Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гараць уначы два сонцы над Драздамі

11.06.2009 политика
Гараць уначы два сонцы над Драздамі

Таямнічыя падзеі адбываюцца ў Мінску. Не паспелі месцічы ачомацца ад дзіўнай з’явы ў стратэгічным нашым небе, як паспяшалася на свет яшчэ адна навіна – сышоў у адстаўку палкоўнік.

Дробязь, вядома. Калі б не прозвішча новаспечанага адстаўніка – Паўлічэнка. Той самы, адыёзны. “Отряд не заметил потери бойца?” А дарэмна. Гэткія выпадковасці знянацку не здараюцца. Тут нешта ёсць.

Ва ўсякім разе, два сонцы на зыходзе дня грамадзяне бачылі выяўна. Несупадзенне сведчанняў толькі ў адным – дзе яны ўзніклі. Хтосьці кажа, што над праспектам новых пераможцаў. А некаторыя бачылі ўсё тое непасрэдна над Драздамі. Апошняя версія падаецца больш пераканаўчай. Яшчэ не надта шмат часу прайшло, каб забыць колішні сенсацыйны выступ перад стомленымі спякотай калгаснікамі: “Я дал вам дождь!” А ў гэткім выпадку, дзе ж яшчэ з’яўляцца нябесным знакам, калі не там, над амаль што сакральным дахам. Аднак няма пакуль пераканаўчай высновы наконт таго, як патлумачыць дзіўны знак. Наўрад ці неба спяшалася зафіксаваць наяўнасць у краіне не толькі асноўнага светача, але і ягонага магчымага нашчадка. А калі не гэта, тады што?..

Амаль усё ў дзяржаве сёння – таямніца. А тым болей, страшэнная эпідэмія нечаканай стомы ў найбліжэйшым кіраўнічым атачэнні. Толькі што краіна аплакала раптоўны канец кар’еры таварыша Навумава. І амаль услед - яшчэ і Паўлічэнка. Хто ж не ведаў тут нястомнага рупліўцу рэжымнага правапарадку! Героя вулічных баталій. Як ён падчас пратэстных акцый бегаў уздоўж сваіх шыхтоў, зазіраючы ці не кожнаму з шэрагоўцаў у вочы. Надзейны? У адказны момант не пахіснецца? Вораг жа вунь на ходніках стаіць. Не абы які – хлопцы з ненавіснымі гаспадару сцягамі. Дзяўчаткі з крамольнымі стужкамі. Дзеці на руках бацькоў.

Абвешаны шчодра ўзнагародамі, ён здольны быў на ўсё. Яшчэ ў сакавіку збіраўся скарыць найвышэйшую вяршыню на тэрыторыі, якую кантралюе палымяны Уга Чавес. Пік Балівара. Вышынёй ажно 5007 метраў. Разам з венесуэльскімі спецбратамі па адмысловай зброі. Але раптам самага перспектыўнага альпініста злаўмыснік нейкі выкрэсліў са спісаў. Давялося падаваць асабістую заяву аб неадкладным і бестэрміновым адпачынку. Роднае міністэрства паспяшалася засведчыць: такая вось хвароба. У адпаведнасці з законам Лавуазье. Калі хтосьці нечакана слабее, то зацікаўлены ў тым мацнее значна. А таму рэжым, не міргнуўшы вокам, развітаўся са сваімі адданымі спартоўцамі. Прызначаныя вяршыні бедалагі не ўзялі. Недавыслужыліся.

Гэты крок на Захадзе вядома ж заўважаць. І ацэняць. Бачыце, не ўсё так кепска, як цвердзяць тое скептыкі. Ёсць і на беларускім накірунку зрухі. Лібералізацыя жорсткага рэжыму – не фантастыка. Ахвяравалі ж адыёзнымі асобамі. Хто цяпер наважыцца сцвярджаць, што стратэгія пакрокавай дэмакратызацыі не самы лепшы шлях для Беларусі? Паціху. Патроху. Сцяжынкай слімака. Глядзіш, а ўжо амаль што дэмакратыя. Усяго праз нейкае стагоддзе. А куды спяшацца?

Па-сапраўднаму спяшаецца тут сёння хіба што адзін чалавек. Дэкрэтамі, указамі і ўсімі магчымымі сродкамі мацуе сваю ўладу. Каб выстаяць у цяжкі момант крызісу. Не краіне – яму асабіста. У гэтай справе карысныя ўсе сродкі. Пагнаць у каршэнь самага адданага. Схлусіць заходняму суседу. Абвесці вакол пальца ўсходняга. Ды што заўгодна. Абы выжыць. І вось выцягнута ўжо з нафталіну старая сталінская дэфініцыя часоў вайны – “беларускі балкон”. Ідзе непрыхаваны гандаль: купіце нас, купіце! Вы ж, спадарове з Еўразвязу, пагадзіўшыся ўтрымліваць рэжым, будзеце мець такі плцдарм. А вы, крамлёўскія таварышы, таксама не прамарудзьце. З гэтага стратэгічнага балкону – Берлін як на далоні.

Толькі што абяцаў Маскве сцяной устаць насустрач нейкім заходнім танкам. А ўжо ідзе сапраўдная вайна на Усходзе – малочная пакуль. З Брусэлем ледзь не ў абдымках, але ахвотна пагаджаецца на ўвод у краіну ў верасні расійскіх войскаў. Нібыта на манеўры. Фокусы на ўзроўні вандроўнага цырку. Аднак і ў гэткага кіравання знаходзяцца аматары. І шмат хто паўтарае ў захапленні: які палітык!

Але якая тут палітыка? Звычайны інстынкт самавыжывання. Вядомы добра ўсім, хто не на сваім месцы. А хочацца ж застацца. І ператварыць паціху ўладу ў сямейны занятак. Як у таго таварыша з братняй нам Паўночнай Карэі. Каб “всерьез и надолго”. А лепей – назаўсёды. На радасць удзячнаму народу.

Ніякія адстаўкі, а тым болей знакі нябёсаў, у гэтай краіне ні пра што не сведчаць. Нават калі ўсё атачэнне сыдзе ў запас. І хоць тры сонцы і цэлы тузін месяцаў успыхнуць над Драздамі. Усё застанецца па-ранейшаму. І рэжым будзе ўсё тым жа. Злосным. Жорсткім. І неўтаймаваным. З гэтай безнадзейнасці ёсць толькі адно выйсце. Добра і даўно вядомае ўсім – змена дзеючай улады. І дамагчыся істотных пераменаў, як сведчыць досвед шмат якіх суседзяў, не так ужо і цяжка. Варта толькі ўспомніць, што права на тое мае ўсяго адзін суб’ект – народ.

Але сабрацца разам і выправіць электаральную памылку пакуль не выпадае. Шмат хто па-ранейшаму захоплены ідэяй так ці інакш прыстасавацца. Знайсці сваю нішу і ў гэтым рэжыме. А калі пашанцуе, дык і рыбку злавіць у мутнай вадзе. І нічога, што навокал балота. І вуды закінутыя ў нейкую калюжыну. Тым, хто доўга сядзіць ў нерухомасці, пачынае здавацца, што недзе ў глыбіні ходзяць цені вялікіх рыбін. І вось-вось уздрыгне паплавец.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]