Лідар беларусаў Польшчы - пра значэнне свята 25 сакавіка.
Жыве Беларусь! Жыве Акт 25 Сакавіка 1918 года! Гэткімі словамі-клічамі вітаюцца і развітваюцца беларусы ў час важных гістарычна-палітычна-грамадскіх падзей на сваёй Бацькаўшчыне, ці там, дзе б не закінуў іх жыццёвы ці прымушаны мігранцкі лёс. Тое, што ў гісторыі нашага народа быў аб’яўлены Акт 25 Сакавіка 1918 года, вывела беларускую дзяржаўнасць на ўзровень легітымнага яе быцця на геапалітычнай карце свету – тады ў мінулым, зараз і ў будучыні. Запавет Беларускай Народнай Рэспублікі ўскладзены на нашы плечы і душы ёсць адзін – кожны народ, які адчувае сябе адказным за сябе і сваю будучыню, абавязаны бараніць, ахоўваць і захоўваць памяць пра незалежнасць. Калі гэтага не рабіць, то гісторыя, ці Божае пакаранне прысудзіць нас на паніжэнне, высмейванне і блуканне па гэтай зямлі ў самоце, адзіноце і дэнацыяналізацыі, асабліва калі вакол ідуць войны, геапалітычныя пераарыенціроўкі, жахі палітычнай здрады, ці жыццё ва ўмовах акупацыі.
Мы зараз у гэтыя дні і гады павінны пахіліць з удзячнасцю галовы перад усімі пераемнікамі структур Беларускай Народнай Рэспублікі, якім ужо звыш ста гадоў прыходзіцца трымаць ідэю беларускай незалежнасці па-за межамі сваёй Радзімы. Не здрадзіць бел-чырвона-беламу сцягу і гербу Пагоня ў час савецкага і нямецкага таталітарызмаў, панавання фашызму, камунізму, пуцінізму і лукашызму. Дзейнасць Рады БНР у эміграцыі ейным голасам не дазваляла забываць народам вольнага свету і народам падняволеным рознымі дыктатурамі, што Беларусь мае сваё права на незалежнасць і дэмакратыю.
Цяпер ізноў, знаходзячыся ў акупацыйнай, маскоўскай прасторы, пад сістэмнай дыктатурай крамлёўскага стаўленіка Аляксандра Лукашэнкі, мы аж надта добра павінны разумець, што поўная перамога і замацаванне беларускай незалежнасці наступіць тады, калі рэгаліі і паўнамоцтвы БНР змогуць ізноў вярнуцца ў Мінск – там, дзе былі яны аб’яўлены нашым народам у сакавіку 1918 года. Фактар беларускай палітычнай гісторыі павінны браць абавязкова пад увагу ўсе цяперашнія палітыкі, хто ў выніку такіх, ці іншых сваіх рашэнняў бярэ на свае плечы змаганне з сённяшнім рэжымам на роднай зямлі. Таму заклікаю, каб яднанне вашых амбіцый і рознагалоссяў адбывалася менавіта пад тымі гістарычнымі структурамі, ідэямі і надзеямі, праз якія і дагэтуль баронім сваю дзяржаўнасць і нацыянальныя гонар і годнасць. Гісторыя многіх дзяржаў і народаў вучыць нас адназначна, што калі не будзе такога звароту і палітычнай пераемнасці, гэта будзе значыць, што не разумеем мы нашай духоўнай сілы, але і адначасна не ўсведамляем адказнасці за мінулае, якое з’яўляецца апірышчам для вечнасці.
Усведамленне адказнасці кажа нам, як ва ўмовах дыктатуры, маючай свой пачатак у далёкім 1994 годзе, замацаванай цягам гэтых усіх гадоў крывёй, смерцямі, катаваннямі, пацыфікацыяй палітычнай актыўнасці грамадства, абараніць незалежнасць і не дапусціць да фізічнага вынішчэння беларускага народа, уцягнутага зараз яшчэ ў ваенную махіну крамлёўскай палітыкі. Гэта выклікі для сапраўдных лідараў нацыі пасля паразы пратэсных беларускіх падзей жніўня 2020 года, цяперашняй агрэсіі Расеі на Украіну, мілітарнай і палітычнай акупацыі Беларусі з марыянетачным, дыктатарскім кіраваннем Аляксандра Лукашэнкі.
Адзін з інструментаў кожнага дыктатара і любых мілітарных ці ваенных дзеянняў гэта бязлітаснае скарыстоўванне мірнага насельніцтва ў сваіх палітычна-ваенных мэтах. Таму ад Першай сусветнай вайны колькасць цывільных ахвяр непамерна расце ў параўнанні да страт вайсковых падраздзяленняў. Няйначай дзеецца і зараз. Цывільныя ахвяры вайны гэта таксама заложнікі яшчэ аднаго спланаванага працэсу – выкліканне такой хвалі бежанства, якое ў сённяшнім свеце сваім маштабам разваліць гаспадарча-фінансавыя і культурныя структуры паасобных дзяржаў ці іхніх структурных утварэнняў. А выкліканне палітычнай хвалі міграцыі гэта безумоўна адзін са спосабаў на замацаванне сваёй улады і паслабленне надзеі людзей на перамогу над дыктатарам.
Мы зараз разумеем, што адзначаная намі 104-ая гадавіна Беларускай Народнай Рэспублікі дазваляе нам як ніколі рэальна глядзець і бачыць на свае вочы, што словы пра найвышэйшую цану незалежнасці, за якую прыходзіцца расплачвацца народам, гэта не толькі літаратурная пафаснасць, але ўскладзеныя людскія жыцці на алтары гісторыі і перад Богам.
Яўген Вапа, «Радыё Рацыя»