Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гісторыя жыцця «мушкецёра рэвалюцыі» Максіма Вінярскага

25.02.2021 политика
Гісторыя жыцця «мушкецёра рэвалюцыі» Максіма Вінярскага

Ён не ўяўляе жыцця без Беларусі і адседзеў на сутках больш за паўтара года.

Ужо другі месяц у СІЗА на Валадарскага знаходзіцца актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, ён праходзіць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.

Вінярскага арыштоўваў ГУБАЗіК, маўляў, ён заклікаў выходзіць людзей на вуліцы і аказваць супраціў міліцыі. Максім прызнаны палітвязнем. «Наша Ніва» расказвае гісторыю гэтага нястомнага змагара.

Рэдкая акцыя апазіцыі ў Мінску праходзіла без Максіма Вінярскага. Ён выходзіў, калі на вуліцу клікалі як свае калегі з «Еўрапейскай Беларусі», гэтак і партнёры з іншых арганізацый. За дваццаць гадоў, якія Максім у нацыянальным руху, на сутках ён адседзеў ужо больш за паўтара года. У нейкі момант проста кінуў лічыць.

Фота з сямейнага архіва.

Вінярскаму 39 гадоў, ён мінчук. Вучыўся ў школе №44 імя Якуба Коласа ў самым цэнтры сталіцы, на Нямізе, на былых Татарскіх гародах. «Мне здаецца, што гэта я падштурхнула Максіма да яго дзейнасці, — расказвае сястра Алена Церашкова. — У брата быў не вельмі добры зрок, і праз гэта ён не мог актыўна займацца спортам ці браць удзел у рыцарскіх клубах, як марыў. Аднойчы Максім прыйшоў да мяне і пытаецца, ці нармальным заняткам будзе пайсці ў гурток журналістыкі. Я сказала, што так. Там ён і пазнаёміўся з патрэбнымі людзьмі, далучыўся да Партыі БНФ». Сябрам БНФ Вінярскі застаецца па сёння.

Дарэчы, Максімава сяброўства ў БНФ паўплывала і на асабістае жыццё сястры. «Неяк ён на дзень нараджэння запрасіў свайго старэйшага таварыша Андрэя Церашкова, які кіраваў Фрунзенскай радай БНФ, а праз паўгода мы ўжо пачалі сустракацца. Так што я абавязаная Максіму шчаслівым шлюбам, тым, што мы гадуем чатырох выдатных дзяцей», — дзеліцца сястра.

Максім Вінярскі і Алена Церашкова на варце ў Курапатах. Фота з фэйсбука.

Алена Церашкова — сківічна-тваравы хірург, піша дзіцячыя казкі па-беларуску, а таксама дапаможнікі па англійскай мове.

Спачатку Максім быў актывістам «Маладога фронту», расказвае ягоны паплечнік Зміцер Каспяровіч, браў удзел у абароне Курапатаў яшчэ ў пачатку 2000-х, а потым далучыўся да арганізацыі «Зубр».

Максім Вінярскі ў «Маладым фронце». Архіўнае фота.

«Упершыню на суткі ён сеў, калі яму толькі-толькі споўнілася 18 гадоў, — успамінае Алена Церашкова. — Я запомніла, што там была акцыя ў дзень антыфашыста каля КДБ, яны стаялі з запаленымі свечкамі. Гэта быў ці 1999, ці 2000 год».

Як Максім прыйшоў да жадання ўдзельнічаць у руху за перамены? «Мабыць, кніжкі. Мы гадаваліся ў такой сям’і, дзе заўсёды шмат чыталі, чалавек з кнігай у нас — гэта абсалютна звыклая з’ява. Для Максіма слова «чытаць» і «дыхаць» — сінонімы. Ён вельмі перажываў, калі забаранілі ў турмы перадаваць кнігі. Яму можна не перадаваць піць, есці, адзенне, а вось без кніг ён не можа».

