На аптымізм і ўпэўненасць у перамозе настройвае сумленне і неўміручая любоў да Айчыны.
Шчаслівым чалавекам я быў часта. Калі ўпершыню ў маленстве адчуў хараство акаляючага свету і ўсвядоміў сваю прысутнасць у ім, калі ўбачыў нешта вартае ў напісаных вершах, калі сустрэў каханне, калі нарадзіліся дочкі Алена і Святлана, унучка Марына і ўнук Францішак.
Цяпер, нягледзячы на жахлівы стрэс, знясільваючыя маральныя і фізічныя пакуты, цяжкія і незваротныя людскія страты, якія перажывае грамадства па віне нахабнага нелегітымнага ўзурпатара і яго садыстаў, я ўпэўнены, што народ абавязкова выйдзе з зацяжнога піке нацыянальнай, палітычнай, эканамічнай і культурнай дэградацыі на шлях адраджэння, свабоды і дэмакратыі.
Помню, як некалі адчуваў на сабе, што ў агні пакутаў і выпрабаванняў выгарае ў душы смецце, занесенае нахрапістай савецкай ідэалогіяй і хлуслівай прапагандай, стваральнікамі гістарычных міфаў, якія запаланілі школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі. Дзякуючы полымю горкай праўды, абвастраліся інстынкты і пачуцці, мацнела, налівалася нязломнай сілай душа.
Ні Радзіму, ні народную сям’ю не выбіраюць. Пачуццём любові да роднага і блізкага напоўнены ўсе мае зборнікі вершаў і паэм, кнігі эсэ і публіцыстыкі «Беларускае сэрца», «Вячэра пад райскім дрэвам», «Насустрач».
Мяне папракалі за нацыяналізм, за любоў да беларускага люду, казалі, што ён ні на што не здатны, затурканы, палахлівы, рабскі, а ты ўслаўляеш яго. У артыкуле «Беларускі нацыяналізм. Ці ёсць ён?» («Народная газета», 25 студзеня 1995 г.) я пісаў: «Усе савецкія гады нас вучылі класавай нянавісці, барацьбе. Трэба пачынаць вучыцца будаваць нармальнае жыццё, вучыцца любіць. З нашае любові да роднай зямлі, да свайго народа, з грамадзянскага ўзаемаразумення, з самаахвярнае, апантанае працы кожнага чалавека абавязкова вырасце магутнае дрэва беларускай дзяржаўнасці…
Наша нацыянальная ідэя мае вялікае адрозненне ад тых узнятых сцягоў, пад якімі чыніцца гвалт, ліецца кроў. Гэта не ваяўнічы нацыяналізм, скіраваны супраць некага, а ратунак нацыі ад сканання…
На Зямлі ёсць адна Беларусь, другой няма. Толькі тут, у месцы, вызначаным для беларусаў Вышайшай Воляю, яны могуць рэалізавацца, як нацыя».
Займаючыся публіцыстыкай, не хаваючы негатыўныя рысы ў характары землякоў, я шукаў залацінкі смеласці, мужнасці, дабрыні і любові. Адказ крытыкам быў такі: на беларусаў абрынулася столькі войнаў і рэвалюцый, прыгнёту і гвалту, што яны не паспяваюць выпростваць плечы і ачышчаць ад страху душу.
А сёння я ганаруся сваім народам! Цуд адбыўся. Пра гэта верш «Адкуль?»:
Адкуль любові музыка сыходзіць,
Якая нараджае адкрыццё,
Што досвітак і чырвань на заходзе –
Не дар, а волі вечнае быццё?
Адкуль узніклі хвалявання дрыжыкі,
Як плоць знаходзіць высілкі свае,
Каб не баяцца непапраўнай рызыкі,
Калі апошні выбар настае?
Душа збярэ ў сябе любую дробязь,
Завяжа моцна роднасці хатуль.
Ты крок насустрач смерці смела зробіш,
Каб засланіць сабой жыццё ад куль…
Адкуль любові музыка,
Адкуль?
Роздум пішацца беларусам, які жыў пры Сталіне, Хрушчове, Брэжневе, Чарненку, Гарбачове, Шушкевічы і Лукашэнку. Меў магчымасць назіраць за ўладай як пераважна звонку, так і аднойчы знутры, бо быў яе вінцікам.
Мая праца ў ЦК КПБ прыпала на час П.М. Машэрава і Ц. Я. Кісялёва. Сведчу, што гэта былі адукаваныя, разумныя і ўмелыя кіраўнікі, пры якіх Беларусь стала развітай рэспублікай СССР. Іншая справа, што тады існаваў дыктат савецкай сістэмы, якая здавалася ўсім непахіснай.
