Гісторія каталіцкага сьвятара з Расонаў Вячаслава Барка.
Чаму адны баяцца выказваць грамадзянскую пазыцыю, а іншыя — не? Што фармуе і падтрымлівае ўнутраную свабоду чалавека? Ці варта ўсё гэта таго, каб трываць нягоды? «Радыё Свабода» паразмаўляла з каталіцкім сьвятаром.
Хто такі Вячаслаў Барок
Вячаслаў Барок — каталіцкі сьвятар з Расонаў. Напярэдадні і пасьля жніўня 2020 году ў сваіх сацсетках і на youtube-канале адкрыта выказваўся супраць гвалту, фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. 21 жніўня ў Менску ўзяў удзел у ланцугу пакаяньня Акрэсціна — Курапаты «Ніколі зноў», быў разам зь людзьмі на плошчы ў Расонах, калі па ўсёй Беларусі адбываўся Марш свабоды.
У сьнежні 2020 году быў асуджаны за тое, што разьмясьціў у сацсетках працу мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм». На малюнку прысутнічала выява нацысцкай свастыкі, таму суд палічыў публікацыю дэманстрацыяй нацысцкай сымболікі. Адбыў 10 сутак арышту ў віцебскім ІЧУ.
Таксама ў сьнежні Сьледчы камітэт пачаў праверку зьместу youtube-канала і іншых старонак сьвятара ў сацсетках на прадмет экстрэмізму. Экспэртызы паказалі, што праяў экстрэмізму няма.
«Да гэтай справы ў мяне не было столькі падпісчыкаў. Але, відаць, пракуратура ў супрацоўніцтве з МУС і СК, а можа і КДБ, вырашылі, што як мага больш беларусаў павінны глядзець мае пропаведзі, і прарэклямавалі мой канал», — жартуе ксёндз.
«Гэта была ня проста палітычная кампанія, а барацьба за чалавека ўнутры нас»
— Што прымусіла вас адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?
— Для мяне падзеі жніўня мінулага году ня сталі нечаканасьцю. На жаль, усё тое, што мы перажываем цяпер, было прадказальным. Яшчэ напярэдадні выбараў 8 жніўня я запісаў відэа пад назвай «Беларускі Армагедон». Армагедон — гэта апошняя бітва дабра і зла. Менавіта так я расцэньваў тыя падзеі, што разгортваліся вакол выбараў 2020 года. І казаў, што гэта ня проста палітычная кампанія, а барацьба за чалавека ў нас, за нашае сумленьне. Мяжа супрацьстаяньня пралягла праз сэрца кожнага.
А 16 жніўня, зьбіраючыся на Марш свабоды, я прадказаў, што калі мы ня пойдзем шляхам асуджэньня злачынстваў, прызнаньня найвялікшай хлусьні — фальсыфікацыі выбараў, пакараньня вінаватых у гвалце, а абяром кампраміс са злом, нас чакаюць вельмі моцныя рэпрэсіі. Што мы і бачым сёньня. Тады я казаў, што буду першым, хто апынецца пад крыжамі ў Курапатах. Пакуль да Курапат не дайшло. Але ж я быў адным зь першых сярод сьвятароў, хто пабываў за кратамі. Сёньня сьвятароў так актыўна не чапаюць, але ніхто ня можа сказаць, дакуль гэта будзе. Дай Божа, каб не было. Але мы павінны быць падрыхтаванымі. Мая торбачка сабраная.
— Што вы страцілі за сваю актыўнасьць?
— Анічога ня страціў.
10 дзён у ізалятары — ці ж гэта страта? Для мяне гэта новы досьвед, выпрабаваньне, якое робіць мацнейшым. Так, здароўе крыху пагоршала, ціск часам павышаўся. Але я пазнаёміўся зь вельмі цікавымі людзьмі і паглядзеў, як выглядае жыцьцё за кратамі, наколькі там чалавек застаецца самотным і безабаронным перад дзяржаўным беззаконьнем. Мабыць, таму Бог дазволіў мне тое перажыць, каб я ніколі не замаўкаў, калі чую, як хтосьці цярпіць за кратамі. Дзякуй Богу, зь мяне ніхто там ня зьдзекаваўся, але мне паказалі і я адчуў, як гэта можа быць.
Там мне давялося паразмаўляць з крымінальнымі аўтарытэтамі, якія сядзелі па турмах дзясяткі гадоў, адзін аж 27 год, і нават яны казалі, што на зоне цяпер беззаконьне. То бок у нас законы не працуюць ні на волі, ні ў турме. Мне размова зь вязьнямі дала шмат. Я яшчэ раз упэўніўся, што Армагедон у Беларусі павінен мабілізаваць кожнага сумленнага чалавека, каб закон і праўда зноў перамаглі.
