Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Найстарэйшы ў Беларусі каталіцкі біскуп: Сумленне - гэта голас Бога, які гучыць у чалавечай душы

08.09.2020 политика
Найстарэйшы ў Беларусі каталіцкі біскуп: Сумленне - гэта голас Бога, які гучыць у чалавечай душы

Біскуп Казімір Велікаселец заклікае да абуджэння сумлення і малітвы аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча.

Біскуп Казімір Велікаселец, які сёлета адзначыў свой 75-ы дзень нараджэння, піша для catholic.by пра супрацьстаянне дабра і зла, якое адбываецца ў чалавечых душах і сёння асабліва востра адчуваецца на нашай зямлі:

- Біблія — гэта Святое Пісанне і самая вядомая ў свеце кніга. Яна пачынаецца са словаў: «Напачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быц 1, 1). Пра стварэнне чалавека сказана: «Пан Бог стварыў чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры ягоныя подых жыцця, і стаў чалавек жывой істотай» (Быц 2, 7).

Знакаміты вучоны і першы рускі акадэмік Міхаіл Ламаносаў казаў: «Бог даў мне дзве кнігі: прыроду і Біблію», а Дзмітрый Мендзялееў насуперак тым, хто імкнуўся супрацьпаставіць Божую праўду і навуку, сцвярджаў, што верыць у бессмяротнасць душы.

Сумленне — гэта голас Бога, які гучыць у чалавечай душы. Той, хто яго заглушае, неадменна прыходзіць да трагічных наступстваў, да асабістай духоўнай і маральнай катастрофы.

Гэта выдатна паказаў Фёдар Дастаеўскі ў сусветна вядомым рамане «Злачынства і пакаранне», які дзеці цяпер вывучаюць у школе.

Мы жывем у 2020 годзе ад Нараджэння Езуса Хрыста. Бог прыняў цела чалавека, вучыў нас любіць Бога і бліжніх, для нас устанавіў святую Эўхарыстыю, за нас пакутаваў і памёр на крыжы. Сваім уваскрасеннем Ён адкрыў усім людзям шлях у Божае Валадарства. На гэтым шляху нас падтрымліваюць і ўмацоўваюць святыя сакрамэнты — бачныя знакі нябачнай Божай ласкі, неабходнай для збаўлення.

Езус скіраваў сваіх вучняў на ўвесь свет, каб яны былі сведкамі Яго ўваскрасення і бязмежнай любові да ўсіх людзей. Апосталы не толькі абвяшчалі гэтую праўду, але і прынялі за яе мучаніцкую смерць на ўзор свайго Настаўніка і Пана.

Хрысціянства — гэта аснова цывілізацыі Еўропы, у тым ліку і нашай роднай Беларусі.

Чалавек, які верыць і моліцца, атрымлівае Божую ласку, якая напаўняе яго святасцю, любоўю і мудрасцю. У вялікай сіле малітвы на ўласным вопыце ўпэўніліся шматлікія пакаленні нашых продкаў.

Святы апостал Павел піша: «Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе», гэта значыць — у Езусе Хрысце (пар. Флп 4, 13). Усім нам неабходна ўсвядоміць і прыняць гэтую праўду, каб у сваім жыцці імкнуцца быць падобнымі да Хрыста, ісці шляхам веры ў Бога і любові да бліжняга.

На жаль, мы часта бачым, асабліва цяпер, як людзі выбіраюць у жыцці іншы шлях — шлях зла, на які штурхае іх спакуснік, злы дух.

«Змей быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, якіх стварыў Пан Бог» (Быц 3, 1), — сказана ў Бібліі. Ён хітрасцю падштурхнуў першых людзей да граху і сёння працягвае сваю згубную справу, схіляючы чалавека да дэградацыі праз пажадлівасць вачэй, пажадлівасць цела і жыццёвую пыху (пар. 1 Ян, 2, 16). Бог з любові стварыў чалавека і коштам жыцця свайго Адзінароднага Сына збавіў яго, а сатана ад пачатку быў падманшчыкам і чалавеказабойцам (гл. Ян 8, 44). Бог дае чалавеку наказ: «Любіце адзін аднаго», а д’ябал падбухторвае людзей ненавідзець і забіваць сваіх братоў і сясцёр. «Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці», — асцерагае нас святы апостал Пётр (1 П 5, 8).

Наша краіна перажыла дзве сусветныя вайны і крывавую трагедыю бальшавіцкай рэвалюцыі. Аляксандр Салжаніцын, які прайшоў жудасны сталінскі ГУЛАГ, быў сведкам таго жаху, да якога прывёў наш народ адыход ад Хрыста і Яго запаведзяў. За 70 гадоў панавання бязбожнай і нялюдскай савецкай улады ў лагерах загінулі каля 40 тысяч святароў і 11 мільёнаў чалавек. Немагчыма палічыць усіх разбураных святыняў, многія з якіх былі не толькі месцамі малітвы, але і помнікамі архітэктуры, што ўпрыгожвалі нашыя гарады і вёскі і сведчылі пра пабожнасць і таленавітасць нашых продкаў.

Святыня — гэта дом Божы, дзе чалавек умацоўваецца духоўна, атрымлівае ласку ад Пана Бога.

Без любові і Божай праўды няма будучыні. Яе проста немагчыма пабудаваць на хлусні і насіллі, якіх мы столькі бачым цяпер навокал.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, будзем жа маліцца за сябе, за нашыя сем’і і за ўвесь народ, каб мы жылі ў любові, Божай мудрасці і святасці.

Молімся і за нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які нарадзіўся на гэтай зямлі. Тут ён вучыўся, тут Бог паклікаў яго да святарства. З 1988 года ён служыў Богу і людзям у Беларусі як святар, а з 1989 года — як біскуп.

Пасля 70 гадоў бясслаўнага панавання багаборчай улады трэба было аднаўляць разбураныя і знявечаныя святыні, адраджаць зруйнаваную духоўнасць народа. З гэтай мэтай біскуп Тадэвуш Кандрусевіч арганізаваў у Гродне духоўную семінарыю, з якой выйшла нямала служыцеляў алтара, некаторыя з якіх ужо самі сталі біскупамі. Цяпер мы молімся і чакаем вяртання нашага арцыпастыра на Радзіму і верым, што Бог выслухае нашыя малітвы.

Няхай Бог благаславіць усіх нас і нашу дарагую Бацькаўшчыну!

Біскуп Казімір Велікаселец

Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]