Анатоль Кулік шпацыруе па Наваполацку са сцягам, накінутым на плечы.
75-гадовага жыхара Наваполацку Анатолія Кулік судзяць за «несанкцыянаванае шэсце» – за шпацыр са сцягам, накінутым на плечы. А таксама «за несанкцыянаваны пікет» – за белыя і чырвоныя фіранкі ў ягонай кватэры.
Агулам – за тры пратаколы адразу, бо міліцыя складае іх гуртам, і ў суд ідуць цэлыя пачкі папер, кажа «Радыё Рацыя» Анатоль Кулік:
- Не паспяваюць яны за мной, ці што. Бо я выходжу прайсціся штодня, калі спрыяе надвор’е. Лекары параілі мне гуляць, бо на нагах у мяне пратэзы, і трэба, каб кроў не застойвалася… На плячах у мяне – пелярына, калі казаць дакладна. Накідка без рукавоў. Гэтаму слову я навучаю і міліцыю, і суды. Бо нават напісаў ліст у гарвыканкам, каб мне патлумачылі, колькі чалавек можа ісці са мной разам, каб гэта не было «шэсце», і якую вопратку дазволена насіць. Адказалі, што колькасць людзей побач неабмежаваная, і адзенне таксама любое і любых колераў. Раз так – то ў мяне пелярына, а белы і чырвоны колеры – не забароненыя.
Анатоля Куліка можна назваць ветэранам дэмакратычнага руху. Яшчэ ў часы Савецкага Саюзу ён быў адным з арганізатараў экалагічных пратэстаў у Наваполацку, двойчы абіраўся ў дэпутаты гарадскога савету, быў кіраўніком суполкі Беларускага Народнага Фронту ў Полацку і Наваполацку, сябрам Сойму КХП БНФ. У 2006-м годзе Анатоль Кулік ладзіў галадоўкі, пратэстуючы супраць вынікаў тагачасных прэзідэнцкіх выбараў.
І зараз ён ізноў дэманструе сваю нязгоду, далучыўшыся да мірных пратэстаў. “»іліцэйскімі пратаколамі і штрафамі мяне не спалохаеш, – кажа спадар Анатоль. – Бо бел-чырвона-белы сцяг – гэта маё жыццё!»