Сястра лічыць, што з Вінярскага мог бы атрымацца таленавіты рэдактар тэкстаў, настолькі добра ён адчувае слова. «Ён самы першы чытач і крытык маіх твораў. Прычым ён не проста потым кажа «Мне спадабалася», а рэкамендуе, падказвае. Гаворыць: вось тут сюжэт можа пайсці так, а гэты герой зробіць гэтак. Нешта ён падглядзеў у Кінга, нешта ў Сапкоўскага. І такія падказкі бываюць вельмі карыснымі».

«Мы чытаем з 3—4 гадоў. Мне здаецца, што ў мяне хуткасць чытання вялікая, але ў Максіма яна яшчэ большая». Вінярскі любіць чытаць Толкіна, Сапкоўскага. Шмат чытае расійскага фэнтэзі: Лук’яненку, Грамыку. Прачытаная ўся класіка, як Жуль Верн, Дзюма, нават знешне Вінярскі падобны да кагосьці з мушкецёраў. І самае галоўнае, што ён сочыць за навінкамі, стараецца знаёміцца з аглядамі Дзмітрыя Быкава. Чытае як у электронным фармаце, гэтак і папяровыя выданні. Калі кніга яму спадабалася, то імкнецца набыць яе на паперы.

На жаль, праз палітычную дзейнасць атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі так і не атрымалася. Ён вучыўся на рэдактара ў БДТУ, апошні раз яго адлічылі ўжо перад абаронай дыпломнай работы. Ва ўніверсітэце Максіму наўпрост сказалі, што прыйшлі «людзі з камітэта», якія вельмі рэкамендавалі не даць дыплом апазіцыянеру.

Мама ў Вінярскага ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, цяпер на пенсіі. У яе было жаданне працаваць яшчэ, але кажуць, што палітычная дзейнасць сына тут адбілася на тым, што кантракт з ёй падаўжаць не захацелі.

Тата загінуў каля 10 гадоў таму. Ён працаваў токарам на Мінскім станкабудаўнічым заводзе (МЗОР). Гэта была зіма, магчыма, ён ішоў на працу праз Свіслач, а лёд быў не дужа трывалым, таму мужчына праваліўся ў ваду. Потым яго знайшлі рыбакі. Калі бацька загінуў, то Максім якраз адбываў чарговае адміністрацыйнае пакаранне на Акрэсціна.

«Я прыйшла цяжарная да адміністрацыі ізалятара прасіць выпусціць брата на пахаванне, мне пайшлі насустрач. Максіму заставалася адсядзець, можа, гадзін дванаццаць. Потым ён вярнуўся адбываць пакаранне, лічыў, што абавязаны гэта зрабіць, бо яму пайшлі насустрач», — кажа Алена.

Калі Максім і Алена былі падлеткамі, то бацькі разышліся, але дзеці падтрымлівалі вельмі добрыя стасункі з татам. Бацька Вінярскага, як прынята казаць, быў чалавекам рукастым, мог зрабіць што заўгодна, у нейкім сэнсе гэта перадалося і сыну.

«Ён не мог афіцыйна ўладкавацца. Колькі такога было, што ўладкоўваўся прадаўцом, — у яго ёсць адпаведная корачка, — трымаўся выпрабаваўчы тэрмін, а потым працадаўца казаў «вы не падыходзіце». Маўляў, сыходзь адсюль хутчэй, пакуль міліцыю не выклікалі, і нават грошы за гэты месяц не плацілі. Таму ён стаў падпрацоўваць па сябрах: каму камп’ютар адрамантаваць, каму нешта пераўсталяваць, з рамонтам кватэр дапамагаў. Нейкі час афіцыйна працаваў сістэмным адміністратарам у сваім БДТУ. Ён бы мог спакойна сябе пракарміць рукамі», — кажа Алена.

Падчас аднаго з затрыманняў. Фота «Новы час».

«Максім ніколі не лез на ражон на акцыях, не правакаваў. Яму не патрэбныя былі затрыманні дзеля затрыманняў, але і сваіх не кідаў, заставаўся з імі да канца».

