Усе іншыя краіны адмянілі масавыя мерапрыемствы, каб не заражаць людзей каранавірусам.
Сёння а 11-й у Мінску пачнецца парад да 75-годдзя Перамогі. Усе іншыя краіны Еўропы і СНД адмянілі масавыя мерапрыемствы, каб не павялічваць рызыку заражэння людзей каранавірусам, перадае nn.by.
Беларусь адзіная на кантыненце праводзіць вайсковы парад. «Мы не можам іначай», — заявіў Лукашэнка.
Вайскоўцы Расіі і Кітая, якія павінны былі браць удзел у парадзе, адмянілі свой удзел. Не прыехаў у Мінск і ніводзін кіраўнік замежнай дзяржавы.
Парад 2020 года сабраў нашмат менш гледачоў, чым звычайна. Былі запоўненыя трыбуны, але ўздоўж парапетаў на навакольных вуліцах стаялі толькі некалькі тысяч гледачоў.
Частка гледачоў на трыбунах сядзелі ў масках. Варта адзначыць, што людзі на трыбунах былі рассаджаныя цесна, без выканання 2-метровай дыстанцыі, рэкамендаванай медыкамі на перыяд пандэміі. У масках сядзелі пераважна людзі маладзейшыя, тады як ветэраны пераважна абыходзіліся без масак.
Сам жа парад адбыўся ў поўным фармаце, з праходам вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі.
Лукашэнка выступіў на парадзе па-руску, па-руску рапартавалі яму вайскоўцы, па-руску вялася і трансляцыя парада на дзяржаўных тэлеканалах.