Ці цяжка было пад ціскам органаў? На маю думку, органам больш цяжка ад таго ціску. Кожнаму, хто цісьне, я раю: кідайце гэтую справу, бярыцеся за розум і пачынайце рабіць нешта добрае ў жыцьці.
Сяброў, блізкіх я ня страціў. Бо сапраўдных сяброў немагчыма згубіць, а з тымі, хто можа апраўдваць насільле і беззаконьне, я не хачу мець нічога супольнага, таму, дзякуй Богу, такія людзі адкалоліся.
Ціску ад касьцельнага кіраўніцтва на мяне не было. Наадварот, калі мяне пасадзілі за краты, мой ардынары выказаўся супраць гэтага, біскуп зь Менску Юры Касабуцкі праявіў салідарнасьць.
Ці страціў я веру ў некаторых сьвятароў ці папу Рымскага празь іх маўчаньне? Ведаеце, калі ёсьць вера ў Бога, тады ня трэба верыць ані ў сьвятароў, ані ў папу Рымскага. А вера ў Бога ў мяне ёсьць.
Але тым ня менш хацелася б, каб папа Рымскі таксама заўважыў нашу краіну. Каб ён публічна прамовіў да касьцёла Беларусі — «браты, я з вамі, з тымі, хто трымаецца каштоўнасьцяў Эвангельля», каб расказаў, як нам прапаведаваць у такі час. Для нас гэта важна. І маўчаньне для мяне ня ёсьць зразумелым.
Сярод каталіцкіх, праваслаўных, пратэстанцкіх сьвятароў шмат тых, хто сапраўды верыць, якім баліць сэрца за Беларусь. Але хацелася б, каб іх было яшчэ больш. Відаць, усяму свой час.
Той, хто маўчыць, добра разумее, што робіць ня так, як трэба. Няма такіх аргумэнтаў, якімі можна б было сёньня апраўдаць свае маўчаньне.
«Краты ня могуць абмежаваць нашай волі»
— Што вы здабылі праз актыўную пазыцыю?
— Праз сваю пазыцыю я спаліў масты ў барацьбе паміж дабром і злом, па якіх можна б было вярнуцца. І дзякуючы гэтаму я набыў стопрацэнтны дух свабоды. Сёньня я магу ісьці толькі наперад, толькі бліжэй да перамогі. І гэты шлях акрыляе.
Таксама займеў шмат сяброў — шчырых, адкрытых, шляхетных людзей. І гэта вельмі каштоўна.
— Ці было гэта таго варта?
— Безумоўна. Калі ёсьць дух свабоды, тады няма страху і смутку. Мяжа, да якой мы падышлі, вельмі страшная, небясьпечная, палягае паміж жыцьцём і сьмерцю. Але тым ня менш для мяне ва ўсім гэтым няма страху. Бо я веру, што мой шлях ня можа скончыцца толькі зямным вандраваньнем, бо існуе жыцьцё вечнае. Таму для мяне нават сьмерць ня можа быць пагрозай. Гэта не вар’яцтва, не адарванасьць ад жыцьця — я да яго вельмі прывязаны і цьвёрда стаю на нагах. Але ў гэтым і ёсьць свабода, прыгажосьць быцьця — жыць сёньняшнім днём, але кожны дзень як апошні.
Я асьмелюся сказаць, што жыцьцё чалавека ня ёсьць абсалютная каштоўнасьць. Жыцьцё ў рабстве, няволі, няпраўдзе, безь любові ня мае сэнсу. Сэнс жыцьця — у свабодзе, праўдзе, справядлівасьці.
І дзякуючы гэтым выпрабаваньням мы цяпер дарастаем да гэтага разуменьня. І тым больш будзем цаніць перамогу закону над беззаконьнем, праўды над хлусьнёй. Калі б у жніўні перамога далася нам лёгка, не было б, мабыць, асэнсаваньня каштоўнасьці гэтых значных дароў. Як казаў сьвяты Ян Павал II: «Свабода не даецца, свабода здабываецца».
Я бачу гэтую трансфармацыю ў сэрцах канкрэтных людзей. Але калі гаворыць цалкам пра краіну, нам ёсьць яшчэ куды імкнуцца.
Парадаксальна, але калі чытаеш лісты вязьняў, бачыш, што яны ў духу больш свабодныя за кратамі, чым тыя, хто нібыта жыве на волі, ходзіць на працу, атрымлівае капейкі, цярпіць прыгнёт начальства. Напрыклад, тыя ж лісты Вітольда Ашурка, які нядаўна трагічна загінуў у турме. Яны былі напоўненыя любоўю, надзеяй, там не было страху, яму не патрэбная была літасьць ад катаў, бо ён застаўся свабодным.