Сябра Максіма, гісторык Зміцер Дрозд, гаворыць: «Гэта ідэйны, прынцыповы чалавек, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля змагання. Ён заўсёды быў на асаблівым уліку ў міліцыі, таму нават не дайшоў да Плошчы ў 2010 годзе, яго арыштоўвалі перад чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014. Мне запомнілася, як у 2011 годзе Максім прысягнуў на Канстытуцыі ў дзень інаўгурацыі Лукашэнкі, што гэты чалавек ніколі не будзе яго прэзідэнтам. Максім — прынцыповы антыфашыст і антыкамуніст, мабыць, не зусім нацыяналіст у звыклым нам разуменні. Але гэта абсалютны змагар за свабоду, ён быў на Майдане ва Украіне, падтрымліваў пратэсты ў Расіі на месцы, сядзеў там нават на сутках».

Калі ўвосень арыштавалі сяброў Вінярскага па «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, ці не хацеў Максім з’ехаць за мяжу?

«Ніколі не хацеў, у яго было мноства магчымасцяў, і пасля 2006, і пасля 2010 гадоў. Ён не ўяўляў сваёй будучыні без Беларусі, не мог з’ехаць з унутраных матываў».

Апошнія месяцы Вінярскі быў не дужа актыўным не толькі таму, што шыфраваўся, але і праз стан здароўя. Сястра расказвае, што каля дома ўвосень на яго адбыўся напад. «Мабыць, хацелі скалечыць, але нейкім цудам Максім уцёк, у яго балела моцна нага, таму ён выходзіў хіба толькі ў краму па хлеб, нідзе не свяціўся. Ён разумеў, што арышт — гэта толькі пытанне часу і рана ці позна па яго прыйдуць».

Дарэчы, наконт сяброўства з Юхневічам і Афнагелем была досыць цікавая гісторыя. «Яны заўсёды насілі адно аднаму перадачкі. Неяк Юхневіч прыносіць перадачку на Акрэсціна Максіму, у яго дзяжурны пытаецца: ты хто? Брат, адказвае. Ну там жа не зусім дурні працуюць, прозвішча не тое, імя па бацьку не тое. Дзяжурны набірае свайму начальству, пытаецца: а Юхневіч сапраўды брат Вінярскага? «Так, у іх яшчэ трэці брат ёсць — Афнагель», — адказваюць зверху».

З Паўлам Юхневічам (злева). Фота з фэйсбука.

«Я ніколі не чула ад Максіма нараканняў, што ён выбраў у жыцці такую дарогу. Ён хоча росквіту сваёй краіне, свабоды народу. Мабыць, ён думаў, што гэты шлях будзе карацейшым, але ён і далей гатовы служыць радзіме», — расказвае Алена Церашкова.

Лісты ад Вінярскага да родных сталі прыходзіць толькі цяпер. «Ён ніколі ні на што не скардзіцца, чакае горшага заўсёды. Максім спакойны чалавек, ён ніколі не паддаецца на правакацыі, ад яго мацюка нельга пачуць. Некалі нават міліцыянеры, якія затрымлівалі яго за лаянку, казалі: «Вінярскі, ну палайся ты, а то мы ад цябе ніколі мацюка не чулі». Але калі Максім нешта пастановіць, то ён ужо не спыніцца, таму заўсёды хвалюемся, калі ён абвяшчае галадоўку. Мінулую ён спыніў толькі пасля таго, як страціў прытомнасць», — кажа сястра.

Дарэчы, пра кнігі на Валадарцы. Кажуць, у СІЗА вельмі багатая бібліятэка, але пры гэтым няма каталогу кніг, таму даводзіцца ўгадваць, якія кнігі там ёсць, а якіх — няма. «Калі пераводзяць з камеры ў камеру, то кнігі, вядома, застаюцца ў старой. Максім пісаў, што так не дачытаў адну, а цяпер смяротна хочацца ведаць, чым жа ўсё скончылася».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]