Маці экс-палітвязьня Аліневіча ня ведае, дзе сын.
Родныя экс-палітвязьня Ігара Аліневіча гавораць «Радыё Свабода», што нічога ня ведалі пра ягоны намер прыехаць у Беларусь.
«Усё як звычайна, нават горш»
Пра затрыманьне экс-палітвязьня Ігара Аліневіча стала вядома ў ноч на 29 кастрычніка. У 2 гадзіны ночы родным Ігара патэлефанавалі з памежнага пераходу ў Ельску і паведамілі, што Ігар знаходзіцца там.
Ніякай новай інфармацыі яго родныя з таго часу не атрымлівалі.
«У мяне няма ніякай новай інфармацыі, — гаворыць маці Ігара Аліневіча Валянціна. — Я нават ня ведаю, дзе цяпер сын знаходзіцца. Усё, што вядома на гэты момант, гэта інфармацыя зь міліцэйскіх „зьліваў“.
Валянціна АліневічНіхто не адказвае на нашыя пытаньні. Абышла ўсё ўжо, ніхто нічога ня кажа. Усё як звычайна, нават горш. Нам пазванілі ўначы з памежнага атраду, паведамілі пра затрыманьне Ігара. Гэта было ў дзьве гадзіны ночы, з 28 на 29 кастрычніка. Больш ніякай афіцыйнай інфармацыі мы не атрымлівалі.
Мы званілі ў Каленкавічы, там гаварылі, што сына няма ў іх. Хаця ўчора па тэлевізары расказалі, што Ігар быў акурат у Каленкавічах. Потым яго нібыта некуды перавезьлі, але куды, нам не гавораць».
Па словах Валянціны Аліневіч, яна спрабавала знайсьці сына ў СІЗА і ІЧУ Менску, аднак беспасьпяхова. Ёй альбо адмаўляліся даваць інфармацыю, альбо казалі, што Ігара ў іх няма.
31 кастрычніка расейскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на Памежны камітэт Беларусі коратка паведаміў пра затрыманьне на беларуска-ўкраінскай мяжы групы з чатырох чалавек, якія нібыта мелі пры сабе зброю. Сьцьвярджалася таксама, што яны належаць да анархісцкага руху. Пазьней інфармацыя пра затрыманьне «радыкальна настроенай групы» зьявілася ў тэлеграм-канале Памежнага камітэту.
У паведамленьні памежнікаў гаварылася, што пры сабе затрыманыя мелі агнястрэльную зброю, гранату, халодную зброю, фотакамэру, ноўтбукі і іншае абсталяваньне.
Такую ж інфармацыю ў эфіры БТ агучыў прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі сьцьвярджаецца, што Аліневіч мог мець дачыненьне да падпалаў аўтамабіляў ля будынка пракуратуры ў Салігорску і будынка ДАІ ў Мазыры.
Разам зь ім ля ўкраінскай мяжы затрымалі яшчэ трох актывістаў: Дзьмітрыя Рэзановіча, Сяргея Раманава і Дзьмітрыя Дубоўскага. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», усе затрыманыя могуць знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.
Дзьмітры Разановіч здолеў патэлефанаваць сваякам і паведаміць, што ім выстаўляюць абвінавачаньне паводле артыкулу 289 (акт тэрарызму) і артыкулу 295 (незаконнае абарачэньне зброі) Крымінальнага кодэксу.
courtesy photo«Мы ня ведаем нават, у чым абвінавачваюць сына, паводле якога артыкулу, — гаворыць маці Ігара Аліневіча Валянціна. — Толькі тое, што паказваюць па дзяржаўных тэлеканалах. Як звычайна ў нас. Да суду па тэлевізары расказваюць пра нешта. Ну я хоць тэлевізар пагляджу, так ніколі яго не ўключаю. Што я думаю пра інфармацыйныя зьлівы і тэлесюжэты? Што я магу гаварыць, калі я нічога ня ведаю. Як можна нейкія высновы рабіць, калі няма ніякай дакладнай інфармацыі? Адзінае, што я магу сказаць, гэта тое, што я была абсалютна ня ў курсе плянаў Ігара прыехаць у Беларусь. Ён не дзяліўся сваімі плянамі пра гэта».
«Казала, што не пасьпееш прыехаць, як цябе тут жа на мяжы схопяць»
Валянціна Аліневіч гаворыць, што з сынам кантактавала рэгулярна. Апошнім часам адгаворвала ад прыезду ў Менск.
«Калі толькі пачынаўся каранавірус, Ігар ірваўся прыехаць, дапамагчы нам тут, — гаворыць Валянціна. — І я яго ўвесь час адгаворвала. Казала, што не пасьпееш прыехаць, як цябе тут жа на мяжы схопяць. Таму што цяпер усіх запар хапаюць. Гэта было яшчэ вясной, і пазьней таксама мы абмяркоўвалі».
Па словах жанчыны, зараз яна занятая найперш пошукамі сына і адваката для яго. Валянціна Аліневіч дапускае, што закрыцьцё межаў Беларусі з 1 лістапада можа быць зьвязанае з затрыманьнем яе сына. Праблемы з уездам у краіну пачаліся акурат 29 кастрычніка, неўзабаве пасьля затрыманьня Ігара Аліневіча на мяжы.
«Адваката ў Ігара пакуль няма, я цяпер спрабую вырашыць гэтае пытаньне, — кажа Валянціна Аліневіч. — Разумееце, мы нават ня ведаем, дзе ён. Калі па-ранейшаму ў Гомельскай вобласьці, то трэба там некага наймаць. Калі ў Менску, то тут. Вось ужо трое сутак з моманту затрыманьня, але нічога мы ня ведаем. Для нас затрыманьне Ігара было вялізным шокам. Думаю, што закрыцьцё межаў зьвязана з затрыманьнем Ігара. Улады баяцца».
Хто такі Ігар Аліневіч
Ігару Аліневічу 37 гадоў. Па спэцыяльнасьці ён інжынэр-электроншчык. 28 лістапада 2010 году Аліневічы быў затрыманы, а 27 траўня 2011 году асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у «хуліганстве, учыненым групай асобаў, і пашкоджаньні маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам у асабліва буйным памеры».
На судовым працэсе ішла гаворка аб нападзе на амбасаду Расеі ў Менску, акцыі ля Генштабу, а таксама пашкоджаньні будынкаў казіно і камэрцыйнага банку. Ігар Аліневіч віны сваёй не прызнаў ні ў адным з эпізодаў.
У 2015 годзе ён выйшаў на свабоду разам з Міколам Статкевічам і шэрагам іншых палітвязьняў. Неўзабаве пасьля вызваленьня Аліневіч зьехаў зь Беларусі, жыў за мяжой.
У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч стаў першым ляўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча ў намінацыі «За асабістую мужнасць».