Шчырыя словы дабраахвотніка палка Каліноўскага.
Тэлеграм-канал «Полк Каліноўскага» апублікаваў вытрымку з дзённіка аднаго з дабраахвотнікаў:
- На гэтай вайне ў мяне было шмат здзіўленняў. Вядома першае - гэта сам пачатак. Я маю на ўвазе сам факт нападу на незалежную, дэмакратычную і свабодную ва ўсіх сэнсах краіну. Напад такім варварскім спосабам. А чацвёртай раніцы. Бамбяць гарады і сталіцу, прарываюць межы… Паралель з нацысцкай Нямеччынай такая відавочная тады была для ўсіх, што нават не верылася ў першыя гадзіны, што ўсё, што адбываецца праўда.
Другім здзіўленнем, ці нават хутчэй абурэннем - была інфармацыя, якая паступала з вызваленых гарадоў і вёсак. Тое, што я бачыў на свае вочы, тое, што расказвалі пабрацімы, якія заходзілі ў іншыя месцы не ўкладвалася ў галаве.
Такая першабытная жорсткасць акупанта да мясцовых жыхароў, расстрэлы ў патыліцу, брацкія магілы, згвалтаванні, пакоі для катаванняў. Трэба сказаць з кожнай такой навіной – зброю ў руках трымаеш усё мацней і мацней. Відавочна становіцца, што прыняў правільнае рашэнне, калі пайшоў бараніць Украіну ад гэтай злачыннай навалы.
Здзіўленнем для мяне былі і самі баявыя дзеянні. Гэта для мяне першая вайна і яна вельмі адрозніваецца ад кіно і асабістых уяўленняў. Выбухае не так як я ўяўляў. Прылятае не так, як я ўяўляў. Паміраюць не так, як я ўяўляў. Страшней.
Але самым галоўным здзіўленнем для мяне былі людзі на гэтай вайне. Хлопцы, якіх я сустрэў. Усе тыя, хто змагаецца разам са мной бок аб бок. Ні адна спартовая, патрыятычная ці інтэлектуальная арганізацыя, не канцэнтруе ў сабе такаю колькасць розных, цікавых, рашучых і ўпэўненых людзей, як вайна. Тут зараджаецца сапраўднае, моцнае, праверанае ў баях сяброўства. Тут людзі адкрываюцца. Калі ты баязлівец - гэта стане зразумела. Калі герой - таксама стане ясна.
Таму самае галоўнае здзіўленне - гэта людзі.