Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Айцішнік тут можа зарабляць больш за дзевяць тысяч еўра»

31.01.2023 общество
«Айцішнік тут можа зарабляць больш за дзевяць тысяч еўра»

Беларуска распавяла пра розніцу ў працы ў Беларусі і Швейцарыі.

Айцішніца Вікторыя Вашчыленка раней працавала ў EPAM, а цяпер гадуе блізнят у Швейцарыі, куды яна з мужам пераехала тры гады таму. Не так даўно яна запусціла канал на YouTube «Добры курс» пра праграмаванне на беларускай мове. dev.by пагутарыў з ёй пра гэты праект і Швейцарыю.

«Калі чалавек, які толькі патрапіў у свет IT, пачне чытаць падручнік ад Oracle, ён толькі засмуціцца»

Вікторыя вучылася ў БНТУ на спецыяльнасці «Аўтаматызаваныя электрапрылады». То-бок яна мелася стаць інжынерам-электрыкам і нават нейкі час працавала па выпуску на беларускім заводзе. Але потым, як і шмат хто з беларусаў, вырашыла, што больш паспяховая кар’ера чакае яе ў ІТ.

— Я пайшла адразу на ручное тэсціраванне, потым навучылася праграмаваць і да дэкрэта працавала ў ЕПАМе як Software Test Automation Engineer, — расказвае Вікторыя. — Адзінае, што я вучыла на курсах, была англійская — я хадзіла на курсы для дарослых у БДУІР. Пачытала кніжку па тэсціраванні для пачаткоўцаў. Шмат патрэбных ведаў у мяне ўжо было — я ж была інжынерам. Па сутнасці, на маёй першай працы ў ІТ мне трэба было разбірацца ў камп’ютарах, крыху ў нэтворкінгу, і ўсё. Калі ўжо цябе ўзялі некуды як джуніяра, то можна было вучыцца далей на практыцы, развівацца, чытаць прафесійную літаратуру і быць упэўненым, што ў ІТ ты ўжо трапіў, а наперадзе даволі зразумелы шлях угору.

Java я вучыла самастойна. Да таго ж на адной з прац мне пашанцавала. У нас быў automation тэсціроўшчык, які пагадзіўся даваць мне заданні па праграмаванні. Гэта мне вельмі дапамагло пераадолець страхі і ўліцца ў сапраўдныя праекты&

Пазней Вікторыя бачыла, як яе знаёмыя праходзяць платныя курсы, каб «зайсці ў айці». І ў яе склалася ўражанне, што лектары адчытвалі лекцыі на вельмі высокім для пачаткоўцаў узроўні. То-бок людзі проста не разумелі, што ім кажуць, і звярталіся да Вікторыі па дапамогу ў найпрасцейшых тэмах накшталт ініцыяцыі пераменнай.

— Падаецца, мову праграмавання добра вучыць ітэратыўна. Спачатку прачытаць усё для «чайнікаў», потым трошачкі папрактыкавацца на простых заданнях, і толькі пасля гэтага пераходзіць на вышэйшы ўзровень. Бо калі чалавек, які толькі патрапіў у свет IT, пачне чытаць алразу падручнік ад Oracle, ён толькі засмуціцца і далей нікуды не пойдзе.

Таму прыкладна месяц як я пачала запісваць просценькія навучальныя відэа пра Java. Чаму на беларускай? Я два гады вяду па-беларуску інстаграм-старонку. Яна яшчэ невялічкая, але я ўжо ўспрымаю сябе беларускамоўнай блогеркай. І ў жыцці перайшла на беларускую з дзецьмі. Таму лагічна было і курс рабіць па-беларуску. 

Штуршком стала «Школа відэаблогера». Дзякуючы ёй з’явілася шмат беларускамоўных каналаў па розных тэмах. А вось менавіта каналаў пра праграмаванне я не знаю. Толькі «Цёмны лес» АйціБарады, і ўсё.

«Ведаю, што мой канал не будзе вялікім»

Вікторыя падкрэслівае, што пакуль яна не «такая прасунутая відэаблогерка» і на яе канале — толькі некалькі відэа. І таму пакуль для яе працуе толькі сарафаннае радыё.

— Беларуская суполка дужа маленькая, але людзі вельмі падтрымліваюць адно аднаго. Мой план — як мінімум завяршыць курс па Java. А далей планую зрабіць курс, які будзе пра automation тэсціравання, магчыма manual. У чужыя сферы я дакладна лезці не буду. 

Да таго ж я сябрую са шматлікімі добрымі беларускімі і англамоўнымі ІТ-спецыялістамі, шырока вядомымі ў вузкіх колах. Можна будзе зрабіць з імі міні-інтэрв’ю, напрыклад, з беларускімі субцітрамі. Першым думаю паклiкаць, напрыклад, знаёмых беларусаў, якія працуюць у Google у Цюрыху. Але гэта далёкія планы. Пакуль я вучуся, набіваю руку. 

На пытанне, адкуль Вікторыя бярэ беларускую камп’ютарную тэрміналогію, яна адказвае, што дапамагае беларускамоўны слоўнік Microsoft. Да таго ж яна адпраўляе свае сцэнары на вычытку рэдактарцы.

