Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сьцяг над Плошчай

06.11.2019 политика
Сьцяг над Плошчай

Памяці Алеся Шута.

У Лагойску на 68-м годзе у выніку анкалягічнай хваробы жыцьця памёр дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Алесь Шут. За трыа дні да сьмерці яму быў уручаны мэдаль Рады БНР - "За заслугі ў здабыцьці Незалежнасьці".

У дні 20-годзьдзя абвяшчэньня беларускай незалежнасьці Дзяніс, сын Алеся Шута, сказаў у інтэрвію Радыё Свабода, што «1991–1994 — найлепшы час у Беларусі за апошнія сотні гадоў». Тое сапраўды быў пэрыяд нацыянальнага Адраджэньня, пэрыяд магчымасьцяў, але ён не прыйшоў зьнянацку — за яго трэба было змагацца.

Алесь Шут

І Алесь Шут быў на самым першым рубяжы гэтага змаганьня.

Алесь Шут у Авальнай залі

Алесь Шут працаваў у Лагойску хірургам, намесьнікам галоўнага ўрача, калі праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. І — перамог першага сакратара райкаму партыі.

Ён ня быў прафэсійным палітыкам — ды і ніхто з нас, хто прыйшоў у Вярхоўны Савет, ім ня быў. Прафэсійнымі палітыкамі былі нашыя апанэнты, якім не хацелася ні дэмакратыі, ні эканамічных рэформаў, ні беларускай незалежнасьці. Таму палітыцы нам прыйшлося вучыцца, і вучыцца вельмі хутка.

Прычым Алесю Шуту даводзілася сумяшчаць палітыку з прафэсійнай працай — з 1987 года ён быў намесьнікам галоўнага ўрача Лагойскай бальніцы, але не адміністратарам, а практыкуючым хірургам. Хірургам ён працаваў да дэпутацтва, пад час яго і пасьля — і часам да яго па дапамогу прыходзілі пэнсіянэры, якія калісьці цкавалі яго за палітычныя погляды. Алесь лячыў і іх.

Ён быў сьціплым чалавекам, увогуле, ня шмат расказваў пра сябе, і я толькі некалькі гадоў таму даведаўся, што дзед Алеся быў рэпрэсаваны — як кулак (гэта значыць, за тое, што хацеў быць гаспадаром на сваёй зямлі). Але мне стала больш зразумелай непахіснасьць, зь якой дэпутат Шут усе шэсьць гадоў адстойваў права прыватнай уласнасьці на зямлю.

Мяне ўразіў расповед Алеся журналістцы Свабоды пра тое, як яму ўдалося ўбачыць справу свайго дзеда ў сьценах КДБ. Алесь удакладніў, што справу можна было толькі чытаць, а вось гартаць не дазвалялі — перагортвалі старонкі самі чэкісты. На той момант дзейнічаў закон аб статусе дэпутата, паводле якога для дэпутата Вярхоўнага Савета на тэрыторыі Беларусі не было «забароненых зонаў» — але, як выглядала, у сьценах КДБ гэты закон ня дзейнічаў, інструкцыі, пісаныя яшчэ ці не ў 1937-м, былі вышэйшыя за законы. І, напэўна, засталіся і цяпер.

Алесь Шут у часе сустрэчы з беларуская дыяспарай у ЗША

...У пачатку ліпеня 1990 Алесь Шут у ліку іншых 35 дэпутатаў падпісаў праект Дэклярацыі аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, які быў прадстаўлены Вярхоўнаму Савету і быў падмуркам да дакумэнту, які цяпер вядомы як Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Увосень таго ж 90-га Алесь браў удзел у распрацоўцы Канцэпцыі пераходу да рынкавай эканомікі і падрыхтоўцы блёку законапраектаў да іх, вылучэньне якіх ад імя Апазыцыі БНФ на сэсію было для камуністычнай большасьці сапраўдным шокам — нічога падобнага яны самі ня мелі і ад нас не чакалі.

У чэрвені 1991-га Алесь Шут з трыбуны Вярхоўнага Савета распавёў пра зацьверджаны Саўмінам яшчэ ў 1986 годзе загад аб закупцы мяса без уліку яго радыяактыўнай забруджанасьці, пра загад Міністэрства аховы здароўя СССР ставіць усім пацярпелым ад Чарнобылю дыягназ «вэгетасудзінная дыстанія, і назваў гарады (Слуцак, Мёры, Ушачы, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Барысаў, Бяроза, Крычаў, Горадня), на мясакамбінаты якіх паступала радыяактыўнае мяса.

Алесь Шут выступае на "чарнобыльскім" паседжаньні Вярхоўнага Савета, чэрвень 1990

Магчыма, калі б пра такія факты казаў дэпутат-журналіст ці дэпутат-гісторык, прадстаўнікі ўлады маглі б папракнуць у непрафэсіяналізьме. Дыплямаванага хірурга, да таго ж намесьніка галоўнага ўрача абвінаваціць у гэтым было немагчыма.

