У Лагішыне мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся з моцнымі словамі да беларускай моладзі.
Познім вечарам 12 жніўня ў Лагішыне адбылася святая Імша ў межах святкавання ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай. Сёлетні фэст праходзіць у 25-ю юбілейную гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся і абвяшчэння Яе Апякункай Пінскай дыяцэзіі, піша catholic.by.
На пачатку цэлебрацыі, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, пробашч лагішынскай парафіі ксёндз Тадэвуш Шэшка прывітаў пастыра Пінскай дыяцэзіі і прысутных біскупаў: мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, а таксама Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімадрыта Сяргея Гаека.
Словы прывітання святар скіраваў таксама да прысутных прэзбітэраў, сясцёр законных, пілігрымаў, усіх вернікаў і братоў праваслаўных. Звяртаючыся да біскупа Дзям’янкі, пробашч папрасіў яго ўзначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Станеўскі.
«Урачыстасць 25-годдзя каранацыі абраза — вяртанне да каранёў праз гісторыю, час і адлегласць.
Вяртаемся пад страху роднай хаты, дзе пахне духмяным хлебам, і чуем нанава малітву маці. Калыска жыцця і веры, падзяка продкам за веру непарушную», — сказаў напачатку арцыпастыр. У малітоўным звароце да Маці Божай Лагішынскай ён даручыў Яе матчынай апецы Святога Айца Францішка, біскупаў Антонія Дзям’янку і Казіміра Велікасельца, духавенства і вернікаў Пінскай дыяцэзіі.
Коратка ўзгадаўшы гісторыю Лагішынскага санктуарыя і стварэння Пінскай дыяцэзіі, а таксама перыяд пераследу веры, арцыбіскуп адзначыў, што ва ўсіх гістарычных акалічнасцях «нязменным быў Бог y сваёй любові да гэтага люду i трывалая апека Маці Божай Каралевы Палесся ў гэтым цудадзейным абразе». Пацвярджэннем гэтай праўды і выразам падзякі стала каранацыя абраза Маці Божай Лагішынскай 25 гадоў таму.
«„Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі», — такімі словамі дзякаваў у гэтым месцы 1 студзеня 1997 года кардынал Казімір Свёнтэк, Сведка веры, урачыста перадаючы лагішынскаму касцёлу адрэстаўраваны абраз Маці Божай Каралевы Палесся, які 10 мая таго ж года каранаваў папскімі каронамі.
Сёлета мінае 25 гадоў ад таго ўрачыстага моманту. Многіх сведкаў ужо няма з нaмi, не стала кардынала Казіміра Свёнтка, многіх нашых знаёмых, аднак мы верым, што сёння яны яднаюцца з намі праз таямніцу лучнасці святых», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, ён дадаў, што «мы сёння імкнемся дакрануцца да Божай Праўды і нашай гісторыі, таму ідзем да Маці, якая спавіла нам Божага Сына».
«Езус сёння сярод нас: дзякуем Яму за таямніцу Эўхарыстыі, за дар нашай з Ім супольнасці, дзякуем за бацькоў і родных, за малітоўную памяць нашых дзядуль і бабуль, дзякуем проста за родны дом, за гэтую атмасферу любові і згоды, разумення і ўзаемнай дапамогі»,
— зазначыў іерарх.
Пілігрымаў і ўсю моладзь арцыбіскуп Станеўскі заклікаў не губляць «ахвоты на добрую перамену ў вашым жыцці і жыцці Касцёла.
«Просім вac, паўтараючы за Маці Божай: «Зрабіце ўсё, што вам скажа мой сын, Езус Хрыстус». Зрабіце ўсё для таго, каб прага шчасця і супакою, дабрабыту не засталіся толькі марай», — заахвоціў іерарх.
«Дарагія маладыя сябры, за Папам Францішкам паўтараю сёння: Kaсцёл нa Беларусі верыць у вас, давярае і ўскладае надзею!
Не бойцеся быць мудрымі будаўнікамі свайго дома і шчасця, не бойцеся будаваць на скале, гэта значыць на Хрысце. Не бойцеся будаваць свой дом у Касцёле і з Касцёлам»,
— падбадзёрыў удзельнікаў святой Імшы арцыпастыр, заклікаўшы іх пасля вяртання дадому дзяліцца з іншымі атрыманай у Лагішыне Божай ласкай і духоўнымі сіламі.
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі назваў маладых вернікаў «будучыняй Пінскага касцёла і нашай Радзімы» і скіраваў да Бога малітву праз заступніцтва Маці Божай Лагішынскай:
«Няхай Прачыстая Дзева Марыя, Каралева Палесся, дапаможа нам так, як і нашым продкам у мінулай гісторыі нашай малой радзімы, вытрываць у веры, узброіцца надзеяй, дзяліцца братняй любоўю.
Божа, благаславі Беларусь! Марыя, Каралева Палесся, вазьмі нас пад сваю апеку».
Пасля Імшы адбылася малітоўная працэсія са свечкамі вакол санктуарыя, а потым праграму святкавання працягнуў канцэрт праслаўлення парафіяльных музычных гуртоў і пілігрымаў, а такасама ўсяночнае малітоўнае чуванне перад цудадзейным абразом Маці Божай Лагішынскай.