— Што тычыцца беларускай мовы — складана, што ў нас няма згоды паміж прыхільнікамі класічнага і афіцыйнага правапісу. Нават у адным правапісе спрэчкі: адныя кажуць «балкон», іншыя — «гаўбец». Мне таксама прылятала за слова «тэчка» ў відэа, за тое, што я ўзяла слова не са слоўніка Microsoft.

Але цяпер нашмат больш людзей цікавяцца беларускай мовай, ніж раней. Спадзяюся, мой канал будзе не адзіны — што іншыя на яго паглядзяць, натхняцца і працягнуць гэтую справу. Бо я магу ахапіць толькі вельмі маленькі адсотак тэм.

Ведаю, што мой канал не будзе вялікім. Тут трэба, каб адбылося бінга — каб чалавек і цікавіўся беларускай мовай, і хацеў увайсці ў айці. І ведаеце, мне пісалі мае падпісчыкі, дзякавалі, а потым дадавалі: «Я ўжо сталы праграміст Java/Python, проста залез паглядзець тэрміналогію на беларускай». І толькі 1-2 напісалі: «О, буду вучыцца на тваіх відэа».

«Лепш за ўсё стаць топавым спецыялістам у сваёй галіне і потым пераехаць»

Вікторыя папераджае, што можа параўнаць ІТ у Швейцарыі і у Беларусі толькі трохгадовай даўніны (бо тры гады таму яна з’ехала).

— Тады быў запыт на новых людзей, а з’яўленне цікавых прапаноў было справай тыдня. Цяпер жа я праглядаю вакансіі ў Швейцарыі, і швейцарскі рынак падаецца мне не такім ужо жвавым. Толькі раз на 1-4 тыдні бачу вакансію, якая мне пасуе.

У Швейцарыі ёсць офісы сусветна вядомых кампаній, такіх як Google, Facebook, шмат крыптакампаній. Сюды імкнуцца ехаць самыя топавыя праграмісты Еўропы. У тым жа Цюрыху — вельмі шмат нешвейцарцаў. Бо гэта вельмі спакойная, прыгожая, бяспечная краіна з добрымі заробкамі.

Цяпер сярэдні заробак па краіне — каля 6 тысяч франкаў (каля $6,5  — прым.dev.by). Але тут і траты значна большыя за любую іншую краіну: і кватэра, і ежа, і страхоўкі (напрыклад, сярэдняя месячная арэндная плата ў Цюрыху — 2-2,6 тысячы швейцарскіх франкаў / $2,1-2,8 тысячы — прым.dev.by). Гэта не тое, што атрымаў 6 тысяч і ездзіш на залатым «мерсэдэсе».

У айцішнікаў заробкі вышэйшыя за сярэднія, таму можа выходзіць і 9 тысяч франкаў, і нават вышэй (у Цюрыху медыяна за 2022 год складае $178 тысяч згодна з парталам levels.fyi — прым.dev.by).

Асабіста ў нас велічэзны пункт расходаў — дзіцячы садок: 2 тысячы франкаў за два дні на тыдзень (ад наступнага года садок будзе бясплатны). Калі б дзеці хадзілі туды на поўны тыдзень, гэта быў бы паўнавартасны заробак дарослага чалавека. Прычым гэта звычайны садок для звычайных людзей.

Што мяне тут дратуе? Кошты, вядома. А радуе адчуванне бяспекі, добрая медыцына і якасныя прадукты. Дарэчы, сумую за беларускімі цырульнямі. Тут складаней знайсці свайго майстра.

— Ці цяжка тут уладкавацца іншаземцу?

— Усе мясцовыя кампаніі не гатовыя разглядаць чалавека без дазволу на працу. А каб яго атрымаць, трэба даказаць, што ў краіне няма швейцарца, гатовага выканаць гэтую працу. Да таго ж колькасць дазволаў лімітаваная (квота для высокакваліфікаваных працаўнікоў з трэціх краін у 2023 годзе вызначаная на ўзроўні 8500 чалавек — прым.dev.by).

Вядома, гэта мае сэнс. Усе хочуць у Швейцарыю, і таму мясцовыя мусяць неяк абараняць унутраныя рынкі працы.

Што тычыцца вялікіх карпарацый, то ў іх даволі вялікія ліміты, магчыма, нават неабмежаваныя. Бо ў іх ёсць дамоўленасці з дзяржавай. І калі вы спецыяліст высокага ўзроўню, то можаце не хвалявацца наконт дазволу —  вам проста трэба прайсці сумоўе. 

А вось калі нехта хоча трапіць у лакальны стартап, яму, хутчэй за ўсё, не будуць рабіць візу. Бо гэта надта складана. Лепш за ўсё стаць топавым спецыялістам у сваёй галіне і потым пераехаць.

— Ці ёсць розніца ў працы ў Беларусі і Швейцарыі?

— Нават у самой Беларусі вялікая розніца ў працы ў розных установах. У Швейцарыі таксама ёсць розніца, ці гэта амерыканскі стартап, ці швейцарская фірма. У мяне склалася ўражанне, што самі швейцарцы сур’ёзна і адказна ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў, а ў швейцарскіх фірмах менш распаўсюджаны гнуткі графік і праца з дому. Але гэта напраўду суб’ектыўна.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]