Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сяргей Навумчык: Пасьля зьнішчэньня рэжыму люстрацыя павінна быць максымальна жорсткай і татальнай

05.09.2022 политика
Сяргей Навумчык: Пасьля зьнішчэньня рэжыму люстрацыя павінна быць максымальна жорсткай і татальнай

Hа тэрыторыі Беларусі няма ніякай «дзяржаўнай улады».

Пра гэта піша ў Facebook журналіст, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Сяргей Навумчык:

- Наконт прысуду Фядуце, Кастусёву і іншымі за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Няма ніякай «змовы», бо на тэрыторыі Беларусі няма ніякай «дзяржаўнай улады». Тое, што сядзіць у прэзыдэнцкім крэсьле і называецца Лукашэнка, ёсьць што заўгодна, але ніяк не прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, ня маюць легітымнасьці прызначаныя ім судзьдзі, пракуроры, прэм’ер-міністар, міністры, хто там яшчэ. А, «дэпутатаў» «палаткі» і «савету рэспублікі» не забыць.

У прававым сэнсе, «захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» пачаўся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 зьбіцьцём узброенымі людзьмі дэпутатаў парламента ў залі парламента (што па факце было тэрарыстычным актам супраць дзяржаўных дзеячоў, пакараньне — да вышэйшай меры (расстрэлу), і завяршыўся ў лістападзе 1996, калі шляхам парушэньня законаў, фальсыфікацый і быў праведзены т.зв. рэфэрэндум, спыненая дзейнасьць Вярхоўнага Савета і ўведзеная ў дзеяньне фактычна новая і па-сутнасьці нелегітымная Канстытуцыя.

Падкрэсьліваю гэты вельмі важны момант: канстытуцыйная законнасьць у Беларусі ліквідаваная ня ў 2020-м, а ў выніку дзяржаўнага перавароту, пачатага са зьбіцьця дэпутатаў у час працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму. Тым самым, рэфэрэндум 1995 г страціў легітымную сілу - бо быў прызначаны незаконна. А менавіта гэты «рэфэрэндум» даваў прэзыдэнту права распускаць парламент — што і ажыцьцявіў Лукашэнка праз паўтары гады, у лістападзе 1996-га.

Красавік 1995- лістапад 1996 — вось пачатак і канец дзяржаўнага перавароту, усе іншае (і «рэфэрэндум» 2004 пра неабмежаваную колькасьць прэзыдэнцкіх кадэнцый, і рознага кшталту «выбары», і апошні «рэфэрэндум) — гэта ўжо, скажам гэтак, шліфоўка, карэкціроўка дзеяньня антыканстытуцыйнай машыны.

Некалькі слоў пра асуджаных так званым судом.

У мяне няпростыя адносіны з Аляксандрам Фядутам — я прызнаю за ім інтэлектуала, высокакваліфікаванага філолага, але ў шмат якіх палітычных ацэнках мы разыходзіліся з 1994 году і, думаю, разыходзімся цяпер. Але цяпер ён — палітычны вязень, пасаджаны за краты ўзурпатарам, і я шчыра жадаю яму як найхутчэйшага выхаду на свабоду (як і іншым ахвярам гэтага «працэсу»). Выйдзе на волю — будзем спрачацца далей.

Разумею рознае стаўленьне да партыі БНФ, якую ўзначальвае Рыгор Кастусёў, асабліва з боку вэтэранаў Народнага Фронту. Зрэшты, і ў партыі Кастусёва ёсьць тыя, хто быў у Народным Фронце з канца 80-х. Але хачу сказаць вось пра што. Мне прыгадваюцца ледзь ня сьлёзы старшыні КГБ генэрала Шыркоўскага і ягонага першага намесьніка (адначасна і дэпутата ВС) генэрала Лавіцкага ў 1991-м, што «чэкісты разам з народам аплакваюць ахвяраў рэпрэсій».

Памятаю, як і адзін, і другі пераконвалі мяне, што «ніколі болей». Казалі яны гэта і з трыбуны Вярхоўнага Савета, можна праверыць па стэнаграмам.

Калі б тады ім сказалі, што праз 30 гадоў кіраўніка партыі, у назове якой будзе «БНФ», КГБ пасадзіць на 10 гадоў, а аднаго з членаў кіроўнага органу гэтай партыі (Вітольда Ашурака) заб’юць у турме, і што сотні актывістаў партыі будуць кінутыя за краты — кіраўнікі КГБ не паверылі б.

