Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Вене праходзіць міжнародная канфэрэнцыя аб будучыні Беларусі

22.11.2021 политика
У Вене праходзіць міжнародная канфэрэнцыя аб будучыні Беларусі

Канфэрэнцыю арганізавалі фэдэральны канцлер Аўстрыі і міністар замежных спраў гэтай краiны.

Праз эпідэмічнае становішча міжнародная канфэрэнцыя «На шляху да шчасьлівай і бясьпечнай будучыні Беларусі» праходзіць у віртуальным фармаце.

Канфэрэнцыю арганізавалі фэдэральны канцлер Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг і міністар замежных спраў Міхаэль Лінгарт пры ўдзеле Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, паведамліла яе прэс-служба. Паводле Шаленбэрга, Эўропа мусіць паважаць барацьбу беларускага народу, паведмаляе «Радыё Свабода».

Што заявілі ўдзельнікі канфэрэнцыі па выніках дыскусіі

Аляксандар Шаленбэрг заявіў пра тое, што Эўропа мусіць мець дыялёг наўпрост з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, быць зьяднанай і ўводзіць сапраўды эфэктыўныя санкцыі супраць дзейных нелегітымных уладаў. Шлях да сапраўдных транзыту ўлады і дэмакратычных выбараў у Беларусі, на думку канцлера, пракладзе толькі рэальны дыялёг.

На пытаньне пра актыўны аўстрыйскі ўдзел у эканоміцы Беларусі, канцлер адказаў, што грошы ідуць прыватным, а не дзяржаўным кампаніям, а таксама Аўстрыя ня хоча біць санкцыямі па людзях, толькі па рэжыме. Аднак пастаянна адбываюцца дыскусіі з партнэрамі ў гэтым пытаньні. Акрамя таго, ёсьць асьцярогі, што ў выпадку поўнага згортваньня працы шэрагу кампаній, яны будуць проста замененыя ў Беларусі іншымі кампаніямі, якім, магчыма, ня будзе справы да шанаваньня правоў чалавека і іншых базавых пытаньняў.

Па словах Шаленбэрга, краіна працягне, у тым ліку празь міністра замежных спраў Беларусі Макея, дамагацца таго, каб нелегітымныя ўлады селі за стол перамоваў.

Сьвятлана Ціханоўская нагадала пра жахлівыя лічбы палітвязьняў на радзіме, а таксама забітых людзей і тых, хто быў змушаны часова пакінуць краіну.

«Лукашэнку нельга перавучыць. Яму нельга верыць. Дыялёг мусіць адбыцца толькі паміж беларусамі, прычым тады, калі выпусьцяць усіх незаконна пасаджаных у турму. Я асобна папрасіла на сёньняшняй сустрэчы палітыкаў зь іншых краін ня мець ніякіх кантактаў з рэжымам, пакуль ён ня выканае нашых патрабаваньняў».

Таксама Ціханоўская адзначыла важнасьць эфэктыўных санкцый супраць атачэньня Лукашэнкі, паколькі «дыпляматычнай мовы рэжым не разумее».

Эўракамісар Олівэр Вархеі паведаміў, што 33 мільёны эўра дапамогі ўжо пайшлі ў розныя сэктары дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ад жніўня, а цяпер Эўропа працягне курс на дапамогу незалежнай журналістыцы, недзяржаўным арганізацыям і іншым сфэрам беларускай незалежнай супольнасьці

Міхаэль Лінгарт зазначыў, што мігранцкі крызіс ня здолеў адцягнуць увагу эўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ўнутры Беларусі, ніхто не адмовіўся ад курсу на дэмакратычную Беларусь, на спрыяньне вызваленьню краіны. Мэта гэтых захадаў адна, — «каб кожны ў Беларусі меў шанец квітнець». Дыпляматычная акадэмія Вены аб’явіла набор 15 маладых беларусаў на праграму навучаньня.

Што казалі ўдзельнікі падчас канфэрэнцыі

Эўракамісар Олівер Вархэі прывітаў беларускую палітычную дзяячку перад пачаткам канфэрэнцыі і перадаў апошнюю інфармацыю аб завозе бясплатных вакцынаў у Беларусь: у справу ўвайшла Сусьветная арганізацыя здароўя, трэба дазьбіраць мільён вакцынаў, і Эўропа ўжо блізкая да гэтага. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што вакцыны — пытаньне не палітыкі, а жыцьцяў беларусаў.

Міністар замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста падкрэсьліў, што хоць людзі ня могуць цяпер адкрыта пратэставаць, гэта ня значыць, што беларусы ня хочуць перамен. Лукашэнка пры гэтым не жадае ўваходзіць у дыялёг з апазыцыяй, а ключавым пунктам для разьвязаньня крызісу зьяўляецца Расея, якая супрацоўнічае з Лукашэнкам і падтрымлівае яго.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас заявіў, што Эўразьвяз надалей працуе над санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакету, куды ўвайшлі судзьдзі, пракуроры, службы бясьпекі, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій. Таксама Эўропа і Нямеччына падтрымліваюць запуск спраў па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконьне. На саміце Ўсходняга партнэрства мусіць прагучаць голас дэмакратычных сілаў Беларусі.

Міністар замежных справаў Польшчы Зьбігнеў Раў асабліва адзначыў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. Эўропа і ЗША, на думку міністра, павінны быць адзіныя, а санкцыйны сьпіс — шырокім. Ён запэўніў, што міжнародная супольнасьць «ня вернецца ў статус-кво, якое было да выбараў 2020».

Намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас зьвярнуў увагу ўдзельнікў Венскай канфэрэнцыі на тое, што паляпшэньняў у Беларусі так і не адбылося: крызіс на мяжы працягваецца, а беларусаў па-ранейшаму арыштоўваюць і кідаюць у турмы. Рэформу, прапанаваную Лукашэнкам, нельга лічыць канстытуцыйнай, паколькі яе высунуў нелегітымны дыктатар, а не законны кіраўнік краіны. Зараз, на думку Адаменаса, важна змусіць рэжым размаўляць і перадаваць уладу, а таксама захаваць незалежнасьць Беларусі ад Расеі.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зьняволеных па палітычных матывах і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму Лукашэнку на чале Беларусі. Дыялёг можа пачацца толькі пасьля вызваленьня ўсіх невінаватых.

«Востры гуманітарны і палітычны крызісы ў Беларусі яскрава паказваюць, што сытуацыя далёкая ад стабільнай. Дыктатар, трымаючыся за ўладу, адчуваючы поўную беспакаранасьць, працягвае тэрарызаваць ня толькі беларусаў, але й суседнія краіны. Беларусы ў сваёй краіне не пачуваюцца ў бясьпецы, а Эўропа ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы, пакуль пры ўладзе Лукашэнка.

Вы можаце ўбачыць яго нядаўняе інтэрвію BBC, дзе ён прызнаўся ў масавых катаваньнях і садзейнічаньні кантрабандзе мігрантаў. Ён не здаецца чалавекам, які кантралюе сытуацыю. Больш за тое, ён здаецца няўпэўненым і адчайным, дзейнічае імпульсіўна і эмацыйна, імкнучыся ўсімі сіламі ўтрымацца ва ўладзе. Сёньня гэта кантрабанда мігрантаў — што ён будзе рабіць заўтра?»

Разам з гэтым, Ціханоўская выказала шкадаваньне, што чым больш зацягваецца крызіс, тым больш прывабным робіцца вяртаньне да формулаў «бізнэс у звычайным рэжыме» і «Realpolitik».

«Мы бачым гэта з памежным крызісам: рэжым збольшага атрымаў тое, чаго хацеў — пэўную дадатковую легітымнасьць праз узаемадзеяньне. Але мы падкрэсьліваем, што гэта не павінна быць нормай. Няма сэнсу зьвязвацца з рэжымам, бо яму нельга давяраць. Мы таксама бачым, што рэжым спрабуе разбурыць адзінства, якое існавала сярод эўрапейскіх лідэраў дагэтуль».

Ціханоўская заклікала да пасьлядоўнасьці ў патрабаваньнях і дзеяньнях.

«Мы не павінны траціць увагу да выбараў. Рэальныя зьмены могуць прынесьці толькі выбары, а не іх імітацыя. Прапанаваны рэжымам канстытуцыйны рэфэрэндум мае на мэце замарозіць крызіс і ўмацаваць аўтарытарную сыстэму. Два дні таму дэмакратычныя сілы Беларусі прэзэнтавалі сумесную стратэгію правядзеньня так званага рэфэрэндуму. Зараз няма ўмоў для правядзеньня дэмакратычнага рэфэрэндуму, але мы скарыстаем сваё права голасу і пазбавім рэжым якой-кольвечы легітымнасьці».

На думку Ціханоўскай, патрэбная пасьлядоўнасьць санкцыяў — калі яны будуць прынятыя, то маюць быць цьвёрдымі і без «пралазаў», бо «паўмеры толькі шкодныя».

Відэа самой канфэрэнцыя ня будзе дасяжнае ў інтэрнэце, відэатрансьляцыю прэсавай канфэрэнцыі арганізуе офіс канцлера Аўстрыі з 12-й гадзіны мясцовага часу.

Апрача арганізатараў, у канфэрэнцыі бяруць удзел камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва Олівер Вархэі, а таксама міністры замежных справаў Славеніі, Нямеччыны, Славаччыны, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.

фото: Пресс-служба Светланы Тихановской

Сярод іншага, на канфэрэнцыі зьбіраюцца ацаніць ролю АБСЭ ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў шэрагу пытаньняў, сярод якіх фальсыфікацыі выбараў, гуманітарны крызіс, грубыя парушэньні правоў чалавека, наступствы для рэгіянальнай бясьпекі пасьля згону самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і адмова ад вяршэнства закону. Чакаецца, што Сьвятлана Ціханоўская выступіць з праграмнай прамовай.

фото: Пресс-служба Светланы Тихановской

«Правядзеньне міжнароднай канфэрэнцыі такога ўзроўню яшчэ раз падкрэсьлівае, што вырашэньне палітычнага крызісу ў Беларусі зьяўляецца цэнтральным пытаньнем для Эўропы сёньня, — адзначыла Ціханоўская. — Я ўдзячная фэдэральнаму канцлеру Шаленбэргу і міністру Лінгарту за арганізацыю гэтай канфэрэнцыі і садзейнічаньне ў пошуку канструктыўных падыходаў да ўрэгуляваньня крызісу з удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі».

Падчас канфэрэнцыі таксама пройдуць тэматычныя дыскусіі з удзелам міжнародных экспэртаў і дыпляматаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сіл Беларусі.

Улады адмовіліся ўзяць удзел

Раней афіцыйны Менск адмовіўся ад удзелу ў венскай канфэрэнцыі аб Беларусі. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў яе «бясплённай і бессэнсоўнай задумай».

«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненьні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асобаў беларускага боку ў ёй удзелу браць ня будзе. Хай для галачкі яны правядуць гэтую імпрэзу, абмяркоўваючы каторы раз зь вядомымі беглымі апанэнтамі ўлады пэрспэктывы зьмяненьня ўлады ў Беларусі, ня маючы на тое аніякіх сілаў і здольнасьцяў», — заявіў Макей падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Маскве.

Расейскі міністар Лаўроў падтрымаў Макея. Ён сказаў, што «так дыялёг не запускаюць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]