Мы ўжо нават ведаем, якая.
Калі мы падсумоўваем вынікі года, то звычайна ўзгадваем кепскія і добрыя падзеі, а таксама людзей, якія сышлі ў нябыт. Мы таксама ўзгадваем тых, хто трапіў за краты і каго трымаюць у нечалавечых умовах. Яшчэ і на фоне жудаснай вайны, якая тым ці іншым чынам закранула кожнага беларуса. Мы страцілі сваіх найлепшых сыноў на франтах той вайны. І мы разумеем, што страты будуць яшчэ, бо гэта вайна.
Ці думалі мы, што спачатку будзем вымушаныя ратавацца ад пераследу на радзіме, а потым яшчэ і ад вайны? Вось мы і самі зрабіліся ўцекачамі ды спрабуем выжываць у чужых краінах. Дом, здаецца, зусім блізка, але на шляху да яго –шлагбаум.
Вайна агаляе ўсе праблемы. Тое, што раней здавалася нязначным, выходзіць на першы план, і наадварот. Мы пачынаем больш уважліва прыглядацца да людзей, якія нас атачаюць. Хто мог сабе ўявіць, што бібліятэкарка, якая атрымлівала маленькі заробак, будзе настолькі запатрабаваная ў кіеўскім метро падчас бамбаванняў? Не мабільныя тэлефоны з гульнямі, а вось гэтая ціхая сціплая жанчына з яе дзіўнымі гісторыямі стане па-сапраўднаму цікавая дзецям. Я так і запомніла гэтую сцэну: жанчына гадоў пад 60, заматаная ў цёплы шалік, і дзеці вакол яе з шырока расплюшчанымі вачыма. Яны ўважліва слухаюць, забыўшыся на нейкі час пра тое, што тата пайшоў ваяваць, што мама плача і баіцца за іх за ўсіх. Што пакуль мы ў гэтым метро, могуць разбамбіць хату, а тамака ж у кватэры цацкі, ну і ўсе рэчы, вядома. Там ложак і піжама…
Мы аказаліся ў зусім новай для нас сітуацыі. Рэч нават не ў тым, што ў нас беспрэцэдэнтная колькасць годных людзей сядзіць за кратамі. Рэч хутчэй у тым, што туды самымі першымі трапілі асноўныя лідары апазіцыі дзейнай улады. Людзі, якія былі шырока вядомыя ў дэмакратычным асяроддзі. Гэта і лідары грамадскіх арганізацыяў, гэта і лідары прафсаюзаў, гэта і вядомыя дзеячы культуры, гэта і лідары, якія б маглі ўзначаліць вулічныя пратэсты пад нацыянальнымі лозунгамі. Менавіта іх пасадзілі першымі. Пасадзілі яшчэ да масавых пратэстаў, баючыся, што выступы адбудуцца менавіта пад нацыянальнымі сцягамі. Але белыя стужачкі і тапці супраць таракана пратрымаліся нядоўга. Мы ўсе памятаем, як імгненна людское мора з бел-чырвона-белымі сцягамі разлілося ў гарадах і мястэчках. Але, нягледзячы на гэта, прэвентыўна арыштаваных лідараў апазіцыі будуць трымаць у турмах да апошняга. Магчыма, таму, што яны дакладна ведаюць, якой павінна быць краіна ў выпадку вызвалення. Гэтым людзям у свой час не далі зрабіць кар’еру, не далі магчымасці праявіць свае здольнасці ў поўнай меры ў той сферы, у якой яны павінны былі гэта зрабіць, калі б не вось гэтыя акалічнасці. Калі б не вось гэтая самая дыктатура і васальная залежнасць ад Расеі. Гэтыя людзі зрабілі свой свядомы выбар, і многія з іх пайшлі з жыцця, так і не ўбачыўшы вынікаў сваёй працы.
Мы ўпершыню сёлета пачулі гэты выраз – «старая апазіцыя». Цяжка ўкладаецца ў галаве, што 30-гадовых актывістаў ужо адносяць да старой апазіцыі. Можна жартаваць, што дыктатар столькі часу прабыў ва ўладзе, што ў яго за гэты час зʼявілася ажно дзве апазіцыі. Гэтыя тысячы невядомых раней людзей адкрываюць для сябе новыя і новыя паняцці. І ім гэта важна. Многія з іх не ведаюць лідараў партыяў у твар, і некаторых прадстаўнікоў «старой апазіцыі» гэта абурае. Але, калі ўзгадаць, што на дзяржаўным тэлебачанні было строга забаронена паказваць твары лідараў апазіцыі, і нават іх прозвішчы прапагандысты маглі называць выключна зборна, кшталту Лябедзькі-Вячоркі, каб чарговы раз паліваць брудам, то шмат што можна зразумець. Я, як журналістка, якая з 1997 года асвятляла ўсе без выключэння вулічныя акцыі, адразу адзначыла, што шмат якія «новыя» людзі мяне не ведаюць у твар. Але ж гэта натуральна, калі ўлічыць, што яны ніколі раней самі не ўдзельнічалі ў вулічных акцыях. І я супраць таго, каб іх у гэтым нехта папікаў. Усяму свой час. Добра, што гэты час наблізіўся пры нашым жыцці.
Можна казаць пра так званых «пераабутых» на хаду прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, але і тут трэба быць асцярожнымі. Я стаю ў адным шэрагу з тымі скептыкамі, якія не вераць у шчырасць учорашніх «пераабутых» вядоўцаў розных праграмаў, але канʼюнктуршчыкі былі заўсёды і, калі ўжо яны кінуліся ў лагер апазіцыі, то гэта кажа толькі пра тое, што той самы карабель, на палубе якога яны старанна танчылі, забаўляючы капітана і ягоную каманду, ідзе на дно. Яны знайшлі новы карабель ды жадаюць і тут мець выгоды. Яны могуць карыстацца разгубленасцю, проста элементарнай абыякавасцю да іхных персон і пад шумок умацоўвацца на новых месцах. Але і няхай. Цяпер і праўда не да іх.
Самае галоўнае, што 2022 год даў нам надзею. На фоне рэпрэсіяў і вайны гэта гучыць парадаксальна. Але ў нас зʼявілася магчымасць пабудаваць суперперадавую дзяржаву, пераняўшы самы перадавы досвед іншых дзяржаваў. Менавіта на эміграцыі ў розных краінах мы ўбачылі, што такое сапраўднае самакіраванне. Мы ўбачылі, што могуць быць школы ў сістэме народнай адукацыі, калі дзеці ідуць туды з задавальненнем і паказваюць цудоўныя вынікі, не робячы гадзінамі ўрокі да самага сну. Мы ўбачылі, што такое аздараўленчыя праграмы для насельніцтва. Не лядовыя палацы для аднаго хакеіста, а басейны і тэнісныя корты нават у маленькіх мястэчках. Мы ўбачылі, як працуе сістэма аховы здароўя і што нам трэба змяніць, а што пакінуць так, як было. Мы бачым, як працуюць людзі ў сферы сельскай гаспадаркі, і цяпер дакладна ведаем, як гэта павінна быць у нас. Можна пералічваць доўга. Так, удома ўсё дрэнна і ідзе вайна, але ў нас ёсць свая краіна, і мы ўсе разам хочам, каб яна стала дэмакратычнай. Мы павінны скарыстацца магчымасцю пераняць усё самае лепшае, каб потым ствараць гэта ў сябе дома. Справаў наперадзе шмат. Але гэта будуць прыемныя справы. Я ў гэта веру.
Любоў Лунёва, «Белсат»