Хаця... Магчыма, яны пра падобнае і марылі.

Мы, дэпутаты БНФ, не маглі ў 1991 зьліквідаваць КГБ, нас было ўсяго 30 на 300 дэпутатаў. А Пазьняка, які вымавіў слова «люстрацыя», многія гатовыя былі за гэта разарваць. Не вэтэранаў НКВД разарваць, якія дажывалі свае гады з добрымі пэнсіямі на Ленінскім праспэкце — а таго, хто прапанаваў люстрацыю. Пазьней, у 1994, Быкаў горка пажартуе — маўляў, народ нагэтулькі прафільтраваны агентамі КГБ, што Пазьняку варта было што ёсьць моцы хваліць гэбістаў — тады яго ў прэзыдэнцкае крэсла на руках бы занесьлі.

Паўтараю, гэта быў горкі жарт. Хаця вось цяпер я чытаю ў, здавалася б, разумных людзей, што ня трэба было быць «лютым антыкамукністам», бо значная частка насельніцтва ў Беларусі і пасьля 91-га была прасякнутая камуністычнай ідэяй, і «антыкамунізм адштурхнуў».

Людцы, вы ў сваім розуме? Гэта як бы ў 1946 раіць не асуджаць у Нямеччыне нацызм, бо вельмі шмат немцаў былі верныя нацыскай ідэалёгіі (што, дарэчы, праўда — ад жа 60-гадоў).

Дык я вам скажу, што і пасьля падзеньня Лукашэнкі пэўная частка насельніцтва застанецца ягонымі прыхільнікамі (і будуць кветачкі на магілу насіць, як зараз Сталіну ці да помнікаў Леніну) — і што, падладжвацца пад іх?

(А нічога так гучыць фраза: «Кветкі на магілу Лукашэнкі». Дакладней, апошнія два слова. Паўтараў бы і паўтараў).

Гэтак мы, таварышы сімпатызанты камуністаў, будзем увесь час хадзіць па коле (ужо, праўда, ня мы, а нашыя нашчадкі). Можа быць, хопіць real politic?

«Людзі супраць развалу СССР, і таму ня трэба заклікаць да Незалежнасьці» — гэта з 1989, «Людзі добра ставяцца да Расеі, і таму ня трэба казаць пра расейскі імпэрыялізм» — гэта з 1994-га. І з 2020-га.

Можа быць, зразумеем нарэшце, што лідэр павінен не падладжвацца пад «большасьць», а паказваць народу мэту, пэрспэктыву?

Цяпер, спадзяюся, зразумела, што пасьля зьнішчэньня рэжыму люстрацыя павінна быць не суровай — яна павінна быць максымальна жорсткай і татальнай.

У прамове Фядуты мяне ўразіла адна дэталь. У абвінавачаным заключэньні (ці ў пратаколе, ня памятаю, для таго, што я хачу сказаць, гэта ня важна) сьледчы КГБ, маёр (значыць, з дыплёмам аб вышэйшай адукацыі) тройчы ўзгадваў «Канстытуцыю, прынятай на рэфэрэндуме 1994 года», тады як ніякага рэфэрэндуму ў 1994 не было, Канстытуцыя была прынятая Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. І гэтую беліберду, за якую, сапраўды, другакурсьніку юрфаку ўляпілі б «незалік», двойчы візаваў намесьнік генэральнага пракурора. Выкіньце, маёр ГБ і намесьнік генпракурора свае дыплёмы пра вышэйшую юрыдычную адукацыю, вы іх не інакш як купілі ў падземным пераходзе ля Камароўкі.

... Адзін чалавек, як нядаўна прыехаў зь Беларусі, сказаў мне, што ідэальны варыянт для сілавікоў — гэта ў момант падзеньня рэжыму замяніць сабой палітвязьняў у турмах, хаця, магчыма, прыйдзецца набіцца ў камэры яшчэ шчыльней, чым цяпер сядзяць палітвязьні.

— Чаму? — запытаўся я.

— Бо ў турме яны будуць пад аховай. А не пасьпеюць — у людзей настроі такія, што гатовыя зь іх скуру жыўцом здымаць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]