Яму было 44 гады.
Не стала беларускага журналіста, шматгадовага музычнага рэдактара і гукарэжысёра – Лукаша Сцепанюка. Ён быў звязаны з Беларускім Радыё Рацыя з самага пачатку яго заснавання.
Узгадвае старшыня ўправы Радыё Рацыя Яўген Вапа:
– Лукаш Сцепанюк – гэта тое пакаленне беларусаў Падляшша, якое, пачаўшы з ліцэйных гадоў, уключалася па чарзе – у беларускі маладзёвы рух, беларускі студэнцкі рух, а потым, у дарослым веку, сваё жыццё звязала з беларускай журналістыкай. Гэта чалавек з таго пакалення, якое несла пераемнасць адказнасці, уяўлення і развіцця. Ён таксама верыў у Беларусь.
Лукаш Сцепанюк ад пачатку, калі ўзнікла Беларускае Радыё Рацыя, быў звязаны з нашым радыё – быў яго журналістам, быў музычным рэдактарам, быў гукарэжысёрам. І ўсе гады, нягледзячы на цяжкія і лепшыя хвіліны гісторыі Беларускага Радыё Рацыя, ніколі ад яго не адракаўся, не пакінуў, выстойваў да канца.
Мы проста ўсе ў шоку. Словы спачування і болю для сям’і, для жонкі, для сына, для маці, для самы блізкіх і родных, для ўсіх знаёмых. Гэта неймаверна вялікая страта для нашай беларускай журналістыкі.
***
Лукаш Сцепанюк быў звязаны з „Беларускім Радыё Рацыя” з самага пачатку яго існавання. Быў аўтарам музычных перадач на хвалях нашага радыё – „Сусветны хіт”, „Шчаслівая трынаццатка”. Вядомы слухачам Радыё Рацыя, як Dj zona. Яму было 44 гады. У яго засталіся жонка і сын.
Выпускнік Агульнаадукацыйнага ліцэю з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Звязаны з дзейнасцю беларускага руху ў Польшчы. Быў старшынём Беларускага аб’яднання студэнтаў, суарганізатарам Фестываляў Музыкі маладой Беларусі „Басовішча”, намеснікам Фонду „Камунікат”, дзе сярод іншага займаўся відэа і гукаапрацоўкай.