Напэўна, можна падлічыць, колькі жыцьцяў уратаваў хірург Шут — вядуцца ж гісторыі хваробы, існуе нейкая статыстыка. Але колькасьць тых, хто быў уратаваны ў выніку ягонага сьмелага выступу, падлічыць немагчыма, ясна толькі, што гэтых людзей вельмі шмат — і па ўсёй Беларусі.

Калі ў жніўні 1991-га людзі прыйшлі на плошчу, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ у патрабаваньні спыніць дзейнасьць КПБ-КПСС і абвясьціць Незалежнасьць, Алесь Шут узяў у аднаго ўдзельніка няспыннага мітынгу бел-чырвона-белы сьцяг, прынёс яго ў Дом ураду, у 363-ці пакой, дзе працавала Апазыцыя БНФ і вывесіў у вакно. І ўсе тыя дні, што ішла Сэсія Незалежнасьці, сьцяг лунаў над плошчай.

Сэсія тая ішла вельмі напружана. У сваім выступе Алесь Шут зьвярнуў увагу на істотны прававы казус, які значна ўскладніў становішча кампартыі: у партыі гэтай не было свайго статуту, зарэгістраванага на тэрыторыі БССР (на апошнім сваім з’езьдзе камуністы нагэтулькі кляліся ў вернасьці Маскве, што нават не палічылі патрэбным такі статут прымаць), а значыць, поводле беларускага заканадаўства, юрыдычна партыі не існуе.

Але найбольш важным быў іншы ўчынак Шута. Учынак, які пераламіў хаду сэсіі і, у канчатковым выніку, паспрыяў дасягненьню незалежнасьці. Калі 25 жніўня 1991 на трыбуну пайшоў член Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК КПБ Малафееў, Алесь Шут быў сярод тых дэпутатаў, хто — у самым прамым, фізычным сэнсе — сагнаў яго з трыбуны. Такое ганебнае фіяска правадыра, на вачах мільёнаў, было шокам для камуністаў (уявіце, каб на «усебеларускім сходзе» з трыбуны сагналі Лукашэнку), старшыня Вярхоўнага Савету Дземянцей падаў у адстаўку, і сэсія ўрэшце прыступіла да разгляду днём раней адрынутай прапановы дэпутатаў БНФ аб Незалежнасьці. А празь некалькі гадзінаў Беларусь дэ-юрэ Незалежнасьць атрымала.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ А. Малафеева, 25 жніўня 1991

Пачаўся час адбудовы новай краіны, фармаваньня яе дзяржаўных інстытуцыяў, у якім Алесь Шут браў чыны ўдзел. Алесь не працаваў у Вярхоўным Савеце на прафэсійнай аснове, ён быў намесьнікам галоўнага ўрача, заставаўся практыкуючым хірургам, і ўсё ж знаходзіў час прыяжджаць у Менск на паседжаньні Апазыцыі БНФ; ягоны подпіс — пад большасьцю заяваў Апазыцыі і прадстаўленых ёй законапраектаў.

У Ценевым кабінэце Алесь Шут адказваў за ахову здароўя; у Вялікабрытаніі яго лічылі б «ценевым міністрам» аховы здароўя. Ён быў бы дзейным міністрам, калі ня вынік выбараў 1994 году.

У часы, калі вырашаўся лёс беларускай дэмакратыі, Алесь быў сярод тых, хто ні на мілімэтар не адступаў ад дэмакратычных прынцыпаў, а галоўнае — не дапускаў ніякіх кампрамісаў адносна незалежнасьці краіны.

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ, 11 красавіка 1995. Фота Лявона Дзейкі

Прыгадваю, як раніцай 11 красавіка 1995 году ў Авальнай залі мы селі побач каля трыбуны, гледзячы ў вочы тым, хто меў намер падтрымаць рэфэрэндум, як пачалі не дабіраць належнай колькасьці галасоў прэзыдэнцкія прапановы, і як потым нас зьбівалі ў Авальнай залі і праз фае, па сходах, вывалаквалі да выхаду і кідалі ў «варанкі».

І калі назаўтра Лукашэнка заявіў, што «іх нікто не біл», Алесь узьняў кашулю і паказаў крывападцёк. Гэты момант абышоў шмат якія газэты сьвету, фіксуючы новы этап аўтарытарызму ў Беларусі.

Дэпутат Апазыцыі БНФ Алесь Шут пасьля зьбіцьця ў часе галадоўкі, 12 красавіка 1995. Фота з газэты «Свабода»

А цяпер скажу тое, што ня ўсім вядома. Крывападцёк, які застаўся на сьпіне Алеся, быў ня вынікам зьбіцьця ў самой Авальнай залі (ад гэтага ў Шута былі іншыя сьляды).

Нас, пасьля як пакідалі ў варанкі па трое-чацьвёра, разьвезьлі ў розныя месцы Менску і высадзілі. А Алеся міліцыянты ня проста выкінулі з машыны, але і зьбілі ізноў — дубінкамі. Выглядала, не па загадзе — па вяленьні душы.

Надыходзіў час чорных душаў.

Але мы будзем памятаць і сьветлыя часы, і Алеся Шута, і Сьцяг, які ён узьняў над Плошчай.

Алесь Шут. Фота Дзяніса Шута

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]