Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Вялікі эўрапейскі гуманіст»: у гарадах Эўропы адслужылі імшу за Скарыну

20.01.2022 общество
«Вялікі эўрапейскі гуманіст»: у гарадах Эўропы адслужылі імшу за Скарыну

У гонар 500-годдзя кнігадрукавання ў ВКЛ імя Францыска Скарыны згадваюць у многіх эўрапейскіх гарадах.

У базыліцы сьвятых Пятра і Паўла ў Празе адбылася імша з нагоды 500-годзьдзя выданьня першай друкаванай кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. На багаслужбе прысутнічаў старшыня Сэнату Чэскай Рэспублікі і замежныя дыпляматы, паведамляе «Радыё Свабода».

Нагодай для імшаў у розных гарадах Эўропы стаў абвешчаны Літвою Год Францішка Скарыны. У 1522 годзе Скарына выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку».

Службы дзеля ўшанаваньня беларускага першадрукара адбыліся сёньня ня толькі ў Празе, дзе Францішак Скарына пражыў частку свайго жыцьця, але і ў іншых гарадах Эўропы: Менску і Полацку, Вільні, Варшаве і італьянскай Падуі, дзе ён вывучаў мэдыцыну.

Імшу ў чэскай сталіцы цэлебраваў архібіскуп Прагі, прымас Чэхіі, кардынал Дамінік Дука. Багаслужба адбылася ў базыліцы сьвятых Пятра і Паўла ў гістарычным праскім раёне Вышаград, дзе побач з касьцёлам пахаваныя выбітныя чэскія дзеячы — пісьменьнік Карэл Чапэк, кампазытары Антанін Дворжак і Бэдржых Сьметана, мастак Альфонс Муха.

Сваё казаньне кардынал Дука прысьвяціў Францішку Скарыну і значнасьці яго асобы для гісторыі Эўропы. Архібіскуп згадаў наватарства Скарыны і параўнаў яго друкарскую дзейнасьць з вынаходжаньнем інтэрнэту. Кардынал Дука маліўся за народы краін Балтыі, Чэхіі, Славаччыны, Украіны і Беларусі, каб «яны памяталі пра свае эўрапейскія карані і ведалі, куды ідуць». Затым на трох мовах, беларускай, літоўскай і польскай, прагучала малітва за беларускіх палітвязьняў і за свабоду ў Беларусі.

Кардынал Дука пажадаў усім палітуцекачам зь Беларусі як мага хутчэй вярнуцца на радзіму.

На службе прысутнічаў старшыня Сэнату Чэскай Рэспублікі Мілаш Выстрчыл, дыпляматы Польшчы і Літвы, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары Прагі.

Падчас малебну прадстаўніца беларусаў Прагі Крысьціна Шыянок зачытала ліст ад дасьледчыкаў жыцьця і творчасьці Скарыны Томаша Гошкаўца і Ільлі Лямшкіна:

«Для беларусаў Францішак Скарына — нацыянальны герой ужо даўно і па праве. Змагаймася цяпер і мы як эўрапейцы за тое, каб Францішак Скарына стаў таксама вядомы як эўрапейскі герой і ўзор. Багата яшчэ можна сказаць аб эўрапейскім наватарстве ў спадчыне Скарыны, але гэта ўжо належыць да навуковага культурна-гістарычнага дыскурсу. У духоўна-маральным аспэкце, што, па сутнасьці, ёсьць аспэктам палітычным, дамагаймася, каб родная зямля Скарыны, сучасная Беларусь, як мага хутчэй атрымала самую базавую ўмову чалавечнасьці — свабоду».

Вялікую частку свайго актыўнага жыцьця Францішак Скарына правёў менавіта ў Празе. Тут у 1517 годзе ён выдаў першую друкаваную кнігу па-беларуску — Псалтыр, а потым кнігі Бібліі. Другі раз вярнуўся ў Прагу каля 1534 году і працаваў першым каралеўскім садоўнікам пры двары Фэрдынанда I. На аснове ягонага праекту быў заснаваны Каралеўскі сад Праскага Града.

Сьвятую службу ў сталіцы Польшчы ў архікатэдры Яна Хрысьціцеля ўзначаліў дапаможны біскуп мітрапалітальнай архідыяцэзіі Міхал Яноха. Таксама ўдзел у малітве прынялі прадстаўнікі прадстаўнікі іншых канфэсій — цэркваў з Польскай рады экумэнічнай. Літургічныя сьпевы выконваў беларускі хор «Канкордыя».

«Сардэчна вітаю беларусаў — нашых суседзяў на долю якіх выпалі цяжкія выправаньні. Я вельмі рады, што сёньня мы разам», — сказаў на пачатку літургіі Міхал Яноха і падкрэсьліў, што для яго гонар і задаваленьне адправіць гэтую сьвятую імшу, падчас якой усе прысутныя паядаліся для агульнай малітвы за грамадзян Беларусі.

Таксама на ўрачыстай службе прысутнічалі прадстаўнікі МЗС Польшчы, розных дзяржаўных польскіх устаноў, дыпляматычнага корпуса, у тым ліку амбасадары Літвы, Чэхіі і Польшчы ў Беларусі, а таксама вядомыя беларускія дзеячы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]