Самым нялюбым словам для Леаніда было «памяркоўны».
У цесны пакойчык выдавецтва «Беларускі кнігазбор» зайшоў дзіўны аўтар – у шортах і шлёпанцах, але з масіўным залатым ланцугом на шыі. Ён прынёс цэлы абярэмак пульхных тэчак і з відавочнай палёгкай згрувасціў іх на стале перада мною: «З гэтым трэба нешта рабіць». Тыя тэчкі павінны былі ператварыцца ў кнігу пра вядомага ў 1920-я гады паэта Валерыя Маракова. Чалавек у шлёпанцах назваўся яго пляменнікам Леанідам Мараковым.
На маё законнае пярэчанне, што кніга пра дзядзьку – гэта пахвальна, але змесціва тэчак перад здачай у выдавецтва не шкодзіла б, прынамсі, пасартаваць, Леанід кінуў ужо з парога: «Ты рэдактар, ты і сартуй». І дадаў, што ў яго праз некалькі гадзінаў авіярэйс на Дубай.
Калі кніга «Валеры Маракоў: лёс, хроніка, кантэкст» праз год усё ж выйшла, я зразумеў, што гэта толькі пачатак. Леанід проста фантанаваў нечаканымі ідэямі, агаломшваў архіўнымі знаходкамі, пошукавая праца зацягвала яго, як галавакружны вір. Ён усё радзей лётаў па справах у Дубай і ўсё часцей наведваўся ў архівы і бібліятэкі. Дзесьці на мяжы стагоддзяў прадпрымальнік у ім дарэшты сканаў, а нарадзіўся апантаны даследчык.
Леаніда цікавіла ўсё, звязанае з рэпрэсіямі і тэрорам. Колькі выслана, колькі і дзе расстраляна, хто ў якой турме сядзеў, хто каго дапытваў, хто пісаў даносы. Пры сустрэчы ён сыпаў прозвішчамі і лічбамі, як з бяздоннага мяха. І было зразумела, што ён не супакоіцца, пакуль мегабайты сабранай інфармацыі спарадкавана не ўлягуцца пад вокладкамі энцыклапедычных даведнікаў.
І даведнікі (шматтомныя і шматстаронкавыя) пачалі выходзіць – адзін за адным: «Вынішчэнне: рэпрэсаваныя беларускія літаратары» (2000), «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы» (2003–2007), «Рэпрэсаваныя праваслаўныя царкоўнаслужыцелі» (2007), «Рэпрэсаваныя каталіцкія дзеячы» (2009), «Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі» (2010)...
У Беларусі ніколі не было інстытута нацыянальнай памяці (як, прыкладам, Яд ва-Шэм у Ізраілі). І вось Леанід Маракоў – адзін! – стаў такім інстытутам. Ён сам здабываў інфармацыю, сам апрацоўваў тысячы персаналій, сам набіраў, сам рупіўся пра выданне. Адзін з даведнікаў ён надпісаў мне на пацешнай трасянцы, маўляў, выпускніку Радыётэхнічнага інстытута гэта даравальна: «Я адзін у полі воін, / значыць, Нобеля дастоін».
Замест Нобелеўскай Леанід атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча – ад беларускага ПЭН-Цэнтра. Але ніякія прэміі ўжо не маглі кампенсаваць выдаткаў на выданне ягоных даведнікаў. І Леанід стаў выпускаць іх уласным коштам. Спачатку знік з яго шыі залаты ланцуг, потым – мікрааўтобус «Таёта», на якім ён, вечна спяшаючыся, аб’язджаў архівы-рэдакцыі.
Маракоў падлічыў, што «з 540–570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920–1930-я гады, бальшавікі рэпрэсавалі не менш за 440–460 (80%). А калі лічыць аўтараў, змушаных пакінуць Бацькаўшчыну, то пад рэпрэсіі падпалі не менш за 500 чалавек (90%), што складала чвэрць ад усіх рэпрэсаваных у СССР пісьменнікаў».
Даследчык настойваў, што гэта было мэтанакіраванае знішчэнне захопніцкім рэжымам беларускай эліты. Усё раскладваў па палічках – каго арыштавалі першым (Алеся Бурбіса – яшчэ ў 1917-м), каго першым расстралялі (Уладзіміра Стукаліча ў 1918-м), хто першым і апошнім загінуў на высылцы (Уладзімір Жылка ў 1933-м і Барыс Мікуліч у 1954-м), каго апошнім расстралялі ў мінскай «амерыканцы» (Янку Філістовіча ў 1953-м).
Пра мэтаскіраванасць, на думку даследчыка, сведчыла і тое, каго колькі разоў арыштоўвалі: Мікалая Улашчыка, Ігната Дварчаніна, Максіма і Гаўрылу Гарэцкіх – па 4 разы, Антона Луцкевіча, Канстанціна Езавітава, Вінцэнта Гадлеўскага і Сяргея Новіка-Пяюна – па 5 разоў, Анатоля Бонч-Асмалоўскага – 6 разоў, Язэпа Мамоньку – ажно 7 разоў. Як астатні аргумент называліся 5 хваляў арыштаў, што знішчальнымі цунамі пракаціліся па Беларусі ў 1930, 1933, 1936–1937, 1939 і 1944–1949 гадах. Падлікі Маракова ўражвалі і пераконвалі, кагосьці – гнявілі.
Ён неаднойчы прызнаваўся, што яму пагражалі фізічнай расправай, калі не спыніць свае архіўныя вышукі. Леанід не спыніў. А ў кнізе «Толькі адна ноч» (2006) апублікаваў не толькі поўны спіс 103-х расстраляных з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, але і прозвішчы афіцэраў дзяржбяспекі, якія займаліся катаваннямі ў мінскай турме НКВД. І сёння мы ведаем, хто давёў да вар’яцтва Цішку Гартнага, збіваў да страты прытомнасці Браніслава Тарашкевіча, рабіў «стойку на канвееры» Міхасю Зарэцкаму…
Леаніда Маракова ажно калаціла, калі ён загаворваў пра тых катаў. Але калаціла не ад страху – ад абурэння, што ахвяры ляжаць у безыменных магілах у неабсяжнай тундры, а іх забойцы ходзяць у персанальных пенсіянерах і папісваюць мемуары.
Самым нялюбым словам для Леаніда было «памяркоўны». Ён даводзіў, што памяркоўнасць беларусам накідаюць, каб потым лягчэй з імі расправіцца. І – дэманстратыўна называў свае кнігі «Непамяркоўныя», «Непамяркоўныя-2».
За пятнаццаць гадоў актыўнай працы даследчык паспеў выдаць 30 тамоў, большасць з якіх – біяграфічныя даведнікі. Там – больш за 20 000 жыццяпісаў, прапушчаных праз сэрца. І кампутары не вытрымліваюць звышнагрузак, што ўжо казаць пра чалавека. Леаніда Маракова падкасіў інсульт, пасля якога ён ужо не ачуняў.
15 красавіка самаму працавітаму энцыклапедысту сучаснасці споўнілася б 65 гадоў…
Міхась Скобла, «Фэйсбук»