Прэс-канферэнцыі ў прэзідэнта хоць і доўгія, але праходзяць рэдка. Ды пускаюць туды толькі журналістаў -- таму дэбаты з палітычнаю апазіцыяй заўжды завочныя. Шэсць беларусак вырашылі задаць Аляксандру Лукашэнку нязручныя пытанні з дапамогаю навагодняга падарунка -- календара. КАЦЯ, УДЗЕЛЬНІЦА ПРАЕКТУ: "Гэтым календаром мы хочам задаць Аляксандру Лукашэнку пытанні, якія нас цікавяць, і хочам атрымаць на іх адказы". Побач з фатаграфіямі дзяўчат -- пытанні рубам. Пра тое, што хвалюе цяпер Беларусь: смяротнае пакаранне, ціск на апазіцыю ды абяцаны заробак на 500 долараў. НАСТА, УДЗЕЛЬНІЦА ПРАЕКТУ: "Канкрэтна я задаю пытанне: калі ў нас свабода сходаў і свабода слова будуць выконвацца паводле Канстытуцыі, а не паводле Крымінальнага кодэксу?" Ідэя календара з нязручнымі пытаннямі паўстала ў Расеі, як адказ студэнтак журфаку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту на каляндар-усхваленне Пуціна, які для прэм'ера зрабілі на дзень народзінаў ягоныя прыхільніцы. Блогер Яўген Ліпковіч, які за палітычныя перформансы нават трапляў пад суд, стварэнне календара для Лукашэнкі адназначна ўхваляе. ЯЎГЕН ЛІПКОВІЧ, БЛОГЕР: "Палітыка любіць крэатыў. Думаю, тое, што мы пабачылі ў Маскве, цяпер падштурхне нас да новых лозунгаў. У нас яны былі, мы іх проста не бачылі". Дзяўчат, якія сёння адправілі персанальны каляндар у Адміністрацыю прэзідэнта, на ўдзел у праекце натхнілі ўкраінкі з "Фемен", якія не пабаяліся раздзецца пад сценамі КДБ. Пазней за дзёрзкую акцыю "феменак" вывезлі ў лес і збілі <b>...</b>