Чаму я ўспомніў мінулае? Характарыстыкай згаданых дзеячаў было тое, што яны любілі родную Беларусь і яе людзей, адчувалі за іх адказнасць. Мне даводзілася часам дапамагаць ім у літаратурнай апрацоўцы прамоў і выступленняў, размаўляць сам-насам у службовым кабінеце. Два разы чуў гутарку па тэлефоне Пятра Міронавіча з Л. Брэжневым, калі абараняліся інтарэсы рэспублікі. У маім архіве ёсць копія ліста Ціхана Якаўлевіча, напісанага на бальнічным ложку, у якім выказана любоў да роднай мовы і павага да пісьменнікаў, перадаецца падзяка за творчасць. Ва ўсіх, хто ведаў гэтых кіраўнікоў, застаўся свой вобраз, але несумненна, што ў памяці жыве самае важнае — яны горача любілі крэўнае, спрадвечнае.
Рэжым, які гарбузіў дыктатарскую вертыкальную дзяржаўнасць з 1994 года, знішчаў пад корань не толькі свабоду і дэмакратыю, родную мову і культуру, але і вядомых людзей. Рэпрэсіі не спыняліся, мацнелі. Брэсцкі архітэктар В. Бабрук, які асуджаны «за палітыку» тройчы, гаворыць: «За эти 26 лет мы скатились в какую-то бездну, из которой трудно найти выход…» А мой пастаянны чытач пасля новых скандалаў у СМІ выказаўся так: «Я не мог нават падумаць, што ў злачыннай «маліне» будуць знаходзіцца палкоўнікі, генералы, міністры, дэпутаты і сам прэзідэнт з бліжэйшай абслугай».
Услед за дыктатарам, які лічыць сябе стваральнікам і ўладаром краіны, сілавікі таксама ўявілі сябе гаспадарамі, бо ім зверху забяспечана беспакаранасць за злачынствы. Дэбілы з біцэпсамі, накручаныя вар’яцкімі інструктажамі камандзіраў і палітрукоў, не толькі калечаць людзей фізічна, але і зневажаюць, брыдка лаюцца, змушаюць таленавітых студэнтаў, урачоў, выкладчыкаў, настаўнікаў, спартсменаў, інжынераў, рабочых, паэтаў, акцёраў, спевакоў крычаць: «Я люблю ОМОН!», спяваць гімн, наступаць на бел-чырвона-белыя сцягі.
А хто яны ў параўнанні з нацыянальнай элітай? Нікчэмнасці з дубінкамі і стрэльбамі! Яны па сутнасці — не беларусы, не рускія, не асеціны, не татары, яны – ніхто, пустое месца. Яны не прадстаўляюць нікога.
Каб нешта значыць у белым свеце, патрэбна быць кімсьці і любіць. А яны прывыклі толькі ненавідзець, брахаць, тупа выконваць каманды гаспадара, які любіць аднаго сябе.
Увесь свет убачыў, у што Лукашэнка і яго прыхлябацелі — кампаньёны па хакеі, лыжных гонках, «Славянскіх базарах», «Дажынках», зборы кавуноў – ператварылі прыстойную краіну. А сёння разбэшчаная «шація-брація», хаваючыся за балаклавамі, ужо вядзе дзікае паляванне на людзей, збівае і захоплівае іх, раз’язджаючы па няскораных дварах беларускіх гарадоў.
Душа майго народа лунае над збітым, спакутаваным целам, над Беларуссю, як велічны бел-чырвона-белы сцяг. На горкім вопыце мы прыйшлі да высновы, што ў жыцці можна вытрымаць усё, акрамя прыніжэння і рабства.
Беларускі народ унікальны! У ім сотні тысяч герояў! Пра гэта захоплена расказваюць тысячы замежных публікацый.
Але скажыце, людзі добрай волі, колькі яшчэ беларусаў павінна загінуць ад рук садыстаў, каб абараніць свабоду і дэмакратыю, чалавечую годнасць? Дзе санкцыі, якія дапамогуць нам не на словах, а рэальна?
А беларусы мужна ідуць наперад. Як сказала майстар у цырульні: «У нас толькі два варыянты — або мы пераможам, або яны прайграюць!»
На аптымізм і ўпэўненасць у перамозе нас настройвае ўласнае сумленне і неўміручая любоў да Айчыны.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com