Краты ня могуць абмежаваць нашай волі. Ніхто ня можа забараніць чалавеку думаць так, як ён хоча. Так, страх можа паралізаваць і змусіць не казаць, што думаеш, але самі думкі ён ня зьменіць. Паколькі ў мяне няма страху, то я не баюся думаць і не баюся казаць тое, што думаю, і рабіць так, як кажу. А гэта дае псыхалягічны камфорт.
— Што фармавала вашу ўнутраную свабоду? Назавіце тры галоўныя фактары.
— Па-першае, майму духоўнаму вызваленьню спрыяла вера ў Бога. Хрыстос сказаў: «Пазнайце праўду — і яна вас вызваліць». Для мяне гэта асноўны чыньнік. Чаму ж тады ня ўсе вернікі свабодныя? Мабыць, таму, што яны не карыстаюцца гэтым дарам веры ці прамянялі яго на нейкія зямныя манэты дабрабыту. Гэта можа быць ня толькі са сьвецкімі вернікамі, але і з духоўнымі асобамі: і сьвятары, і біскупы могуць прамяняць духоўны скарб веры і свабоды на нейкія зямныя прывілеі. І гэта марна. Але ня дзіўна, бо заўсёды так было. Нават сярод 12 апосталаў быў адзін, які здрадзіў Ісусу. Некаторыя думаюць, што вера — добры дар, але ёсьць нешта больш каштоўнае. І гэта вялікая памылка.
Што яшчэ можа дапамагчы быць свабодным? На маю думку, для беларуса вельмі важна ведаць сваю гісторыю. Калі чалавек губляецца, трэба каб у яго быў цьвёрды фундамэнт. І гісторыя сям’і, народу, краіны — якраз такі трывалы падмурак для адчуваньня гонару за спадчыну і за сябе. Для мяне асабіста славутая гісторыя нашай краіны — велізарны скарб, зь якога я чэрпаю асалоду і ўзмацненьне.
І, канечне, значную ролю ў маім лёсе адыграла выхаваньне бацькоў. Яны здолелі захаваць веру і перадаць яе нам. І я ім за гэта вельмі ўдзячны. Маці ўжо ў Валадарстве Божым. Яна нарадзіла 9 дзяцей. Двое зь іх сталі сьвятарамі. Бацька ўвесь час шукаў праўды, таму, можа, і не зрабіў вялікай кар’еры, але гэта чалавек са стрыжнем, і я ім вельмі ганаруся. Ведаеце, бадай, прыклад бацькоў паспрыяў таму, што ў нас усе 4 браты з палітычных матываў у Беларусі пабывалі за кратамі.
Бацькі выхоўвалі нас у каталіцкай веры ў час, калі за гэта быў перасьлед. Я жыў у «імпэрыі зла», дзе нішчылася асоба, але бацькі навучылі мяне быць сабой. Мне давялося адстойваць свабоду з самога маленства, бо калі ты ішоў у касьцёл на малітву, за табой сачылі, і потым настаўнікі выклікалі цябе на размовы. Псыхалягічны ціск быў моцны, але гэта была добрая школа, каб паступова разрываць кайданы няволі і страху.
— Што рабіць сёньня, каб супрацьстаяць злу і несправядлівасьці?
— Сваім словам праўды зьнішчаць слова хлусьні, не ісьці туды, дзе хлусяць. Прымушаюць у піянэры — не ідзі, прымушаюць на суботнік — не ідзі. Будзь сабой.
Мы нарэшце павінны зьнішчыць царства хлусьні, якое засталося нам у спадчыну ад СССР і будавалася дзесяцігодзьдзямі ў Беларусі, і навучыцца жыць у праўдзе.
Каб спыніць гвалт, трэба спыніць хлусьню, а мы ўвесь час прымаем у ёй актыўны ўдзел. Таму парада кожнаму — змагайся з хлусьнёй у асабістым жыцьці, на працы, паўсюль. І тады нікому ў галаву ня прыйдзе фальсыфікаваць тыя ж выбары.
Ці трэба маліцца? Малітва — гэта, безумоўна, добра. Але мы дайшлі да ўзроўню, маўляў, давайце памолімся — і ўсё будзе. Ня будзе. Бог, у якога мы верым, даў нам волю і розум, каб мы гэты сьвет рабілі сабе падуладным. То бок мы павінны актыўна дзейнічаць. Адна малітва не дапаможа змагацца з хлусьнёй. Бо часам праз малітву мы яшчэ больш хлусім. У адзін дзень молімся, а ў другі фальсыфікуем выбары. Ці такую малітву хоча пачуць Бог? Ці пачуе ён яе? Не. Богу не задурыш галаву сваім пустаслоўем. Кніга Прыпавесьцяў Саламона кажа: «Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва — мярзота» (Прп 28,9). Перш за ўсё трэба справядліва жыць. Малітва — значная рэч, але ня трэба за ёй хавацца.