Беларусы мірна выйшлі на вуліцы і выклікалі незвычайную салідарнасць.
5 верасня ў Чырвоным касцёле ў Мінску прайшла імша ў памяць пра забітых і пацярпелых на мірных акцыях. Сайт gazetaby.com прапануе фрагменты выступлення біскупа Юрыя Касабуцкага. Прамова была сустрэтая авацыямі вернікаў.
— Дарагія людзі. Сапраўды, я маю пэўнае такое ўнутранае перажыванне, калі бачу сёння столькі вас. Сапраўды, ні адзін святар, ні адзін біскуп не мог бы не радавацца, калі стольі народу збіраецца ў храме. Асабліва пасля часу пандэміі, калі храмы былі паўпустыя, калі мы глядзелі імшу падчас онлайн-трансляцый, то я сапраўды павінен быў бы радавацца.
Але з другога боку, тая нагода, з-за якой, можа, многія з вас прыйшлі, даволі сумная. Бо ўсе мы ведаем, што адбылося ў нашай краіне.
Мы сабраліся, каб памаліцца за ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб наша Бацькаўшчына была шчаслівай. За ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб мы жылі ў свабоднай краіне. За ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб у нашай краіне мы, людзі, не мелі бы шантажу, запалохвання, рэпрэсій уціску.
Бо менавіта на гэтых фундаментах базуецца наша жыццё. Але мы б хацелі быць свабоднымі, міралюбівымі беларусамі, якія будуюць шчаслівую будучыню.
Мы сутыкнуліся з тым, што людзі мірна выйшлі на вуліцы, і калі яны выйшлі на гэтыя вуліцы, то многія не вярнуліся дадому. І ўжо не вернуцца ніколі.
Сёння я дзесьці пачуў думку аднаго чалавека, які сказаў, што дзякуй Богу, пакуль яшчэ не шмат людзей… І я папраўляю і кажу, што як вы можаце казаць: хвала Богу, што яшчэ не шмат людзей?
Мы кажам, даруй нам Божа, што на нашай зямлі ўвогуле хтосьці загінуў, хтосьці аддаў сваё жыццё. Бо гэта трагедыя! Трагедыя ўсяго нашага народу.
А тыя людзі, якія загінулі… Я не хачу вымаўляць гэтыя словы. Поле бітвы альбо штосьці яшчэ. Гэта не было поле бітвы. Людзі, якія мірна выйшлі з дому каб сказаць: «Я хачу праўды, я хачу справядлівасці, я хачу, каб мы былі добрасумленнымі людзьмі», яны загінулі.
Я думаю, што гэтых людзей, нават калі яны былі неверуючымі, нават калі яны былі здалёку ад Бога, Бог прытуліў да свайго сэрца. Яны аддалі сваё жыццё, яны не спадзяваліся, што ніколі не вернуцца дадому.
Былі тыя людзі, якія выйшлі на вуліцы сказаць сваё «не», сказаць — я супраць кламства, я супраць ілжы. Я хачу проста выказаць свій пратэст.
Але за тое, што выказвае свой пратэст, яго збілі, скалечылі. Яго завезлі на Акрэсціна, у Жодзіна, яшчэ кудысьці. Там над ім здзекваліся, яго катавалі. І тыя людзі прыходяць да нас сёння, да нас, святароў. І кажуць: «Можна мы з вамі падзелімся?»
Гісторыя аднаго чалавека, які прыйшоў і сказаў, што не будзе азываць сябе. (…) Ён пачаў расказваць жудасныя гісторыі пра тое, што з ім рабілі. Ён паказваў тыя сінякі, усё тое, што ў яго захавался, гіпс. Але сэнс трошачку ў іншым. У гэтага чалавека раны зажывуць.
Я ў сваім жыцці таксама перажыў рознае. Я трапіў у аварыю, перанёс клінічную смерць. Каля года я з адной бальніцы ў другую… Гэта ўсё зажывае. З цягам часу раны фізічныя, гэтыя сінякі, паломы, ўсё гэта зажывае…
Самая страшная рэч — псіхалагічная траўма, якая з’яўляецца ў сэрцы чалавека, якая раніць душу чалавека. І сёння ў нашым грамадстве, я не кажу толькі пра тых людзей, што пацярпелі, я кажу пра іх мам і тат, я кажу пра ўсіх сяброў, якія бачылі іх, кажу пра тых людзей, якія не абыякавыя да гэтай сітуацыі, гэта духоўная і псіхалагічная траўма.
Таму што ў нашых сэрцах сееца злоба, нянавісць, жаданне помсты. Сеецца страх, недавер. І калі людзі, што выходзяць на мірныя акцыі сёння, і кажуць: «Не забудем, не простим!», мне найбольш балючыя словы «не простим». Бо гэта нязгодна з хрысціянскім духам, гэта менавіта тое, што д’ябал хацеў пасяліць у сэрцы нашых людзей.
Мы, беларусы, заўсёды былі мірнымі людзьмі. Мы заўсёды жылі ў згодзе. Але нам сеюць гэтую нянавісць і злосць у нашыя сэрцы. І мы молімся за тых людзей, што пацярпелі. За тых студэнтаў, што сёння так брутальна на Карла Маркса скручвалі. За тую дзяўчыну, што цягнулі за валасы. (…)
Калі гэта было бачна, што ў краіне людзі са стархам глядзяць на тых, хто павінен ахоўваць нас? Хто павінен ахоўваць наш супакой. Хто павінен, наадварот, дбаць пра тое, каб мы адчувалі сябе ўтульна і спакойна. (…)
Сумленне дадзенае чалавеку, каб адрозніваць, што ёсць добрае, а што дрэннае. Нягледзячы на тое, што яму прамываюцца мазгі. Ідэолагі працуюць дзень і ноч, каб задушыць гэты голас сумлення. Каб гэтае сумленне было дзесьці схаваным. Так, яно можа быць схаванае, можа быць за кратамі, але яно ўсё адно ёсць у сэрцы і душы чалавека. (…)
Мы молімся за тых людзей, якія здзяйсняюць тыя ўчынкі, якія мы не можа назваць учынкамі чалавека. За тых людзей, якія займаюцца катаваннем, збіваннем, насіллем. (…)
Мы молімся за тых суддзяў, што сёння оптам даюць розныя прысуды. Молімся за тое, каб гэтая клетачка сумлення адкрылася. (…)
Сёння за нашу краіну моліцца ўвесь свет, бо мы маем столькі сведчанняў, столкі людзей хочуць падказваць, што яны сёння салідарныя з намі.