годзе Міхал Казімір Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча, ён частку ўласных маёнкаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй.

У шэрагу першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі, так званага «Опергаўза». Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна.

Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя. Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі стварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы. Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа.

Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце «Рыбакі» ў Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях на Украіне.

У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы.

Міхал Казімір Агінскі быў выдатным выканаўцам на некалькіх музычных інструментах. Сваё скрыпічнае майстэрства ён дасканаліў у знакамітага Віёці. У 1760 годзе ў Парыжы Агінскі так уразіў сваёй ігрой на арфе Дзідро, што славуты асветнік папрасіў маладога князя напісаць артыкул «Арфа» для французскай «Энцыклапедыі».

Гетман таксама выдатна іграў і на кларнеце, за што сучаснікі жартам называлі яго «гетман-кларнет». Але гэта яшчэ не ўсё. Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага быў таксама пісьменнікам. Ён напісаў і выдаў у сваёй слонімскай друкарні «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і кнігу вершаў «Байкі і не байкі» (1788).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі, слонімская рэзідэнцыя Агінскага канфіскуецца і хутка прыходзіць у заняпад.

Апошнія гады свайго жыцця Міхал Казімір Агінскі (памёр у 1800 годзе) правёў у сваіх палацах у Варшаве і ў Галенаве, дзе цешыў сябе музыкай і мастацтвам – тым адзіным, што ўтрымлівала яго пры жыцці.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]