Беларуска — пра сустрэчу з Алесем Пушкіным.
Барысаўчанка расказала EX-PRESS.LIVE пра сустрэчу з беларускім мастаком Алесем Пушкіным. Анастасія напісала ў рэдакцыю ліст з успамінамі пра Алеся, які (пакінуў гэты свет 11 ліпеня /news/537621/).
«Я трапіла ў іншую рэальнасць. Алесь быў да вар'яцтва просты і шчыры»
— Я бачыла ўжывую Алеся аднойчы, але мне хапіла і гэтага, каб зразумець наколькі моцная асоба перада мной. Я трапіла ў іншую рэальнасць. Алесь быў да вар'яцтва просты і шчыры. У добрым сэнсе. Заўсёды размаўляў на беларускай мове.
Дзяўчына пазнаёмілася з ім 4 гады таму, калі прыехала на святкаванне Купалля ў Бобр.
— Гэта былі неверагодныя два дні спакою, радасці і асалоды ад дотыку да народных традыцый, культуры і прыроды. Разам з сябрамі мы жылі ў намёце на беразе ракі. Тамака жа і купаліся. Нас гасцінна сустрэлі Алесь і Яніна, гаспадар і гаспадыня дома. Я не ведала яго дагэтуль, але ён сустрэў нас цёплымі абдымкамі і запрасіў пакаштаваць хатні бярозавы сок. Мне спадабалася, такі сок я люблю. Нас накармілі смачнымі блінамі і бутэрбродамі. Як зараз памятаю, якія яны былі смачныя. Ужо не ўзгадаю, што там было ў складзе, але ўспамін задавальнення застаўся. мы сядзелі на ўтульнай кухні. Мне было камфортна і добра, як дома.
Я захаплялася ўсім у гэтай вёсачцы: домам, людзьмі, карцінамі, кнігамі, нават прыбіральняй, якая была на вуліцы, але незвычайна прыгожая, цікавая. Побач з домам была лазня. І мы паспрабавалі яе моц. Ва ўсім адчувалася душа творчага чалавека і энергія клапатлівай гаспадыні.
«Вялікімі факеламі тры моцныя хлопцы запалілі вогнішча, сярод іх быў Алесь і яго сын Мікола»
— Мы рыхтаваліся да свята: хлопцы рабілі вянкі з бярозавых галінак, а дзяўчаты— з кветачак. Cуседзі, госці з розных куткоў краіны і нават іншых краін прыехалі сустрэць гэтае свята да Алеся ў Бобр. Каля 100 чалавек наведалі тады свята ў вёсцы. Людзі віталіся на вуліцах, усе ведалі, што будзе Купалле, будзе вялікае свята.
Купалле прайшло па ўсіх фальклорных традыцыях. Вялікімі факеламі тры моцныя хлопцы запалілі вогнішча, сярод іх быў Алесь і яго сын Мікола. Былі традыцыйныя забавы, мы спальвалі кола, вадзілі карагоды, пакуль яно не ўпала, спявалі вельмі шмат песень, танчылі, а бліжэй да ночы пачалі скакаць праз вогнішча. Пускалі вянкі па рацэ.
Свята доўжылася ўсю ноч, спаць не хацелася. Раніцай мы выкупаліся ў расе і рацэ.
Увесь гэты час Алесь быў радасным і шчаслівым, ён шчыра ўсміхаўся, быў простым, жартаваў, расказваў розныя гісторыі, вядома, зараз ужо не ўспомню нічога. Яго блізкія былі побач. Я шчаслівая, што ў маім жыцці здарылася гэтая гісторыя.
— У мяне засталіся цёплыя ўспаміны аб мастаку і актывісту, аб простым беларусе, аб шчырым беларусе, які любіў Беларусь усім сэрцам, любіў гісторыю, па-свойму змагаўся з сістэмай, у яго гэта атрымлівалася рабіць яскрава і эфектна. Дзякуй за тыя 2 летнія дні.
Цяпер ён у лепшым свеце, як сказаў мой сябар, яму цяжка нешта казаць пра Алеся. Я знайшла сілы і напісала гэты тэкст.
Вечная памяць.